Меню

Добры млынар

З вялікага шляху руіны гэтага вадзянога каменнага млына можна і не заўважыць. Нават сама вёска, што прытулілася да берагоў вяртлявай рачулкі, відаць толькі дзякуючы некалькім замшэлым стрэхам сялянскіх пабудоў за шчыльнымі прысадамі прыватных садоў.

Праехаўшы амаль усю вёску, я прыпыніўся на яе ўскрайку, адкуль бегла сціплая сцежачка ў бок згаданых ужо руін старога млына. За плотам крайняй гарпадаркі, на невялічкай лапінцы агародаў, заўзята корпаўся сталы, але даволі жвавы ў сваіх рухах дзядуля. Прывітаўшыся, я пацікавіўся пра млын. Тое-сёе пашчасціла пачуць і пра час яго пабудовы, пра тое, як усе жыхары ваколіцы з задавальненнем удзельнічалі ў працы па узвядзенні такога неабходнага памочніка. Але больш за ўсё я задаволены, што мне пашанцавала пачуць цікавую і кранальную гісторыю, якая адбылася літаральна каля каменных сцен гэтага млына.

А гісторыя будзе пра кульгавага каня. Не, раней, вядома ж, жывёліна не кульгала. Конь быў вельмі моцным, цягавітым, паслухмяным і добрым прыгажуном. Нікому ён не адмаўляў у дапамозе, ніколі не брыкаўся, не ўпарціўся. Асабліва любіў ён дзяцей. Часам на яго спіну саджалі па два-тры дзіцяці, і конь нават пасля цяжкага працоўнага дня вазіў іх па двары, пакуль малых не здымалі моцныя рукі гаспадара. Яго любілі ўсе ў гэтай вёсцы.

Але аднойчы конь моцна параніўся, наступіўшы на нешта вельмі вострае, і стаў дужа кульгаць. Ды так, што стала зразумела: цяпер працаўнік з яго ніякі. Вядома ж, гарпадар беднай жывёліны ды і жыхары вёскі стараліся лячыць рану, але безвынікова. Усе ведаюць, што звычайна ў такіх выпадках бывае далей… Але жыхары вёскі, памятаючы, якім працавітым і добрым быў конь, вырашылі пакінуць яго жыць побач з сабой. Ці то з надзеяй на тое, што ён ўсё ж такі паправіцца, ці мо з-за таго, што раней людзі былі нашмат дабрэйшыя і памяталі, што за дабро трэба плаціць у любым выпадку дабром.

Так і застаўся жыць конь у вёсцы, вольна пераходзячы са двара ў двор. Дзе накормяць яго, дзе пастой дадуць на ноч, а дзе ён нават паняньчыць на сваёй спіне дзяцей, негледзячы на тое, што і боль надакучваў, ды і узрост не жарабячы. Часам конь заходзіў на край вёскі, да вадзянога млына, дзе падбіраў з зямлі выпадкова прасыпанае збожжа з мяхоў. Мельнік быў, на шчасце, добрай душы чалавек. Каня не адганяў, а нават часам частаваў яго кавалачкам найсмачнейшага цукру ці жменькай зерня са сваёй далоні. Прайшоў нейкі час, і стаў гаспадар млына заўважаць наступнае. Калі збожжа на зямлі заканчвалася, ведаючы, дзе знаходзіцца астатняе, конь патроху стаў тузаць за канцы матузоў, якімі былі завязаны мяшкі, і ласавацца зернем адтуль. Караць кемлівую жывёліну добры млынар нават і не падумаў. Наадварот, тое ўменне развязваць самастойна мяшкі ён ператварыў у мясцовую забаву. Як толькі млынар ці хто іншы прывозіў у мяшках новае зерне на памол, то адразу ж гучна клікалі кемлівага канька. І яны разам, на здзіўленне ўсім разявакам, развязвалі спрытна мяшкі… Праз нейкі час у акрузе так і казалі: «А падзём-ка мы да тога млына, дзе кульгавы конь самастойна мяшкі з зернем развязвае».

Праз нейкі час каня не стала. На добрую памяць млынар пахаваў яго побач з млыном на беразе ракі і нават паставіў крыж, да якога прыбіў усе чатыры падковы, за што ад мясцовага святара атрымаў паўшчуванне: маўляў, скаціна ж гэта пала, а не чалавек. Паслухаўся млынар святара. Крыж прыбраў, а замест яго паставіў дубовы моцны слупок, а да яго на цвіку замацаваў кола, у якім было восем спіц. Як ні павернецца кола, то у большасці палажэнняў спіцы паказвалі усё роўна той жа крыжык.

Кажуць, калі пачалася вайна, адзіны сын млынара, сыходзячы на фронт, атрымаў на шчасце ад бацькі адну з падкоў пахаванага каня. Пасля вайны дадому сын вярнуўся жывым і цэлым. Адзіная варожая куля, што напаткала салдата, трапіла проста ў жалезную падкову, якая ляжала ў заплечніку. Вось як, калі можна так сказаць, з тога свету конь аддзячыў гаспадара млына за яго дабрыню і шчырасць, абараніўшы ягонага сына ад смерці немінучай.

Час няўмольна сцёр з твару зямлі і магілу каня, нават бераг ракі стаў іншым. Даўно няма і добрага млынара. Толькі стары млын, што сёння ў руінах, і сам, магчыма, памятае, і не дае забыцца людзям пра кульгавага канька, які некалі тут пражыў астатак свайго жыцця.

Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА

Фота: Уладзімір ЦВІРКА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59