Кляновы смак вады
Па вуліцы вёскі бадзёра крочыла жанчына з пустымі вёдрамі. Я баяўся, што перад маёй машынай яна можа перайсці дарогу, і рухаўся ўслед за ёю як мага больш павольна. Крокаў за дзесяць пад разлапістым старым клёнам стаяў пакрыты асінавай дранкай, трохі пакрыўлены калодзеж.
Але, на маё здзіўленне, жанчына да яго не павярнула, а прайшла яшчэ метраў дваццаць і ўпэўнена ступіла з бруку ў высокую траву закінутай гаспадаркі, дзе меліся зараснікі густога, высокага малінніку і пара яблынь ад некалі дагледжанага вясковага саду, якія дажывалі свой век у глыбіні падворка. Спыніўшыся і заглушыўшы матор, я адразу ж пачуў не забытае яшчэ з дзяцінства рыпенне драўлянага калодзежнага калаўрота.
«Ага, на гэтай закінутай гаспадарцы, акрамя старых яблынь, ёсць яшчэ і калодзеж!» – падумаў я і па добра пратаптанай сцежцы пайшоў на гук вады, якая ўжо лілася ў вядро. Павітаўшыся і папрасіўшы прабачэння, пацікавіўся, чаму жанчына прайшла міма таго калодзежа, які быў значна бліжэй да яе хаты.
– А няма тут ніякага вялікага сакрэту, – з усмешкай адказала яна мне. – У гэтым калодзежы вада самая смачная, больш нідзе ў ваколіцы такой няма. Гаспадары яго ўжо даўно на мясцовых могілках, але калодзеж мы не кідаем. Хто яшчэ ёсць у вёсцы – усе да яго ідуць, яму кланяемся, што адорвае нас такой смачнай вадой. Нікому ён не адмаўляе, хоць усе мясцовыя жыхары ведаюць, што ён у нас з характарам.
– А як гэта – з характарам? – пацікавіўся я і ў адказ пачуў таямнічую гісторыю…
– Мой дзядуля распавядаў яшчэ – а ён ад бацькі свайго чуў, – што калодзеж гэты першым людзі выкапалі вельмі даўно, як толькі сталі тут зямельныя надзелы купляць. Адным калодзежам доўгі час усе і карысталіся. Запомніўся першы выпадак, калі ён свой нораў паказаў. Было гэта падчас французскай кампаніі. У вёсцы тады і французы, і рускія войскі спыняліся, але мяльчэў калодзеж. Вады з паўвядра нельга было набраць. І тыя, і другія вайскоўцы з гэтай нагоды тут доўга не затрымліваліся. Так, нарабуюць у жыхароў ваколіц фуражу ды правіянту і кіруюцца ў тыя мясціны, дзе ваду можна ўзяць.
Можа, і забыліся б людзі, калі б не новы выпадак. Пасля задушэння паўстання Каліноўскага ў лесе, недалёка адсюль, некалькі палонных паўстанцаў рускія салдаты расстралялі. Вярнуліся ваякі ў вёску коней напаіць, вядро ў калодзеж апусцілі, а назад толькі вільготны жвір ды каменьчыкі паднялі. Жыхары вёскі трохі напужаліся – ваду больш не будзе адкуль браць. Без вады якое жыццё і жывёліне і чалавеку. Але як толькі рускія з’ехалі з вёскі, на дне калодзежа зноў з’явілася сцюдзёная чысцюткая вадзіца.
Так і павялося: як калодзеж зноў нораў свой паказваў, да ракі па ваду хадзілі, цярпліва чакалі, калі вада ў ім зноў з’явіцца. Пасля Першай сусветнай вайны хаты новыя падняліся, вёска вырасла, выкапалі і новыя студні. Бацькі мае распавядалі, як у перыяд раскулачвання вада ў калодзежы знікала не адзін раз. А падчас нямецкай акупацыі вады наогул тры гады не было. Дошкамі яго закідалі, так да канца вайны ён і прастаяў некрануты. Нават гаспадары яго па ваду ў суседні двор хадзілі. Але калі аднойчы адзін з нашых франтавікоў, што нядаўна дадому вярнуўся, дошкі з яго скінуў, глянуў, а там вады поўна.
Я ў горадзе ў дачкі была, там гэтую гісторыю пра наш калодзеж распавяла, ды з мяне толькі пасмяяліся, – маўляў, усё гэта мы выдумляем. Вось і вы мне, бачу, не верыце. Ці не? Ну ды бог з вамі. А вадзіцы, вось, калі ласка, пакаштуйце…
Паставіла вядро жанчынка на лаўку і дазволіла піць прама з яго. О, так! На самай справе смак быў незвычайны! Нагадваў ён прыкладна кляновы сок, калі хто такі ў сваім жыцці спрабаваў…
Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА
Фота: Уладзімір ЦВІРКА