Прыходзячая з туманамі

З самага пачатку не шэнціла нам з правадніком: тры тутэйшыя жыхары адмовіліся адразу, і толькі хударлявы стары, гадоў сямідзесяці пяці, не спяшаючыся накарміўшы авечак, згадзіўся праехаць з намі да старой капліцы. Па дарозе сталі распытваць правадніка, што яму вядома пра гэтую капліцу-пахавальню, і вось што ён нам распавёў…
З даўніх часоў і да Першай сусветнай вайны на гэтых землях стаяў невялікі, але даволі паспяховы маёнтак. Гаспадар, хадзілі чуткі, чыгунку ў Расіі будаваў, там і смерць сваю сустрэў. Пані Эльжбета –так звалі гаспадыню маёнтка –засталася адна з трыма дарослымі сынамі. Два з іх за мяжу вучыцца паехалі, і назад не вярнуліся. Праўда, зрэдку наведвалі маці, прыязджалі з маладымі жонкамі і дзецьмі. Малодшы ж сын заўсёды быў пры маці. Ён таксама ў свой час вучыўся ў Варшаве, але вярнуўся ў маёнтак і дапамагаў маці кіраваць гаспадаркай.
Дык вось, закахаўся гэты хлопец у прыгажуню з суседняга фальварка, які быў побач, цераз рэчку. Старой гаспадыні, відаць, даспадобы прыйшлася нявеста сына. Але толькі справілі вяселле – выбухнула Першая сусветная вайна. Малады гаспадар пайшоў на фронт, а яго маці запрасіла да сябе ў маёнтак цяжарную жонку сына. Кажуць, менавіта з гэтага пагорка, дзе зараз стаіць капліца, дзве жанчыны і выпраўлялі навабранца на вайну.
А капліцу пані Эльжбета пачала будаваць яшчэ раней, і калі сын ішоў на фронт, яна была ўжо амаль дабудавана.
Праз належны час нарадзіла маладая жонка дзіця –дачку. Але здарылася вялікае няшчасце – нявестка хутка занядужала, і ўсе намаганні старой пані вылечыць яе былі дарэмныя. Сканала маладая маці, мужа не дачакаўшыся, а дачка малая на руках свекрыві засталася.
Спачывае няшчасная жанчына менавіта ў гэтай капліцы…
–Усё,– перапыніў свой аповед стары, – тут пакідай колы, далей шлях наш пешы. Вось тут праз лясок пройдзем, а там у плот упнёмся. Хаця… які там плот. Вёска даўно нежылая, глухая, значыцца. Не чуў я, каб туды хто хадзіў. Вам гарадскім толькі не сядзіцца.
– Сфатаграфаваць трэба, для гісторыі, –апраўдваемся мы.
–Каго яна цікавіць, гісторыя гэтая. Хаця розныя ж людзі бываюць.
–Вядома! Значыць, і цікавяцца яны розным.
– Далей распавядаць? – спытаў стары.
…Праз колькі часу адзін са старэйшых сыноў прыехаў да старой пані і, гледзячы па ўсім, пераканаў маці пераехаць з малечаю да яго. Так Эльжбета і зрабіла. Справілі набажэнства, ды і на чужыну падаліся. А потым, самі ведаеце, Грамадзянская вайна лютавала, у сталінскія часы колькі людзей пазнікала. Нацярпеліся…
Прайшлі мы лясок і падышлі да канавы без мастка. Відаць, з часам струхлеў ён і ў ваду абваліўся. Над яркай зелянінай старых садоў на другім беразе чарнелі дахі хат. Справа на пагорку высілася капліца.
– Значыцца, паварочваць трэба, – пашкадаваў стары, расчараваны не менш за нас. – Уброд лезці не раю, невядома глыбіня якая. А яшчэ, мяркую, цікава вам будзе даведацца… Сам дык я не бачыў, але людзі з той вёскі ў страху казалі, што адразу ж пасля ад’езду гаспадыні маёнтка на пагорку, дзе маладая пані пахавана, сталі адбывацца дзіўныя рэчы. Калі з балота туман паднімаўся ажно да самай капліцы, з’яўляўся ў ім цень, быццам жанчыны, і стаяў нерухома, пакуль раніцай туман не спадаў. Відаць, душа нябожчыцы мучылася – усё працягвала яна чакаць мужа і дачку. Але з таго часу ніхто з гаспадароў маёнтка сюды не вярнуўся. А можа, і прыязджаў калі хто. Я і не ведаю.
Хутка гусцеў змрок. Ірваныя шматкі туману з нізіны папаўзлі ўгару да капліцы.
–Час нам, сынкі, назад паспяшацца, – ціха вымавіў стары. – Хаця дзень доўгі, але ноч свайго не ўпусціць. Дарога ў вас няблізкая, ды і мне, старому, косці свае трэба да цяпла, да печкі несці. Паспяшаемся, сынкі, паспяшаемся.
Мы неахвотна пагадзіліся і зноў паглыбіліся ў лес, часта азіраючыся праз плячо на напаўзаючы, да вёскі, да старой капліцы, туман.
Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА
Фота: Уладзімір ЦВІРКА
Рекомендуем






