Меню

Якім было 22 чэрвеня 1941 успамінае ўраджэнец Мінскага раёна Антон Ліпніцкі

Фото: аўтара

«Лета 1941 года. Нешта надта страшэннае здарылася. Нашы бацькі, суседзі і ўся вёска напалоханы, вымаўляюць нейкае невядомае, незразумелае слова «вайна»… Зайшоў сусед, дзядзька Янаў, з вялікай газетай, паказвае самалёты, разбураныя будынкі і шмат іншага, незразумелага» – так успамінае першыя дні вайны ўраджэнец вёскі Кайкава Міханавіцкага сельсавета Антон Ліпніцкі.

У вёску ляцела шмат кавалачкаў паленай паперы. Магчыма, дзесьці нешта палілі, але зараз гэта ўжо невядома.

“Памятаю, вялізны паток незнаёмай тэхнікі рухаецца ў адным напрамку па вёсцы. З цікавасцю назіраю. Адна машына з калоны – пярэднія колы гумовыя, а далей гусеніцы – прама на мяне накіравалася. Пажадалі напалохаць, а мабыць, і раздавіць. Я ж імгненна за бярозу забег. На машыне рагочуць з мяне… Гэтая бяроза 28 жніўня 1943 года згіне з усімі нашымі пабудовамі”, – цытуе свае запісы Антон Уладзіміравіч. Сёння 82 гады, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. І хоць Антону Ліпніцкаму ўжо 88 гадоў, памятае ўсё, што адбывалася, ён дакладна, як быццам гэта было ўчора.

Канец жніўня ці верасень 1941-га… Акупанты ўжо на беларускай зямлі. Варожая тэхніка накіроўваецца ў Кайкава – адтуль гоняць нашых палонных салдат. Яны былі надта знясіленыя, галодныя, успамінае Антон Ліпніцкі. Паводле яго слоў, на хаду салдаты грызлі буракі з калгаснага поля.

– Памятаю, як мчуся ў хату, з-пад абруса хапаю хлеб, падрыхтаваны для сняданку. На двары мяне мама перахапіла: «Сынок, немцы цябе заб’юць!» – расказвае Антон Уладзіміравіч.

Каб задобрыць сялян, немцы дазволілі падзяліць калгасную зямлю і пасля нават адкрыць беларускамоўную школу.

Партызаны пачалі дзейнічаць супраць акупантаў: падрывалі чыгунку, эшалоны з боепрыпасамі і жывой сілай. Падарвалі вадакачку для запраўкі паравозаў. «Гэта нас радавала», – кажа суразмоўца.  

Дыверсіі партызаны арганізоўвалі ля станцый Асееўка, Міханавічы, Седча

Народныя мсціўцы па начах абстрэльвалі тарфарцель. Іх было шмат у Мінскім раёне. На станцыю Міханавічы з Германіі везлі боепрыпасы – адтуль іх дастаўлялі ў Мачулішчы.

Антон Уладзіміравіч прыгадвае такі выпадак:

– Немцы бамбяць лес. Мая сястра Міра кажа: «Антон, глядзі, кружкі з самалёта кідаюць!» Кажу: «Прыслухайся, пачуешь узрывы гэтых «кружак». А немцы азвярэлі. З гары мясцовых могілак (тарфарцель – у 100 метрах адтуль) з кулямётаў уначы па нашых хатах палілі. Мама нас на падлогу ўкладвае, пасля на кухню за печ хавае…  

Неяк раніцай група немцаў уварвалася ў дом Ліпніцкіх. Рыжы немец, надта злосны, наставіў на маці Антона Уладзіміравіча аўтамат. Паказвае на партрэт бацькі, крычыць: «Партызан!» Мама здолела растлумачыць, што той на фронце. У хаце ўсё перавярнулі, у кладоўцы рукамі залезлі ў слоік з агуркамі засоленымі – зброю шукалі.

– Агуркі мама выкінула, – гаворыць Антон Уладзіміравіч. – Усіх нас, жыхароў трынаццаці хат, загналі ў ток. Крычаць: «Вы ёсць партызан. Будзем вас паліць!» На каністры паказваюць. Надзя Савіч не разгубілася, крычыць: «У вёсцы партызан няма! Па начах з лесу прыходзяць, жыцця нам няма, скот адбіраюць!»

Або немцы словы яе зразумелі, або гэта пачулі іх памагатыя, паліцаі, але нікога не забілі, усіх адпусцілі

Неўзабаве фашысты пачалі паляванне на сем’і партызан і іх родзічаў, нікога не шкадавалі. Жэню Суржыц жывую ў студню ўкінулі: яе два сыны былі ў партызанах. Хату спалілі, жывёлу ўсю забралі. Сялян сагналі ў калгасны свіран. Загадалі: у каго бацькі ці родныя ў партызанах – выйсці.  

– А калі не выйдуць, усіх расстраляюць… Две дзяўчынкі, абняўшыся, і выйшлі. Тут жа іх расстралялі, а ім жа па 12–14 год было. Муж з жонкай Чумакі (іх сын быў у партызанах) разам з дачкой Валяй выйшлі. Дачку пашкадавалі, потым яна сіратой расла. Яшчэ адна жанчына выйшла – яе таксама расстралялі, – расказвае аб страшных падзеях, сведкам якіх давялося стаць, ураджэнец прысталічча.

Ляснік, сусед Юзік Казак з сям’ёй у лес уцёк. Папрасіў бацькоў Антона Уладзіміравіча і яго сястру пячы партызанам хлеб. Таксама патрэбны быў самагон – для параненых партызан. Зяць Казака, дарэчы, узначальваў партызанскую брыгаду.   

Дроў у Казака хапала. Муку падвозіў былы работнік лясніцтва. Цётка і бабуля Антона Ліпніцкага гатавалі ўсё для народных мсціўцаў.

Пераломны момант

Летам 1943 года здарылася бяда. Каля хаты Ліпніцкіх прыпынілася нямецкая грузавая машына. Зайшлі два немца, яны забралі цётку і бабулю маленькага Антона. І маму яго напэўна забралі б, але яна ў гэты час наведвала сваіх родных.

– Кузаў машыні быў высокі. Цёцю ствалом вінтоўкі немец закінуў у яго. Бабушка была нізкага росту, і, калі немец вінтоўкаў падчапіў яе за ногі, яна стукнулася ліцом аб падлогу кузава. Яе доўгая спадніца задралася, голае цела было бачна…  

«Мяне трэсла. Я быў узбуджаны і перапалоханы»

Ноччу зусім побач стралялі. Раніцай Антон вырашыў паглядзець, што здарылася. Убачыў: на абочыне гравейкі ляжаў надта прыхожы, сыты конь. Мёртвы. Правы задні кумпяк быў адрэзаны з капытом. Хлапчукі думалі, што немцы яго адрэзалі сабакам, але ім растлумачылі, што немцы самі каніну ядуць.

– Таксама дзядзька Арцымень сказаў, што партызаны былі на двух конях, і ім пашчасціла ўцячы ад немцаў, – кажа суразмоўца.

Брат пачаў заікацца

28 жніўня 1941-га Антон ніколі не забудзе. Вечарам, у 17–18 гадзін, сястра Міра карміла братоў. За сталом іх трое было, а чацвёрты паўтарагадовы Стасік у падвеснай калысцы спаў.  

Пачалі страляць з варожых самалётаў. Пасля ўпала бомба, аглушыўшы дзяцей. У сцяне, за іх спінамі, з’явілася вялізная дзірка. Кухню завалакло пылам. Печ нахілілася, бо падпечак быў драўляны. Антон выбег з хаты…

– Сабака Бобік на ланцугу каля хлява працягвае мне пярэднія лапы. Над хлявом самалёт скідвае бомбу, пачынае страляць. Сцяна хлява накрывае сабаку – яго мы на ноч хавалі ў склепе па загаду партызан. Дзверы ў сенцах сарвала. Мяне зноў аглушыла, а хваля штрухнула на парог сенцаў, – расказвае Антон Ліпніцкі. – З галавой нешта здарылася. У сенцах загарэўся уцяпліцель, а я з цяжкасцю ўсе ўспрымаю, нічога не магу сцяміць…

Заўважыла пажар Міра. Яна вынесла голага Стасіка, падтрымліваючы Лёніка. У апошняга хусткай перавязана шыя, кроў сочыцца. Як потым стала вядома, яго хваляй закінула пад стол. Лёніку тады было тры гады. Пасля ён пачаў заікацца. На працягу жыцця так і не пазбавіўся ад гэтага. Памёр у 2021 годзе ад каранавірусу.

– Я паглядзеў і быў здзіўлены: яблыні каля хаты траханула ад гэтых бомб так, што ўсе яблыкі пападалі на зямлю, на дрэвах іх зусім не засталося, – успамінае Антон Уладзіміравіч. – Мама прыбегла з калгаснага поля, а гэта за два кілометры. Усё, што дзед пабудаваў на маміна замужжа, дагарала. Як і тая бяроза, за якую я схаваўся ў 1941 годзе.

Ліпніцкія пацярпелі больш за іншых гаспадароў хат. У некаторых хоць хлеў, лазня, ці ток засталіся.  

– Што б з намі, пяццю дзецьмі здарылася, калі б самалёт праляцеў на 20 сантыметраў бліжэй. Бомба ж упала за сцяной, звонку. Каб яна ўпала на кухні, з нас, дзяцей, толькі б фарш застаўся, – гаворыць Антон Уладзіміравіч.  

Усе засталіся без жылля, абутка, вопраткі. Сям’я Бельскіх дазволіла пасяліцца Ліпніцкім у іх аварыйнай хаце.

Схема вёскі Кайкава ў гады вайны. Тут было каля 170 хат, яны стаялі перпендыкулярна лесу і крыху на адлегласці ад трынаццаці хат, дзе жылі Ліпніцкія

У выніку бамбёжкі загінула шмат людзей. Муж з жонкай, суседка, а яшчэ хлопец, Шурка Матрунчык. Ён ляжаў сярод асколкаў.

Успаміны 1944 года

Набліжаўся час вызвалення Беларусі, наша авіяцыя па начах бамбіла аэрадром Мачулішчы. Тады ж не было такой тэхнікі, як зараз. Ад аэрадрома прыкладна кіламетры за два бомба разарвалася – у 40 кроках ад маленькага Антона. На дзяцей пасыпалася пацяруха. Бомбы і на полі рваліся, і ў бярозавым гаі.

– Перад наступленням нашай арміі з тарфарцелі гітлераўцы і іх памагатыя драпанулі. Яны падпалілі свае склады з боепрыпасамі – суткі чуваць было выбухі. Шмат немцаў яшчэ ў 1944-м на фронт уехала, – адзначае суразмоўца. – Летам 1944-га Чырвоная армія пачала наступленне па гравейцы з магістралей Мінск – Магілёў і Мінск – Слуцк і аэрадрома Мачулішчы. Гэтую гравейку яшчэ называюць ваеннай дарогай.

Сціхлі стрэлы на станцыі Міханавічы. Нашы танкі пачалі акружаць Мінск з паўднёвага боку. Частка танкаў пайшла вызваляць аэрадром.

У сялян – радасць, слёзы, сустракаюць салдат кветкамі і хлебам

– Гарматы нашы байцы ўстанавілі ўздоўж лесу, а некалькі гармат – на ўзгорку, пачалі страляць у напрамку Мачулішчаў. Салдат з біноклем карэкціраваў агонь з хаты Бельскіх, дзе мы жывём. За комінам хаваецца салдат. Немцы крыху адстрэльваюцца. Мы, хапчукі, бегаем, снарады пералятаюць. А мы радуемся, што немцы мажуць, – успамінае Антон Уладзіміравіч.

Нечакана снарад разрываецца наперадзе хлапчукоў. Ці параніла тых дваіх, ці забіла? Невядома… Салдаты дзяцей прагналі з небяспечнага месца. Гарматы сціхлі, і пяхота выступіла на Мачулішчы.

Раніцай, недалёка ад хаты, з’явілася нямецкая легкавая машына – хтосьці з гітлераўцаў хацеў вырвацца з Мачулішчаў, але нашы іх перахапілі

У бардачку машыны потым Антон з дзятвой знайшлі сігнальны ліхтарык, зажыгалку, губны гармонік. На заднім сядзенні – кроў. Пад кіцелем быў схаваны аўтамат шмайсер. Антон Ліпніцкі кінуў кіцель – крыж-ордэн, сарваўшыся, паляцеў на зямлю. Хлопец падняў яго. Аўтамат з патронамі таксама забраў, схаваў у хляве.

– Гармоніку браты абрадаваліся, а мама, нешта незадаволеная, мокрай анучай яго працірала. Раніцай музычны інструмент мы ўжо не знайшлі. Пачалі паміж сабой сварыцца. А мама гаворыць: «Як вы заснулі, зноў прыходзілі бежанцы, забралі». Дарэчы, бежанцаў тады сапраўды было шмат, большасць – са Смаленска. А крыж выпрасіў дваюрадны брат Сеня», – прыгадвае суразмоўца.

Праз нейкі час сям’я сабралася ў новай хаце. Тады маці прызналася, што губны гармонік яна кінула ў тую ж яму, дзе разарвалася нямецкая бомба, каля хаты Бельскіх. Яна не магла дапусціць, каб гармонік, які належаў забойцам (яны гралі на ім, весяліліся), яе дзеці бралі ў свае роцікі.

…З успамінаў Антона Ліпніцкага можна даведацца, праз якія пакуты прайшло яго пакаленне.

– Сёння моладзі гэта не зразумець, яны нават не могуць паверыць. Як галодны сабака я кідаўся на ежу. Ад галадухі кружылася галава. Мы радаваліся падоранай бульбіне, місачцы мукі. Я хадзіў у школу ў жаночых цыганскіх боціках. Цяпер жа шмат хто выкідае дабротны абутак і вопратку…

Жыццё пасля вайны

Бацька Антона Ліпніцкага, Уладзімір Іванавіч, вярнуўся дадому інвалідам II групы. Ён вельмі хацеў, каб яго сын стаў музыкам, як і ён сам. Раней была вёска Карзюкі (увайшла ў склад Мінска ў 1972 годзе), дзе Уладзімір Ліпніцкі працаваў на цагляным заводзе. На прадпрыемстве дзейнічаў духавы аркестр, у якім бацька граў на трубе. Але яго сыну не давялося асвоіць інструмент.

Пасля службы ў войску ў Берасці Антон Ліпніцкі працаваў на будаўнічай фірме. Выпадкова пазнаёміўся з фотакарэспандэнтам і зацікавіўся гэтай спецыяльнасцю. Паралельна пачаў вучыцца на фатографа.

Антон Уладзіміравіч аддаў прафесіі фотакарэспандэнта 41 год

Калі ён працаваў ў «Аблмежкалгасбудзе», у аддзеле інфармацыі і выстаў, рабілі фотавыставы па ўсёй рэспубліцы. Цікавы факт: на адной з такіх быў фотаздымак памерам 8 метраў!  

Асабліва ўражвалі фотаздымкі, якія Антон Ліпніцкі рабіў з вышыні птушынага палёту. Для гэтага ён падымаўся на воданапорныя вежы, краны, вялізныя стагі сена

У свой час Антон Ліпніцкі сустрэў Галіну Ягораўну, яны ажаніліся. У іх нарадзіліся дзве дачкі.

Старэйшая, Іна, удала выйшла замуж, працуе ў Белтэлекаме. Вольга вучылася ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце завочна, але не скончыла яго. Уладкавалася на адно з нямецкіх прадпрыемстваў у Мінску.

Яе праца спадабалася, і Вольгу запрасілі ў Германію, дзе яна атрымала вышэйшую адукацыю. Там яна стварыла сям’ю з дырэктарам рэкламнага агенцтва Райнерам Зэдэльмеерам. Калі ў іх нарадзіўся сын, зяць напісаў ліст, каб даведацца, ці згодны Антон Ліпніцкі назваць унука Якабам.

– Я па тры месяцы бываў там. Выхоўваў, як Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Райнер кажа: «Прэзідэнт у вас – дыктатар, адзін застаўся такі на свеце!» Я кажу: «Ён не дыктатар. Ён вучыць нямецкай дысцыпліне, вашаму парадку!» Зяць быў захоплены, – адзначае суразмоўца.

У Вольгі і яе мужа Райнера два катэджы. Адзін з іх трапіў на старонкі кнігі пра архітэктуру горада Штутгарта

Унук, дарэчы, адораны ў музыцы. Нядаўна заняў першае месца на конкурсе, абагнаўшы 24 сапернікаў.  

– Я ўсё думаю: няўжо немцы такія (жорсткія. – Аўт.) былі калісьці? Дачку маю так паважаюць… Для мяне так страшна тое, што я бачыў, у галаве дагэтуль не ўкладваецца. А наш Якаб Райнеравіч – будучы канцлер Германіі! – ці жартам, ці ўсур’ёз кажа яго дзядуля.   

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59