Пісьменнік Васіль Жуковіч сустрэўся з вучнямі школы ў Копішчы
Таццяна Усовіч, маладзенькая бібліятэкар, сустрэла мяне ў бібліятэцы сярэдняй школы №1 вёскі Копішча ветліва, але ўвагі надала няшмат – ёй трэба было рыхтаваць залу да сустрэчы школьнікаў з пісьменнікам Васілём Жуковічам, ды і чытачы раз-пораз падбягалі за той ці іншай кнігай.
– Мне заўсёды хацелася стаць або педагогам, або бібліятэкарам. Абрала бібліятэку: вельмі падабаецца тут з дзецьмі працаваць, яны ўвесь час у пошуках чагосьці канкрэтнага. Вось на стэндзе для прыцягнення ўвагі мы спецыяльна выставілі вельмі яркія, прыгожыя кнігі. У нас выдатная чытальная зала, таму часта праходзяць такія сустрэчы. Мы ладзім юбілеі беларускіх пісьменнікаў, праводзім віктарыны, літаратурныя чытанні…
Нягледзячы на вучэбны час, у бібліятэцы з’яўляліся вучні – з двума мне ўдалося пагаварыць.
Мілана Брэева, другакласніца, умее чытаць з пяці гадоў, і вельмі любіць забягаць у школьную бібліятэку за новай кнігай. А вось трэцякласнік Рома Дробыш фатаграфаваў на тэлефон слоўнікавыя словы – такім чынам злучаў сучасныя тэхналогіі і папяровыя носьбіты мудрасці…
Святлана Янковіч, намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце, літаральна на бягу распавяла мне, што ў “школе будучыні” сустрэчы праходзяць вельмі часта, і не толькі вучняў з пісьменнікамі.
– У нас вельмі цесна наладжана ўзаемадзеянне вучань-настаўнік-бацькі, і мы ўлічваем пажаданні ўсіх! Ёсць цэлы шэраг выкладчыкаў і навукоўцаў, з якімі хочацца сустрэцца. У нас нядаўна была Ганна Жыдко, якая праводзіла майстар-клас для маладых педагогаў, якіх у насвельмі шмат. Вось нядаўна быў майстар-клас вядомага тэлевядучага Яўгена Булкі – ён вучыў, як захаваць галасавыя звязкі, і розным іншым прыёмам, якія мы ўжо выкарыстоўваем у нашай працы.
І вось настаў урачысты момант: увайшоў пісьменнік Васіль Жуковіч. Яму 82 гады, і здавалася б: узрост больш, чым салідны, але ён, паводле яго слоў, на месцы не сядзіць ні дня, увесь час у пошуку новых сюжэтаў, і вельмі любіць сустрэчы з чытачамі.
– Да дзяцей я іду, як на свята! Гэтая школа наогул – мара, я нават уявіць не мог, што такія школы бываюць. Шкада толькі, што мала тут беларускай мовы. Мая жонка – настаўнік пачатковых класаў, яна калісьці вучыла на беларускай мове, і тыя вучні дагэтуль прыходзяць да яе, памятаюць. І я свайго першага настаўніка памятаю, нават у адным з сваіх твораў аб ім напісаў.
Васіль Жуковіч піша кнігі для дзяцей і дарослых. Таксама не абыходзіць бокам газеты і часопісы – пасылае матэрыялы і туды.
Васіль Жуковіч чытаў дзецям не толькі вершы, якія апублікаваны у многіх навучальных хрэстаматыях, але і новыя. Слухалі яго ўважліва…
Жывы класік, дарэчы, пажадаў сваім юным чытачам у канцы сустрэчы, каб яны і ўвечары былі такімі ж вясёлымі і свежымі, як цяпер, у пачатку дня. А для гэтага трэба добра вучыцца, добра есці, займацца спортам і – больш чытаць!
Тэкст: Тамара ВЯЦКАЯ
Фота: Тамара ВЯЦКАЯ