Меню

У Сёмкаве выдалі незвычайны каляндар

Што вы ведаеце пра Сёмкава? Дапусцім, ведаеце, што там была раскошная рэзідэнцыя з альтанкамі і паркамі, – такім убачыў Сёмкава некалі мастак Юзаф Пешка. У Сёмкаве – адзін з найстарэйшых паркаў у краіне. Захаваўся фрагмент пейзажнага англійскага парку, часткова і рэгулярны французскі парк. У Сёмкаве на бровары служыў Янка Купала – з восені 1905-га. Улетку 1922 года Якуб Колас працаваў над эпічнай паэмай «Новая зямля» і аповесцю «Салавей»… Здавалася б – старажытная гісторыя.

Але ёсць Таццяна Хамянкова, экскурсавод, валанцёр сёмкаўскага філіяла рэспубліканскага фонду «Планета без межаў», энтузіяст, дзякуючы якім і рухаецца ўсё на нашай зямлі. Яна стала ініцыятарам яшчэ аднаго пачынання – календара Сёмкава. Падрабязна пра гэта мы даведаліся ад мастачкі і дызайнера Марыі Каралёвай.

– Мая харошая сяброўка Таццяна Хамянкова варушыць сёмкаўскае жыццё, арганізоўвае экскурсіі, супрацоўнічае з аграсядзібай «Даліна Утульнасць» і гэтак далей. Яна ж і займаецца абуладкаваннем экасцяжыны ў Сёмкаве, для якой я рабіла гістарычныя стэнды, іх пакуль не ўстанавілі, – расказала Марыя.

Так выглядае каляндар

Сама ж мастачка для Сёмкава ў мінулым годзе  намалявала паштоўку да юбілею Адама Хмары. А сёлета ў аграгарадку таксама свята – 250 год назад быў закладзены палац, таму вырашылі зрабіць каляндар з памятнымі датамі. «Наконт ідэі скажу так: тут наладжана  плённае супрацоўніцтва з сёмкаўскімі валанцёрамі, і каляндар – адзін з вынікаў такой працы», – адзначыла Марыя.

Паводле яе слоў, даты для календара даслала Таццяна, а Марыя малявала па малюнках, якія захаваліся, і па макету палаца. «Паколькі выдавецтва «Тэхналогія» ўжо зрабіла са мной адзін каляндар, дык на гэты, на адну старонку, яны лёгка пагадзіліся», – удакладніла суразмоўца.

Сама Марыя Каралёва – мастачка маладая, але вядомая. Яна скончыла Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў, універсітэт культуры, мае ступень магістра мастацтвазнаўства. І мы спадзяёмся, што яна і надалей будзе ствараць календары пра ўсе цікавыя лакацыі прысталічча. А каляндар Сёмкава можна набыць па спасылцы https://tn.by/product/siomkava/.

– Усё пачалося з пленэраў у Мінску: я аддала дачку ў садок і вырашыла пайсці маляваць горад, гэта было ў верасні. Я вельмі люблю святло і цень, кантраст. Сонечны дзень, выбрала цікавы ракурс, вырашыла паспрабаваць. Спадабалася. Прыйшла яшчэ раз. І недзе на трэцяй рабоце зразумела, што спецыяльна шукаю сонца і цікавыя ракурсы, але менавіта ў старым горадзе. Яшчэ атрымалася ў пачатку кастрычніка трапіць у сонечную восеньскую Лошыцу.

Была задума зрабіць набор паштовак  і назваць «Горад і сонца», менавіта «і», бо на акварэлях сонца і цень на будынках, ды і сугучна агульнавядомай кнізе Артура Клінава «Минск: путеводитель по Городу Солнца».

Паралельна посціла ў ФБ малюнкі, і адна харошая знаёмая напісала каментар, што хацела б мець каляндар з маімі малюнкамі.

Я задумалася, напісала ў выдавецтва «Тэхналогія», але наконт паштовак. Яны пагадзіліся іх зрабіць. Толькі калі ўжо сустрэліся, пагаварылі пра магчымасць календара, і аказалася, што ў іх ёсць гатовая каляндарная сетка і яны могуць даць мне яе для работы. Так і закруцілася. Але ж сетка не простая, а з магчымасцю напісаць у ёй даты, прысвечаныя гісторыі Мінска. Ну вось і закіпела праца, – расказала Марыя.

Даты мастачка збірала сама – дапамог музейны бэкграўнд, але і былыя калегі таксама, у прыватнасці Уладзімір Валажынскі і Юля Кавалёва. Муж Марыі таксама дапамагаў шукаць даты – ён жа гісторык, экскурсавод і музейшчык.

Пасля вельмі дапамог галоўны рэдактар «Тэхналогіі» Зміцер Санько. Ён уважліва вычытаў усё, кансультаваў, прапаноўваў, што можна дадаць, а што лепш не пісаць.

Быў яшчэ мастацкі рэдактар ад выдавецтва – Віталь Катовіч, які рыхтаваў макет да друку, і рабіў апошнюю старонку. «Малюнкі, вокладка, шрыфт – усё маё», –  рэзюмавала суразмоўца.

Сваю руку прыклала супрацоўнік выдавецтва Марыя Кавальчук, з якой Марыя кансультавалася і якая яе моцна падтрымлівала, бо быў момант, калі ўзнікла ідэя адмовіцца ад выпуску, друкарні не паспявалі, але вырашылі ўсё ж даціснуць.

Яшчэ мы пазнаёміліся з планам мерапрыемстваў аграгарадка. Скажам шчыра – ён уражвае. Мы абавязкова падзелімся з вамі інфармацыяй, як толькі праграма будзе ўзгоднена з Мінскім райвыканкамам.

Тэкст: Тамара ВЯЦКАЯ

Фота з адкрытых крыніц

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59