Меню

Как память об ушедшем ветеране войны из Шершунов хранят его родные

Фото: автора

У Шаршунскім сельсавеце некалькі гадоў назад памёр апошні з ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны на гэтай тэрыторыі. Аднак гісторыі пра іх подзвігі і адданасць Радзіме захоўваюцца ў сем’ях, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пра свайго бацьку Івана Барыскевіча Мікалай Іванавіч можа распавядаць цэлымі днямі.

Нарадзіўся Іван Данілавіч у 1919 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Даўбарова. Адвучыўшыся тры класы ў школе, скончыў землеўпарадкавальныя курсы. Пасля хутка прызвалі ў армію.

– Вайна яго застала салдатам, – расказвае сын. – Служыў пад Беластокам. Але баі там прымаць не сталі, не змаглі. Адступалі згодна з загадам, пешшу вярталіся з Польшчы, цэлае лета ішлі. У Маладзечне адступаўшых узялі ў палон. Тады вучылі: прабудзеш больш за дзесяць дзён – аслабнеш, не зможаш уцячы. Бацька, паводле ягоных слоў, збег на сёмы дзень.

Асабовы лісток па ўліку партызанскіх кадраў змяшчае іншую інфармацыю: у графе “Ці быў у палоне (дзе і калі)” пазначана, што палонным Іван Данілавіч быў з 10 жніўня па 30 верасня.

– Там чамусьці няправільна напісана. Столькі прабыць у палоне немагчыма. І не толькі гэта няправільна. Там не запісалі яго галоўную партызанскую заслугу, – звяртае ўвагу Мікалай Іванавіч. – Ён прывёз з-пад Барысава радыстку ў атрад. Выбралі менавіта яго, бо ён добра арыентаваўся ў картах, ведаў мясцовасць.

Але на  шляху падпільноўвала небяспека: на двух коннікаў напалі. І гэта былі не фашысты

– Аднекуль з’явілася зграя ваўкоў (перамяшчаліся партызаны толькі ноччу), ледзь не з’елі коней. Калі дайшлі да Паліка (возера на поўначы Барысаўскага раёна), іх сустрэлі іншыя партызаны. Сакрэтныя дакументы былі ў ботах, іх забралі, праверылі.

Паводле ўспамінаў Івана Барыскевіча, радысткай была худзенькая маленькая яўрэйка. Даўбароўскія партызаны гатовы былі адразу вяртацца ў родныя мясціны, але абставіны не дазволілі.

Пасляваеннае фота Івана Данілавіча

– Усё было гатова, рацыя была. Але не было спецыяльнага шыфру. Цэлы месяц яго чакалі, не маглі вярнуцца дадому. Родныя за гэты час «пахавалі» іх. Вельмі абрадаваліся, калі пабачылі сваіх партызан, ды яшчэ і з радысткай. Пасля гэтага бацьку «павысілі»: зрабілі начальнікам аэрадрома. І работа была такая… Скажуць, што сёння з-за фронту прыляціць самалёт, – трэба вогнішчы паліць літарай «п», літарай «х». Прымалі грузы – зброю, медыкаменты.

Партызанам дапамагала ўся сям’я (бацькі ўжо былі разам). Прымалі ў атрад звычайна тады, калі чалавек мог зброю прынесці або важную справу зрабіць.

Так, напрыклад, у доме дзеда нашага суразмоўцы быў арганізаваны партызанскі шпіталь

– Гэта ўжо маці  расказвала, – удакладняе Мікалай. – У лесе наткнуліся на групу фашыстаў: адзін немец і каля дзесяці ўкраінцаў. Мама схавала сваю сястру Агату ў ламачча, а сама распранулася дагала, пайшла і села ў ваду, узяла елачку і трымае над галавой. Заўважылі, сказалі ўстаць, апрануцца. А яна тады цяжарная была, жывот такі вялікі. Потым чуе, як цётку «хахлы» цягнуць, моцна біць пачалі. Немец нават абараняў Агату, але тыя не пераставалі. Маці тады дрэнна стала, яна ўпала. Яе і цётку неяк прывялі ў прытомнасць і пагналі пад Стоўбцы, у Германію гналі. І выратавала іх толькі тое, што захварэлі тыфам. Маці, здаецца, два разы хварэла.

Не адзін раз смерць хадзіла блізка

Мікалай Іванавіч распавёў нам гісторыю, у якую цяжка паверыць. Адбылося гэта ў 1942 годзе, калі пад Віцебскам быў прарваны фронт, гэта мясцовасць атрымала назву «Суражскія вароты». Праз іх павінны былі пераправіць некалькі соцень партызан у Чырвоную армію. Сярод іх быў і Іван Барыскевіч.

– Толькі яны дайшлі да гэтага калідора, як немцы закрылі яго. А тады, як бацька ўспамінаў, зіма такая страшная была. Яны зайшлі ў хату пагрэцца. Там была варажбітка. Яна Мікалаю (адзін з партызан) кажа, што сын і дачка ў яго: сын такі цёмненькі, а дачка прыгожая, светленькая (Разводзіць рукамі.) І гэта праўда. Тады яна і бацьку паваражыла. Сказала: «Жывы будзеш, але такое цяжкае жыццё пройдзеш. 96 гадоў пражывеш». А астатнім двум нічога не сказала, моўчкі паглядзела на іх. Амаль у гэту ж хвіліну ўварваўся камісар: прыйшлі звесткі, што немцы амаль тут. Загадаў усім уцякаць у лес, сам застаўся абараняць адступленне з кулямётам. Толькі бацька і Мікалай дабеглі да лесу, як пачулі, што тых двух застрэлілі.

Сям’я Мікалая Барыскевіча з боку маці (да вайны)

У Чырвоную армію Іван Данілавіч трапіў у 1943 годзе – прызвалі на фронт, давялося служыць у Карпатах, у гарах.

– Што значыць наканавана жыць чалавеку? Бацька расказваў: падаў са схілу, абвешаны мінамі, – і  ні адна не ўзарвалася. У дзень адбівалі па дзесяць танкавых атак. А колькі на Украіне нашых хлопцаў палягло! Вельмі многа. Там фашысты надта акуратнымі былі, маглі так бясшумна вартавых зняць… А хадоў пад зямлёй колькі ў іх мелася! Цяжка было змагацца, але дайшоў да Чэхаславакіі. Дадому бацька вярнуўся праз год пасля Перамогі, у 1946-м. Паранены не быў.

Першыя гады пасля вайны

Жылося цяжка. Голад, нішчымніца. Трэба было сабраць апошнія сілы, каб выжыць у мірны час. Але прайшлі дзесяцігоддзі – і ўсё наладзілася. Толькі боль памяці назаўсёды застаўся ў сэрцах беларусаў.

– Маці расказвала, што бабуля мая кожны дзень хадзіла за некалькі кіламетраў, да рэчачкі, каб сустрэць дачку, цётку маю (яе фашысты задушылі, бо абрэз пры ёй знайшлі). А дзед ёй часта казаў, што не прыйдзе Мальвінка больш. І бабка тады плакала. І кожны дзень хадзіла сустракаць, да скону.

Мікалай Іванавіч з роднымі (першы справа)

Паступова жыццё вярнулася ў звычайнае рэчышча. Іван Данілавіч скончыў тэхнікум, а пасля і сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Доўга працаваў старшым інжынерам у сферы землеўпарадкавання. У свой час быў заняты на будаўніцтве Вілейскага вадасховішча. Там арыштавала «бандыцкая паліцыя». І зноў смерць абмінула: адпусцілі.

– Бацька быў вельмі разумным, мудрым. Але, – смяецца наш суразмоўца, – занадта ўпартым. Ён нашмат перажыў маму, ужо не працаваў, страціў зрок, трэба было даглядаць. Бывала, набярэш у калодзежы вады, прынясеш яму, а ён не прымае. Кажа: «Коля вады набраў, значыць, гэта яго, а я сам сабе набяру». Даўно ўжо памёр, але вось ён тут, з намі, – паказвае на фотаздымак.

На такой меланхалічнай ноце мы скончылі гутарку з Мікалаем Іванавічам, а яму час ужо карміць козачак.

Тэкст: Ульяна Русак

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59