Засечкі на парозе
Трохі ад’ехаўшы, я спыніўся і выйшаў з машыны. Унізе пад спадзістай гарой, у прасторнай лагчыне, у тумане ляжала вёска. Справа пад высокімі дрэвамі – стары пагост. Недалёка – на даляглядзе – чорная паласа лесу. Раптам – выццё. Ледзь чутнае, далёкае, разлілося і растала ў сонным свеце. Прыслухаўся… Не, гэта, магчыма, завыў сабака ў вёсцы ці проста вецер…
Суседзі ў гаспадароў гэтай сядзібы былі страшна зайздрослівыя. А яшчэ на руку нячыстыя: усё да іх ліпла. І вось, калі ставілі новую клець для рэчаў нейкіх і рыштунку хатняга, па парадзе старэнькай маці гаспадар гэтай сядзібы зрабіў сякерай тры засечкі на парозе – абярэг. Позна ўвечары, калі заходзіла сонца, бабулька прамовіла заклён і, асяняючы дзверы знакамі рознымі, акрапіла парог і сцены вадою з бутэлькі цёмнай, перавязанай скуранымі папружкамі і ніткамі рознакаляровымі.
І праўда, зладзеяў як адрэзала. Можа, самі яны цераз плот убачылі бабуліна чарадзейства, а можа, і праўда сіла заклёну на маёмасць гаспадарскую забарону наклала.
А жыццё ішло далей. Пасталеўшы, два сыны дзевак добрых у жонкі ўзялі, на другім канцы вуліцы хаты паставілі прасторныя. Кожны сваёй гаспадаркай абзавёўся – не горш за бацькоўскую. Бацькоў не забываючы, дапамагалі ў полі сілай маладзецкай ды на пірагі заязджалі па святах ці так, з нейкай іншай нагоды.
Так прайшло некалькі гадоў… Паміраючы, маці гаспадара распавяла: заклён не толькі абараняе будынак і ўсю гаспадарку ад крадзяжу, ад няшчасцяў і пошасцяў, у яго ёсць яшчэ адна, нашмат страшнейшая сіла: калі хто паквапіцца на дабро нажытае, пераступіўшы гэты парог, ператворыцца ў ваўкалака. І здарыцца гэта толькі тады, калі чалавек, выходзячы з гумна, пераступіць парог задам, то-бок будзе адыходзіць спінай. І яшчэ сказала яна, што чары яе не дзейнічаюць на ўсіх членаў сям’і, якія цяпер жывуць. Яна ціхенька стала пералічваць пайменна і сына з нявесткай, і ўнукаў з жонкамі, і дзяцей іхніх малых. Пасля таго як вусны яе вымавілі імя апошняга ўнука, гаспадар сядзібы пачуў словы перадсмяротныя. Гаварыла старая, што калі яна пойдзе ў лепшы свет, калі на тое будзе жаданне ці страх перад заклёнам, лепш парог выразаць і спаліць яго на трэці дзень пасля Радаўніцы на скрыжаванні трох дарог, на першай зорцы.
Што перашкодзіла гаспадару выканаць апошняе настаўленне маці – зараз пра гэта нельга даведацца. Магчыма, клопаты гаспадарскія паўсядзённыя засланілі дадзенае абяцанне, не такую, здавалася, справу значную. А тут яшчэ і радасць светлая ў дом прыйшла – жонка гаспадара ашчаслівіла, нарадзіла яму дзіця позняе, трэцяга сына…
Дзіця расло кемлівым, гарэзлівым. Душа – бяры ды радуйся! І так выходзіла, што сын цягнуўся больш да бацькі. Маці хоць і была добрай жанчынай, але сыночак усё на татавых каленях сядзеў, за рукамі сачыў бацькавымі, калі той па гаспадарцы нешта рабіў…
Нічога з раніцы не прадвяшчала, што вось-вось усё жыццё ў гэтым мірным, шчаслівым доме так рэзка зменіцца, павернецца ў такое страшнае рэчышча… Як гаворыцца, летні дзень год корміць, таму ранкам усе дарослыя ўжо былі на нагах, кожны ведаў, чым і дзе ён будзе займацца на працягу дня.
Малы прачнуўся нашмат пазней, па звычцы выбег на ганак і гучна паклікаў бацьку. І, не пачуўшы голасу ў адказ, пабег яго шукаць. Усюды заглядваў. Прасторная клець была самай далёкай з пабудоў, дзіця накіравалася і да яе. У гэты час з другога канца двара з’явіўся бацька… Усё здарылася імгненна. Нешта нядобрае, страшнае варухнулася ў яго грудзях, ён паклікаў сына, але ўжо было позна. Малы пераступіў парог з засечкамі, а з цёмнага праёму адкрытых дзвярэй гумна над яго галавой праляцела велізарная сава, якая выпадкова заляцела сюды, калі палявала на мышэй. Дзіця спалохалася. Хлопчык зрабіў некалькі крокаў назад і ўпаў спінай на вуліцу. Цяжка ўявіць, а апісаць яшчэ цяжэй, што здарылася ў гэты момант, сведкамі якога былі і бацька, і маці, якая выпадкова апынулася на ганку дома. Нейкае імгненне – проста зацьменне ў вачах, у тумане ўсё. А калі заслона ўпала, убачылі – па двары кідалася і жаласна вішчала зусім невялікае ваўчаня. Патыкаўшыся ў розныя куты пыскай, яно шмыгнула ў адкрытую брамку і праз поле, часта азіраючыся, патрухала да бліжэйшага лесу. Відаць, не было абярэга ад бабулінага закляцця на гэтага малога, імя якога яна не вымавіла, паміраючы.
Бацька толькі тады апамятаўся, калі жонка, ціха войкнуўшы, асунулася на прыступкі ганка і тут жа памерла, гледзячы застылым позіркам услед сыну.
І пахаванне жонкі, і пошукі сына-ваўкалака ў лесе ўсёй вёскай падарвалі сілы гаспадара канчаткова: ён злёг, перастаў есці. Нішто і ніхто так і не змаглі б вярнуць яго да жыцця, калі б аднойчы да яго слыху не даляцела далёкае скуголенне ваўчаняці. Пакінуўшы гаспадарку на старэйшага сына, бацька выкупіў на хутары стары дом, што стаяў блізка ля лесу, і пасяліўся там.
Праз нейкі час людзі заўважылі ў двары пустэльніка – самога гаспадара – і побач з ім маладога ваўка.
Колькі так пражыў стары – невядома, але аднойчы дзеці, якія наведаліся да яго, знайшлі бацьку мёртвага каля дзвярэй, а каля яго ног ляжаў вялізны, незвычайнай прыгажосці воўк. Звер устаў і, нікога не чапаючы, вярнуўся ў лес.
Пасля пахавання няшчаснага бацькі ўся акруга чула на могілках воўчае выццё, больш падобнае на чалавечае галашэнне. Людзі не сталі забіваць звера, бо, вядома ж, здагадваліся.
Тэкст: Уладзімір Цвірка
Фота: Уладзімір Цвірка