Анлайн-чэленджы, гастра-фэст «Беларуская кухня»: чым запомніўся Тыдзень роднай мовы

Правядзенне рэспубліканскага Тыдня роднай мовы «Як ты дорага мне, мая родная мова!» з 16 па 23 верасня падтрымалі ўсе ўстановы адукацыі прысталічча, і самае выдатнае тое, што кожны прыдумаў унікальны метад яго напаўнення. Паглядзелі, што рабілі ў дзіцячым садку аг. Сеніца, Астрашыцка-Гарадоцкай школе і Мачулішчанскай школе імя Герояў Савецкага Саюза Удовенка І. Ц. і Гоманенка М.В.

Па словах намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага садка аг. Сеніца Юліі Кандратовіч, воблака з любімых слоў па-беларуску стварыл педагогі, выхаванцы і іх бацькі, а анлайн-чэлендж «Маё любімае слова па-беларуску» стаў новай формай ўзаемадзеяння з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

– У гульню «Цудоўны мяшочак» прапанавала пагуляць Васілінка не толькі дзецям, выхавацелям і нават загадчыку дзіцячым садком Вользе Мяльніцкай. Мэтай гульні было назваць па-беларуску той прадмет, які выцягнулі з мяшочка, – распавядае Юлія. – Выхаванцы старэйшых групп паспрабавалі сябе ў дыдактычнай інтарактыўнай гульні «Ці ведаеш ты мову беларускую?». Акрамя таго, яны наведалі экскурсію ў літаратурны музей Янкі Купалы Сеніцкай школы імя Я. Купалы.

Асабліва ўразіла дзяцей бронзавая скульптура Янкі Купалы, выкананая вядомым скульптарам Аляксеем Глебавым

Пад дэвізам «Трэба – вазьмі, не трэба – прынясі!» стартаваў буккросінг «Чытаем па-беларуску», галоўнай мэтай якога з’яляецца папулярызацыя чытання дзецям беларускамоўных твораў. Выхаванцы сярэдніх і старэйшых груп чыталі вершы беларускіх класікаў пра родную краіну, мову, пра прыгажосць прыроды роднай Беларусі.


Тым часам у Мачулішчанскай школе імя Герояў Савецкага Саюза Удовенка І. Ц. і Гоманенка М.В. стварылі серыі онлайн-урокаў «Размаўляй сам мной па-беларуску», правялі тэматычны інфармацыйны час «Беларусы і беларуская мова», удзельнічалі ў акцыі «Спяваем гімн разам».

– Квэст-гульня «Фальклор – душа народа» спадабалася ўсім, а гастранамічны фэст «Беларуская кухня» быў незабыўны. Старшакласнікаў вельмі зацікавіла акцыя «Чытаем Максіма Танка разам», – дзеліцца вучаніца школы Наталля Мілюкова.

Школьнікі сярэдняга звяна былі задзейнічаны ў інтэрактыўных гульнях, якія былі арганізаваны ў музеі «Спадчына». Віктарыны, конкурсы творчых работ праводзіліся штодня.

– Ужо заўтра на экскурсіі яны адправяцца на малую радзіму беларускага песняра Янкі Купалы і ў дом-музей Ваньковічаў. Каб любіць сваю Радзіму, трэба ведаць яе мову і культуру! – запэўнена Наталля.

Як Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прйшоў у Астрашыцка-Гарадоцкай школе, з карэспандэнтам pristalica.by падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алёна Зайцава: «Тыдзень пачаўся з правядзення Рэспубліканскага дыктанта, прымеркаванага да Дня народнага адзінства. На працягу Тыдня дзейнічалі традыцыйныя акцыі «Размаўляй са мной па-беларуску», «Маё любімае беларускае слова», «Чытаем вершы пра родную мову».

У межах Тыдня для вучняў 5-11 класаў прайшоў конкурс творчых работ «За што я люблю родную зямлю?». Навучэнцы з задавальненнем удзельнічалі ў выставе-конкурсе малюнкаў «Пад небам сінім», прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Я. Купалы і Я. Коласа. Лепшыя работы былі адзначаны найвышэйшым балам. Вучні 5-11 класаў у рамках урокаў беларускай літаратуры прынялі удзел у конкурсе на лепшага чытальніка твораў Максіма Танка, а таксама прынялі ўдзел у адкрытай дыстанцыйнай акцыі «Мая родная мова, ганаруся табой!».

Незвычайным і вельмі цікавым прайшоў гастра-фэст «Беларуская кухня». Падчас гэтага мерапрыемства вучні даведаліся пра нацыянальныя беларускія стравы, а таксама ў іх была магчымасць самім паспрабаваць кулінарныя шэдэўры

Фінальным акордам і закрыццём тыдня стала фальклорнае мерапрыемства «Фальклор, фальклор – душа народа».

Тэкст: Лізавета МАЗУРЧЫК

Фота даслалі суразмоўцы

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59