Меню

Праца незвычайная — па дрэвах лазіць. Пазнаёміліся з бортнікам Іванам Осіпавым

У 2020 годзе беларускае бортніцтва было ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай  спадчыны ЮНЭСКА. Гэтаму папярэднічала вялікая праца экспертаў, даследчыкаў і простых аматараў.

Адным з ім стаў Іван Восіпаў, які, з аднаго боку, ужо шмат год пераймае гэтую справу ад бортнікаў, а з другога – даследуе культуру Усходняга Палесся, у якой дадзены промысел адыгрывае важную ролю.

– Іван, каля чатырох год працы пайшло на тое, каб бортніцтва было занесена спачатку ў нацыянальны, а потым і ў міжнародны прэстыжны спіс. Навошта? Ці дае гэта нейкія бонусы?

– Калі казаць пра матэрыяльныя выгоды, дык не. Але гэты вынік сведчыць пра тое, што супольнасць экспертаў, навукоўцаў у галіне традыцыйнай культуры, супрацоўнікаў мясцовых адміністрацый, але перш за ўсё самі бортнікі зрабілі вялікую справу  для ўсёй краіны і  для кожнага чалавека паасобку. Таму што яшчэ адзін элемент нашай традыцыйнай культуры стаў даступны для людзей.

Бортнік і яго скарб

– А як вы  самі пачалі гэтым займацца? Наколькі ведаю, бортніцтва перадаецца з пакалення ў пакаленне, а вы не з’яўляецеся прадстаўніком бортніцкай дынастыі…

– Усё пачалося з любові да малой радзімы – вёскі Абакумы ў Лоеўскім раёне на Гомельшчыне, дзе я вырас. З маленства я дапамагаў бабулі з дзядулем па гаспадарцы  і  ведаў, што пчолы жывуць у лесе, у дуплах, бо пастаянна назіраў іх, калі нарыхтоўвалі сена. У 12 год  я зразумеў, што вясковая культура адыходзіць у нябыт, усё, што я назіраю, патрэбна нейкім чынам зберагчы. Асабліва востра гэта адчуў, калі, вандруючы, трапіў у Новую Вёску, недалёка ад Абакумаў.  Заходзіў у хаты, якія нават былі не зачынены, і бачыў на стале ці ў печы чыгункі,  на сценах фотакарткі, быццам нехта выйшаў і хутка вернецца. Прайшоў так 16 хат, гукаў людзей. Але сустрэў толькі аднаго старога.  Усе астатнія хаты былі пустыя. Тады я зразумеў, што варта вусныя веды запісваць, каб не згубіліся разам з людзьмі. Стаў у вёсках запісваць усе, што чуў, на паперу, на дыктафон, здымаць відэа, паралельна шмат чытаў.  Карацей, збіраў фальклор і ўсё, што было звязана з малой радзімай. І вось неяк выпадкова мне трапілася цудоўная кніжка Гуркова і Цярохіна “Занятие издревле благородное”, прысвечаная менавіта пчалярству. І тады я падумаў: вось мая вёска стаіць сярод пойменных дуброў, а бортнікаў няма. Я  пачаў паглыбляцца,  распытваць сваякоў. Аказалася, у 70-я гады калоды яшчэ стаялі ў лесе, а на пачатку наступнага дзесяцігоддзя зніклі. І гэта цалкам натуральна, бо калоды без гаспадара доўга не стаяць, але калі іх даглядаць, дык і 100 год праслужаць. Потым зразумеў, што рэшткі борцей варта шукаць на паўднёвым баку дрэва, і вось у мінулым годзе на Радаўніцу знайшоў дубовыя спіцы – брускі, убітыя ў хвою, на якія ставілі калоды.

– Ведаю, што вы збіраліся паставіць борці ў лесе пад Бараўлянамі. Ці атрымалася ў вас і чаму менавіта там?

– На Бараўлянах я спыніўся, таму што ў архіўных дакументах знайшоў інфармацыю, як у  гэтых мясцінах у XVI cтагоддзі злачынцы, “пчаладзёры”, скралі ў жанчыны борцевы мед, забілі пчол і  за гэта былі павешаны. Па тым, як сурова каралася гэтая правіннасць, можна меркаваць, якое месца адводзілася пчале і бортніцтву ў той час. Хачу паставіць там інфармацыйны стэнд.

«Смяротны нумар»

Але сваю калоду я там яшчэ не паставіў, хоць згоду на гэта ад кіраўніцтва лясгаса і атрымаў. Справа ў тым, што каб паставіць борць, трэба адшукаць дуб ці сасну з вельмі багатым голлем. Шчыра кажучы, адно такое дрэва ёсць, але стаіць яно  пры дарозе, што вельмі нязручна. Таму працягваю пошукі. Зараз мае борці стаяць на Лоеўшчыне, а ў Бараўлянах я мару рэалізаваць адукацыйны праект перш за ўсё для моладзі, бо зараз, з унясеннем бортніцтва ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, пачалося адраджэнне гэтага промыслу.

– Наколькі я разумею, не проста промыслу, але і культуры, своеасаблівага мыслення нават.  Бортнікі ж стараюцца не выкарыстоўваць пальчаткі, узбіраюцца на небяспечную вышыню і пры гэтым здараецца, што калоду рамантуюць, а мёду сабе нават  не возьмуць – увесь пакінуць пчолам…

– Так, сапраўды  гэта асаблівы стан душы і гэта няпроста. Самае дзіўнае, што сёння, калі амаль паўсюль у нас вайфай, бортнік і зараз успрымае пчалу як боскую, сакральную істоту. Гэта як член гаспадаркі, але большы за іншых, нягледзячы на памер. І калі ты выпадкова яе забіваеш,   горшай бяды няма.

Вось мы ўвосень рамантавалі калоды. Пачынае пчала джаліць, а мой настаўнік кажа:  “Ай ты мая любімая, ты ўжо мяне не джаль, я ж нічога табе не зраблю”.

Пчала адчувае чалавека. Яна адразу разумее, хто прыйшоў: гаспадар альбо чужынец. Пальчатак у нас няма, таму рукі заўсёды джаленыя. Справа ў тым, што ў пальчатках цяжка адчуць, штó бярэш, і можаш ненаўмысна пашкодзіць саму пчалу. А калі задушыш, а тым больш  матку, гэта вялікая трагедыя і шматгадовая віна. Бортнікі плачуць, калі гэта здараецца.

Так узнімаюць калоду на дрэва

– Колькі калод у бортніка?

– Калі займаецца справай сям’я, можа быць і да 200. Але гэта не значыць, што пчолы будуць у кожнай. Дзве трэці з іх могуць пуставаць. Бортнік кажа: “Я не турму раблю для пчалы. Яна сама выбірае, дзе ёй пасяліцца. Мая справа – пабудаваць ёй хатку, павесіць і даглядаць, каб яна жыла там дзесяцігоддзямі”. Бортнікі разлічваюць, што за дзень магчыма пачысціць і адрамантаваць не больш за шэсць калод, вось і ставяць столькі, колькі могуць дагледзець.

Чалавек з ціхім сэрцам

– Якія яны, сапраўдныя бортнікі?

– Старажылы кажуць, што бортнік павінен мець ціхае сэрца. Яны не мысляць прамежкавымі катэгорыямі, а думаюць на дзесяцігоддзе, нават стагоддзе наперад. Пчала для іх, гаворачы сучаснай мовай, гарант устойлівага развіцця ўсяго асяроддзя. Будзе пчала – будуць расліны, будзе і жывёла.

Для бортнікаў, канешне, маюць значэнне і мёд, і воск, але галоўнае – дагледзець пчалу

Гэтыя людзі – яны  і самі як пчолы, бо  не могуць не працаваць. Яны інакш бачаць свет, бо пастаянна сутыкаюцца з прыроднымі працэсамі. Вясной, калі ўсё абуджаецца, у іх першая радасная думка: хутка пчолы паляцяць! Яны непарыўна звязаны з лесам. Бортніку абавязкова патрэбен лес: наведацца да вуллёў ці проста прайсціся.  Нават старыя, што ледзь тупаюць,  выходзяць на двор, каб хоць паглядзець у бок лесу.

Вам ужо соладка?

Старыя бортнікі, здаецца, могуць усё. Зламалася машына – рамантуюць, парэзаць дровы – без пытанняў, хтосьці пляце кошыкі, хтосьці выразае з дрэва. Аднавяскоўцы да іх ставяцца з павагаю, бо яны спраўды вельмі разважлівыя і нестандартна мысляць.

Але самае яркае, што адрознівае іх сярод іншых,  – яны нікому ні ў чым не адмаўляюць, а заўжды шукаюць спосаб дапамагчы.

Пчала, мёд, чалавек,  лезіва

– Дарэчы, якія асаблівыя прыстасаванні ёсць у бортніка?

– Наша асноўнае прыстасаванне называецца лезіва, ад слова “лезці”. Яшчэ яе называюць плець, жэнь – увогуле ў беларускай мове больш за 20 варыянтаў  назвы гэтай прылады. Ёю  можна падняць калоду, драўніну, патрэбную для рамонту калоды, інструменты, ёмістасці і сябе самога. Гэтая прылада падымае-спускае.

Борць

– Навошта да пчол з хлебам хадзіць?

– Гэта традыцыя. Бортнікі ідуць не проста да пчол, яны ідуць увогуле да стойла – дрэва, дзе жывуць пчолы. Лічыцца, што ля стойла павінен ляжаць хлеб на ручніку. Зараз ніхто не ведае чаму, але бортнікі кажуць: “У мяне так хадзілі бацька, дзед, прадзед, і мяне вучылі: калі хлеба не возьмеш, не ідзі”.

– А я думала, што хлеб нясуць,  каб кагосьці пачаставаць…

– Гэто ўжо іншы звычай. Бортнік, калі зняў мёд, не можа не пачаставаць чалавека. Абавязкова спыніць аднавяскоўца, нават калі з ім амаль незнаёмы, і скажа: “На во мёду, на во хлеба!” Увогуле хлеб  у традыцыйнай культуры рэч сакральная, таму і бортніка ён таксама паўсюль суправаджае. Былі выпадкі, калі мы, амаль даехаўшы да борцей, вярталіся дахаты менавіта таму, што забыліся на хлеб, бо гэта правіла нельга парушаць…

– Іван, ці шмат людзей зараз цікавіцца бортніцтвам? Ці ўдасца зберагчы гэтую традыцыю?

– Я аптыміст у гэтым сэнсе. Канешне, калі адыходзяць старыя бортнікі, мы губляем вельмі шмат гэтага доўгага культурнага кода, які існуе і перадаецца праз людзей. Увогуле сама традыцыя перадаецца ад бацькі да сына. Сёння змяняецца не толькі свет культурны, але і свет прыродны, таму ўзнікае шмат пытанняў, звязаных менавіта з самой пчалой, а таксама з медадайнай прасторай. Але ўсё роўна, застаюцца зацікаўленыя людзі. Не магу сказаць, што з 300 сем’яў,  якія гэтым займаюцца, у кожнай ёсць малады хлапец, які працягвае бацькаву справу, але гэта захоўваецца. Канешне, адбываюцца і змены. Бортнікі таксама выкарыстоўваюць і сучасныя магчымасці: тую ж бензапілу ці алюмініевую лесвіцу.

Увогуле бортніцтва – гэта занятак, які можа трансфармавацца, быць больш сучасным, але не губляць сваёй спрадвечнай існасці.

Напрыклад, зараз мы не робім калоды цалкам уручную (хаця я год пяць назад паспрабаваў, дык сляды ад мазалёў доўга не давалі пра гэта забыць),  бензапіла дазваляе зрабіць гэта хутка і зручна.

Факты:

  • Этнографы запісалі паданне пра пчол, якія селі на труну падчас пахавання гаспадара і засталіся на ёй. Так з пчоламі яго і засыпалі.
  • У Башкартастане існуе адзіны ў свеце пчаліны запаведнік Шульган-Таш, створаны менавіта з мэтай захавання борцевай пчалы.
  • Іван Осіпаў стварыў сайт bortnictva.by, на якім збірае ўсё, што звязана з гэтым промыслам: гісторыю, фальклор, сучасны стан і інш.
  • Носьбіты промыслу не выкарыстоўваюць слова “бортніцтва”. Яны звычайна кажуць «глядзець пчол» ці «займацца пчоламі».

Тэкст: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ

Фота з архіва Івана Осіпава

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59