Меню

Ці патрэбны інтэграваныя класы  – даведаліся у Крупіцах

Сёння ўсё часцей адкрываюцца класы інтэграванага навучання. Яны ствараюцца, каб дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця не былі нейкім чынам абмежаваныя. Часта ў бацькоў будучых першакласнікаў узнікаюць пытанні: «Чаму нас не папярэдзілі аб інтэграванні? Як гэта адаб’ецца на паспяховасці майго дзіцяці? Што рабіць, калі мы супраць?» Чарговы такі клас з новага навучальнага года будзе створаны ў Крупіцкай сярэдняй школе. Мы вырашылі разабрацца ў пытанні, пачуць меркаванні розных бакоў.

Кожны з нас па-свойму асаблівы

 У грамадстве даўно імкнуцца пазбягаць такіх тэрмінаў, як дзіця з дэфектамі, разумовай адсталасцю. Медыцынскія дэфініцыі ўжываюць урачы, а для псіхолагаў і настаўнікаў гэта дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 

Сістэма адукацыі развіваецца ў напрамку прызнання права на навучанне кожнага падлетка. Па словах дырэктара Крупіцкай школы Яўгена Сабурава, рашэнне аб залічэнні дзіцяці з асаблівасцямі развіцця ў інтэграваны клас прымае раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Калі падобнага класа ў школе раней не было, цэнтр тлумачыць працэдуру яго адкрыцця. Спачатку трэба прайсці абследаванне медыка-псіхолага-педагагічнай камісіі, а затым бацькі атрымліваюць заключэнне з рэкамендацыямі аб далейшым навучанні.

 – У пачатковую школу прыходзяць дзеці, якія не ўмеюць яшчэ дасканала адно з адным размаўляць, – лічыць Яўген Міхайлавіч. – У іх недастатковы слоўнікавы запас, зніжаны ўяўленні аб навакольным свеце. У старэйшых класах іх не пазнаць: актыўныя, здольныя. Яны нічым не адрозніваюцца ад аднагодкаў. Сёлета прысутнічаў на невялікім выпускным канцэрце, падрыхтаваным хлопчыкамі і дзяўчынкамі з інтэграванага класа. Магчыма, прагучыць крыху банальна, але адрозніць, хто з асаблівасцямі, проста немагчыма. Зразумеў, што ў такіх класах школьнікі вучацца быць памяркоўнымі, вучацца клапаціцца аб блізкіх, адэкватна ставіцца да людзей, якія чымсьці не падобныя на нас. Выпускнікі ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі ў будучым могуць прадоўжыць навучанне.

Час навучання дзяцей з АПФР залежыць ад ступені выяўленасці фізічных або псіхічных парушэнняў, магчымасцей асваення вучэбнай праграмы і складае для агульнай пачатковай школы 4–5 гадоў, на ўзроўні базавай адукацыі – 9–10 гадоў.

Чаго баяцца?

Школьнікі з АПФР у інтэграваных класах атрымліваюць прафесійную дапамогу настаўніка-дэфектолага і могуць навучацца па спецыяльных праграмах асобна, калі на тое ёсць медыцынскія паказанні. На ўроках прысутнічае спецыяліст, які суправаджае хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі ў школе, падчас урокаў знаходзіцца побач з імі, нешта тлумачыць. Заняткі па музыцы, фізічнай культуры такія падлеткі наведваюць разам з іншымі і ўдзельнічаюць у агульнай дзейнасці. 

Нягледзячы на гэта бацькі не спяшаюцца аддаваць сваіх дзяцей у інтэграваныя класы. Многія ўпэўнены, што сын або дачка будуць абдзелены ўвагай. Хтосьці лічыць, што няма за кім «цягнуцца» і агульны ўзровень падрыхтоўкі знізіцца. Ёсць тыя, хто проста хвалюецца аб агульным клімаце ў кабінеце падчас заняткаў, ці на перапынку. Іншы раз праблемы больш сур’ёзныя: бацькі скардзяцца на неадэкватныя паводзіны і агрэсію з боку «асаблівых» дзяцей. Трэба памятаць, што асаблівасці бываюць розныя: праблемы са слыхам, зрокам, апорна-рухальным апаратам. А ўявіце, што з вашым сынам ці дачкой можа сядзець здаровы хлопчык/дзяўчынка, пры гэтым іх паводзіны будуць вельмі далёкія ад ідэальных… 

У інтэграваным класе заняткі праводзяць настаўнік і дэфектолаг. Апошні займаецца сваёй дзейнасцю ў кабінеце з неабходным вучэбна-метадычным абсталяваннем.

На ўроках прысутнічае 3–6 вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У асабістай размове з адным з настаўнікаў даведалася, што на сённяшні дзень яшчэ не да канца вывучана пытанне з адкрыццём інтэгрыраваных класаў: няма поўнасцю распрацаванай праграмы навучання, не хапае метадычных дапаможнікаў. Дарэчы, у кожнага  ў класе былі дзеці, з якімі складана не толькі аднагодкам, але і педагагічнаму калектыву ўстановы адукацыі. Шмат залежыць ад адэкватнага падыходу. Трэба своечасова інфармаваць бацькоў, расказваць усе нюансы. У грамадстве яшчэ захоўваецца стэрэатып, што навучанне дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбнасцямі разам з астатнімі ўшчамляе іх інтарэсы. Увогуле, няма нічога больш страшнага за недахоп тлумачэнняў. Адразу з’яўляецца трывожная думка: значыцца, нешта тут не так!

Бацькоў таксама можна зразумець. Многія скардзяцца: маўляў, іх не папярэдзілі аб тым, што іх дзеці будуць вучыцца ў інтэграваным класе. 

У мінулым годзе па інфармацыі раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў прысталіччы дзейнічала 187 класаў інтэграванага навучання

Як паказвае практыка, іх колькасць штогод расце ў сярэднім на 2–3%. Не будзе выключэннем і чарговы навучальны год.

 Неперспектыўных дзяцей не бывае

У мнагадзетнай сям’і Сяргея Кашкана чацвёра дзяцей. Малодшыя двайняткі, Канстанцін і Арцём, як адзначыла камісія ЦКРіР, на сённяшні дзень крыху адстаюць у развіцці ад аднагодак. Паслухаўшы спецыялістаў, на сямейным савеце бацькі прынялі рашэнне раздзяліць хлопчыкаў: Косця ў новым навучальным годзе пойдзе ў першы клас. Цалкам падтрымліваюць іх у гэтым пытанні і цьютары, якія зараз суправаджаюць двайнятак.

– Наш выпадак памежны. Сын даволі моцна ва ўсіх пытаннях падрос у гэтым годзе. Здарыўся вялікі, адчувальны скачок у развіцці. У дзіцячым садку ўжо не так цікава. Думаю, у школе абудзецца яшчэ не адзін крок наперад. Праз тры-чатыры гады Косця выйдзе на ўзровень развіцця астатніх дзяцей, за якімі ва ўстанове адукацыі будзе цягнуцца. Несумненная карысць ад гэтага, спадзяюся, будзе і для Арцёма. Першапачаткова планавалі раздзяліць хлопчыкаў яшчэ ў садзе, але нам адмовілі. 

Недастатковае валоданне інфармацыяй звычайна вядзе да некампетэнтнасці асобных кіраўнікоў устаноў адукацыі ў некаторых пытаннях. Наогул, Сяргей лічыць, што ўсе дзеці асаблівыя.

– Мае сыны таксама па-свойму ўнікальныя дзякуючы нейкім рысам характару. Вядома, у дзіцячым садку часам шкоднічаюць, але, думаю, з-за таго, што адчуваюць некаторую перавагу перад іншымі. Не разумею, чаго баяцца бацькі. Многія, як высветлілася, не маюць паняцця, што такое інтэграваны клас. Кагосьці проста падманваюць іншыя бацькі. Знаёмая працуе настаўніцай у адной са сталічных школ, яна прызнаецца, што там грамадства больш прагрэсіўнае ў дачыненні да гэтай тэмы. 

Калі з’явіцца клас і наколькі адчуванымі будуць адрозненні паміж дзецьмі, даведаемся толькі з пачаткам новага навучальнага года. А пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі разам з бацькамі цікава бавяць вольны час і рыхтуюцца да школы. Але калі таты і мамы пачнуць разважаць, маўляў, ці хачу я, каб маё дзіця вучылася ў інтэграваным класе, ім не лішне будзе задаць сабе яшчэ пару пытанняў. Чаму ў еўрапейскіх краінах дзеці з «асаблівасцямі» свабодна могуць наведваць грамадскія месцы, дзе на іх не паказваюць пальцам? Ці можа наша дзяржава забяспечыць такім асобам дастатковую псіхалагічную і педагагічную падтрымку, рэабілітацыю; дапамагчы рэалізавацца, атрымаць у некаторых выпадках патрэбныя сацыяльныя навыкі? Пакуль застаецца яшчэ шмат пытанняў. Каб з’явіліся адказы, патрэбна перш за ўсё нешта мяняць у сабе.    

Напрыканцы – добрая гісторыя з жыцця. Хлопчыкі Арцём і Косця Кашканы таксама, як і мой сын, наведваюць Крупіцкі дзіцячы сад. На днях, калі прывяла Рому ў групу, Косця падбег да яго, абняў і кажа: «Ромка, як цудоўна, што ты прыйшоў!» У гэты момант хацелася адначасова плакаць і ўсміхацца.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59