Як у Калодзішчах вясну гукалі

У Каладзішчанскай школе дзяўчаты і хлопцы гукалі вясну – прасілі «цёпла лецечка прывесці». Са школьнай сцэны, упрыгожанай бярозкамі, гучалі запеўкі, заклічкі. Апранутыя ў народныя строі вучні гулялі ў ручай, танцавалі.
Жаданне правесці гуканне вясны ўзнікла у настаўніцы беларускай мовы, кіраўніцы школьнага клуба «Спадчына» Вікторыі Струнеўскай:
– Мы стараемся далучаць дзяцей у тым ліку да нематэрыяльная спадчыны, а народныя звычаі, наша абраднасць – гэта найлепшая глеба для такой працы. Раней мы ўжо праводзілі калядкі, і вось ужо другі год гукаем вясну. Даведаліся, што раней было прынята, каб маці бласлаўлялі дачок на гуканне вясны іконай – такое цікавае спалучэнне звычаяў.
Дарэчы, ікона, якая захоўваецца ў музеі незвычайная. Ёй ужо не адно стагоддзе, але адметная яна перш за ўсе тым, што ўцалела пдчас пажару. Хата, у якой яна знаходзілася,згарэла, а абраз застаўся некранутым.
– Акрамя таго, мы вырашылі спалучыць гуканне вясны з абрадамі вербнай нядзелі. Адна з дзяўчынак хадзілі і дакраналася да дзяцей галінкамі вярбы са словамі: “Не я б’ю – вярба б’е за тыдзень Вялікдзень”, – расказала Вікторыя Мікалаеўна.
Работа ў накірунку захавання традыцыйнай культуры і мясцовай гісторыі вядзецца ў Каладзішчанскай сярэдняй школе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, а існуючы ў сценах установы адукацыі краязнаўчы музей, ужо ў лістападзе бягучага года адзначыць сваё 20-годдзе.
Яго заснавальніцай стала настаўніца гісторыі, выдатніца адукацыі Ніна Гаркавенка, якая далучала да супольная працы і настаўнікаў, і вучняў, і іх бацькоў, паклаўшы ў аснову прынцып «музей для дзяцей і рукамі дзяцей». У ім захоўваецца больш за 1000 экспанатаў. Справу Ніны Іліьінішны зараз працягвае яе паплечніца, колішні член клуба «Спадчына» і мама былых вучняў Вікторыя Струнеўская.
Тэкст: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ
Фота: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ, Вікторыя СТРУНЕЎСКАЯ
Рекомендуем



