Меню

Сын мастака  

Прыпыніўшыся ля варот, я цярпліва выслухоўваў вяртлявую жанчынку, якая з веранды зычна гукала ў мой бок:

– Пачакай, шаноўны, хвіліначку, вось трохі чысцей апрануся, ды да суседкі маёй зойдзем. Яна табе, як ёсць, усё чыста распавядзе. Бо ў яе гэта надта ж добра атрымліваецца, не тое што мая балбатня.

І вось мы ідзём з цёткай Маняй, з якой я толькі што пазнаёміўся, у суседні двор. А там – аладкі з чарніцамі, малако ў керамічных конаўках ды новая гісторыя ад суседкі яе, добрай сяброўкі дзяцінства, цёткі Настачкі, якая свой расповед пачынае прыкладна так:

– Гаспадыня мясцовай сядзібы– ужо немаладая ўдава – пабудавала невялікую каменную капліцу побач са сваім маёнткам, на ўтульнай цяністай паляне ў старым парку, закладзеным яшчэ яе дзедам. Для роспісу капліцы яна запрасіла мясцовага мастака-самавука. Майстар той з радасцю згадзіўся, тым больш што ў яго ўжо быў вопыт падобнай працы: ён распісваў драўляны храм у сваёй роднай вёсцы, што знаходзілася недалёка ад сядзібы.

У мастака было тры сыны, малодшы з якіх таксама прыахвоціўся да малявання. На свой узрост у хлопчыка няблага атрымлівалася, таму бацька калі-нікалі браў яго з сабой як памочніка.

Даведаўшыся, што гаспадыня сядзібы бацьку працу прапанавала, пачаў хлопчык прасіцца яму дапамагчы. Бацька распавёў пра просьбу сына заказчыцы. Асцярожная пані адмовіла мастаку, бо лічыла, што праца даволі складаная і адказная, і яна не можа даверыць яе юнаку.

Ну, што зробіш – такія былі ўмовы. Мастак перадаў сыну волю пані і, атрымаўшы задатак ад яе, узяўся распісваць капліцу.

А што ж наш юны герой? Ён, канешне, засмуціўся і вырашыў дзейнічаць наступным чынам. Бацька яго працаваў унутры капліцы і заўсёды ўдзень, хлопец жа  ўпотай пачаў распісваць нішу алтарнай сцяны звонку будынка. Працаваў ён па начах, бо баяўся, што гаспадыня сядзібы даведаецца і пазбавіць бацьку працы. А каб днём не ўбачылі яго малюнак, ён зрабіў драўляны шчыт па размеру нішы і размаляваў яго пад камень сцяны капліцы. Калі пад раніцу хлопчык вяртаўся дадому, вешаў шчыт на месца, і ніхто не мог западозрыць, штó хаваецца пад гэтым драўляным “пакрывалам”. Малады мастак заўсёды працаваў без свечкі ці ліхтара. Ён распісваў сцяну толькі пры святле месяца, яно дапамагала.

Трэба сказаць, гаспадыня сядзібы звярнулася са сваёй  просьбай да мастака ў сярэдзіне восені. Хутка насталі доўгія халодныя ночы, першыя замаразкі. Хлопчык неўзабаве павінен быў скончыць свой роспіс, але ён моцна прастудзіўся і захварэў. З кожным днём маленькаму творцу станавілася горш і горш, а калі ён злёг канчаткова – адважыўся адкрыць бацькам сваю тайну.

Бацька ў сваю чаргу пераказаў гаспадыні аповед сына. Яны зараз жа знялі шчыт і ўбачылі амаль што закончаны цудоўны роспіс з выявай Збавіцеля.

А хлопчык згасаў на вачах. Марудзіць не было калі, і гаспадыня маёнтка, выдзеліўшы сваю карэту з рамізнікам, загадала адвезці юнае дараванне ў Вільню.

Хлопчыка вылечылі, і ён застаўся там вучыцца ў мясцовай мастацкай установе на грошы, якія ўвесь час высылала яго выратавальніца.

Сёння шкада, што згубіліся сляды далейшага лёсу юнага мастака. Даўно няма ў жывых добрай пані, раз’ехаліся па свеце яе нашчадкі. Сама сядзіба і большасць гаспадарчых пабудоў моцна пацярпелі ад часу і людзей. Але роспіс на алтарнай сцяне маленькай капліцы можна яшчэ ўбачыць. І сёння Збавіцель глядзіць нам услед з надзеяй і любоўю.

– Слухай, – казалі кабеты. – Калі ты пра ўсё напішаш і гэта надрукуюць, можа так здарыцца, што недзе далёка родныя таго хлопчыка-мастака прачытаюць ды… але ж якое… яны, мабыць, вельмі далёка, а мо нават і ў жывых іх няма. Хаця, – дадалі яны, – ведаеш, вельмі ж у лепшае хочацца верыць…

Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА

Фота: Уладзімір ЦВІРКА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59