Касцёл у чаканні свята
17 красавіка, калі праваслаўныя святкуюць Вербніцу, каталікі – ужо Вялікдзень. Пра велікодныя традыцыі гутарым з ксяндзом Дзмітрыем Пухальскім, пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі.
– Айцец Дзмітрый, раскажыце, калі ласка, чым адметныя для вернікаў апошнія дні перад Вялікаднем?
– У Вялікі чацвер пачаліся самыя галоўныя дні для кожнага хрысціяніна. У каталіцкай царкве гэты перыяд называецца “святы пасхальны Трыдуум”. Касцёл узгадвае пакуты, смерць і Уваскрэсенне Хрыста. На працягу гэтых дзён усё, што адбываецца ў касцёле, мае вельмі глыбокую сімволіку. Вялікі чацвер – гэта дзень Тайнай вячэры – апошняй вячэры з вучнямі, падчас якой Ісус Хрыстос устанавіў сакрамэнт Еўхарыстыі, святарства. Ва ўсіх кафедральных касцёлах свету раніцай збіраюцца святары разам са сваім епіскапам. Яны аднаўляюць свае святарскія абяцанні, просяць Бога аб дары веры. А ўжо вечарам у кожнай парафіі адбываецца Святая імша. Падчас набажэнства робіцца абрад умывання ног – святар паўтарае тое, што тысячагоддзі таму зрабіў Езус у адносінах да Сваіх вучняў: перад Сваёй смерцю на крыжы ў знак любові і пакоры абмыў ногі 12 апосталам.
Тое ж робіць святар ці біскуп – абмывае ногі 12 мужчынам
У гэты ж дзень пасля Святой імшы Святыя Дары адносяцца ў сімвалічную цямніцу, якая робіцца ў касцёле. Так мы ўзгадваем, як пасля апошняй вячэры Езус быў арыштаваны і пасаджаны ў цямніцу.
У Вялікую пятніцу – дзень смерці Хрыста – мы служым Святую імшу і збіраемся на набажэнства «Пакуты Пана», падчас якога чытаем Евангелле ад святога Яна. Цэнтральным момантам гэтага набажэнства з’яўляецца дарацыя крыжа. Справа ў тым, што пасля пятага тыдня Вялікага посту крыжы ў касцёле закрываюцца фіялетавай тканінай – сімвалам посту, а менавіта ў Вялікую пятніцу яна здымаецца. З гэтага моманту на крыжы мы зноў бачым фігуру Хрыста. У касцёле ўстанаўліваецца труна, у якую кладзецца фігура Езуса.
– Якія звычаі прыняты ў гэты дзень у каталікоў?
– Вялікая пятгніца – дзень строгага посту. Дзень малітвы. У каталікоў такіх строгіх дзён два: Папяльцовая серада на пачатку Вялікага посту і Вялікая пятніца. У гэты час дазваляецца ўжываць ежу толькі адзін раз на дзень, прытым мяса забараняецца. Гэта дні смутку, дні жалобы.
У Вялікую суботу фігура Хрыста ўсё яшчэ знаходзіцца ў труне, але гэта ўжо дзень падрыхтоўкі да свята. Мы бласлаўляем пасхальную ежу, людзі рыхтуюцца да святкавання.
Святочная літургія заўсёды служыцца вечарам пасля захаду сонца. У Заслаўскім касцёле яна пачнецца ў 21.00. Набажэнства носіць назву “Пасхальная вігілія”. Гэта галоўнае, самае доўгае і самае прыгожае набажэнства года.
Пачынаецца яно з Літургіі агню на вуліцы, калі мы распальваем агонь, ад якога запальваем пасхал – спецыяльную вялікую свечку. Яна сімвалізуе Хрыста Уваскрослага
У гэты дзень кожны вернік аднаўляе абяцанні, якія даваў падчас святога хрышчэння. Мы ўзгадваем, што мы хрысціяне, што хочам ісці па жыцці за Хрыстом Укрыжаваным. Заканчваецца набажэнства святочнай працэсіяй – хрэсным ходам. У Заслаўі мы звычайна ідзём вакол касцёла. Гэта кульмінація свята – людзі разам ідуць вакол храма, а наперадзе – фігура Уваскрослага Хрыста. Сімвал уваскрэсення, радасці, перамогі. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца радасны перыяд – пасхальная актава, калі каталікі 8 дзён святкуюць Пасху.
– А што нясуць на асвячэнне каталікі?
– Галоўная роля адводзіцца свянцонаму фарбаванаму яйку – гэта сімвал новага жыцця. Але сам абрад прадугледжвае не толькі асвячэнне яек, але і хлеба, і солі, і кілбасаў, і вяндліны. Пасля вялікага посту пачынаецца час вялікага святкавання. Таму бласлаўляецца ўсё, што прыносяць людзі. Летась у нечай карзіне была нават салата… Галоўнае тут – пасхальная радасць, і дай Божа, каб мы гэтай Пасхай жылі.
– Якімі сямейнымі традыцыямі адметнае святкаванне Пасхі?
– Гэта перш за ўсё пасхальны сняданак, на які збіраюцца сваякі. Таксама ёсць традыцыя валачобнікаў, калі дзеці і старэйшыя ходзяць па хатах і спяваюць велікодныя песні. Людзі віншуюць адно аднаго, дораць булкі і яйкі.
– Айцец Дзмітрый, якія традыцыі былі прыняты на Вялікдзень менавіта ў вашай сям’і?
– У маім дзяцінстве Пасха часта прыпадала на вясновыя канікулы. Разам збіраліся ўсе блізкія, і вялікая радасць панавала навокал. Але ўсё ж такі найбольшае ўражанне менавіта на мяне рабіла начное набажэнства. На жаль, зараз няшмат людзей праводзіць у касцёле ўвесь гэты час, бо поўная літургія працягваецца тры – тры з паловай гадзіны… Варта адзначыць, што падчас Велікоднага тыдня мы сустракаемся не толькі з нашымі сваякамі, але і ідзём на могілкі – наведаць нашых памерлых. У Касцёле няма традыцыі адведваць могілкі менавіта на 9-ы дзень пасля Вялікадня, але ў пасхальныя дні мы заахвочваем традыцыю прыбраць магілкі, памаліцца за памерлых. Касцёл супраць ужывання на святым месцы ежы і алкаголю, але, шчыра кажучы, з гэтай народнай традыцыяй змагацца цяжка.
Але вернікі павінны ведаць, што, святкуючы Уваскрэсенне Хрыста і чакаючы ўваскрэсення кожнага чалавека, мы перш за ўсё молімся за тых, каго ўжо няма побач.
– Айцец Дзмітрый, што пажадаеце на вялікае свята вернікам?
– Хочацца павіншаваць з Уваскрэсеннем Хрыстовым усіх вернікаў – каталіцкіх, праваслаўных, усіх хрысціян, усіх людзей добрай волі. Гэта галоўнае свята – свята Пасхі, свята Уваскрэсення, свята Перамогі, і мы павінны памятаць, што ў кожнай сітуацыі апошняе слова застаецца за Хрыстом. Мы не заўсёды перажываем найлепшыя, найпрыемнейшыя моманты ў сваім жыцці, але для чалавека з вераю ў сэрцы ўсе перажыванні з Богам, усе ахвяры – заўсёды заканчваюцца ўваскрэсеннем. Няхай мы пра гэта памятаем, верым у гэта, і хай верай у Хрыста, у Ягоную перамогу жыве кожны беларус.
Тэкст: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ
Фота: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ