Без рубрики

Пяшчотныя рукі

Амаль на самым краі маленькай вёсачкі, на пагорку ля велізарнага хваёвага бору, стаяла драўляная старая каланча з неверагодна прыгожым, медным звонам.

У яго жыхары паселішча званілі рэдка, але заўсёды па неабходнасці: або сабрацца трэба было людзям, каб прыняць нейкае калектыўнае рашэнне, або паведаміць пра важныя падзеі, пра пажар ці іншае якое няшчасце.

Пачуўшы звон, людзі імгненна кідалі ўсе свае справы і збіраліся ля гэтай каланчы ці там, дзе бяда імкнулася правіць свае  чорныя парадкі. Старая каланча трухнела ад ветру і ад дажджу, але людзі зноў і зноў яе  аднаўлялі. І зноўку знаёмы кранальны звон плыў над наваколлем. Каланча была як родная ўсім жыхарам вёскі, жыла іх справамі, падзеямі, дзяліла з імі і шчасце, і непрыемнасці.

І вось аднойчы гарачым летнім днём у гэтай вёсцы раптоўна здарыўся пажар у адным з дамоў. Было гэта ўсё прыкладна пад абед.  Дарослыя ды падлеткі ў полі, на сваіх надзелах. А ў вёсцы засталіся толькі адны старыя, нямоглыя ды дзеці малыя. Вецер быў досыць моцны, сухі. І напрамак вельмі небяспечны – паўз вуліцу. А дом загарэўся крайні. Агонь мог перакінуцца на суседнія драўляныя хаты і за кароткі час знішчыць літаральна ўсю вёску. Трэба было як мага хутчэй апавясціць аднавяскоўцаў пра няшчасце. У адным з дамоў, які стаяў бліжэй да каланчы, застаўся дзядуля з унучкай гадоў сямі. Стары гаспадар з хворымі нагамі ляжаў у ложку. Падняцца ён мо яшчэ б і змог, а вось дабрацца да каланчы – наўрад. Па просьбе дзядулі пабегла дзяўчынка. Але вось бяда! Дацягнуцца да вяроўкі, якая звісала ад языка звона на зямлёй, было немагчыма. І каменьчык малая падкладвала, і імкнулася як мага вышэй падскочыць – усё безвынікова. Як ні старалася ўнучка, каланча працягвала няўмольна маўчаць. А полымя ўсё вышэй узнімала свае пякельныя пялёсткі над дахам пабудовы, было відавочна, што вялікай бяды не пазбегнуць. Тады апусцілася дзіця на калені, у траву высокую, пад каланчой ды горка заплакала. І тут здарыўся цуд!  Нечыя цёплыя, пяшчотныя рукі падхапілі малую, паднялі як мага вышэй над зямлёй, і тая моцна ўхапілася за вяроўку звона. Рукі разгойдвалі шчаслівае  дзіця – здавалася, навакольны свет хістаўся, гайдалася само паветра, дапамагаючы маленькаму дзіцятку. І загучаў звон. Працяжны яго голас лунаў над абшарамі. Трывожны набат пачулі ў далёкім полі людзі, прыбеглі ў вёску і паставілі заслон агню ненажэрнаму…

Калі ўсё скончылася, даведаліся аднавяскоўцы, каму абавязаны выратаваннем. Але дзяўчынка казала, што калі б не жанчына ў прыгожых строях белых, з рукамі неверагодна цёплымі ды пяшчотнымі, усмешкай шчырай на твары, нічога б у яе адной не атрымалася. Каго толькі не пыталіся – ніхто не бачыў незнаёмкі ў той дзень. І яшчэ казала маленькае дзіцятка, што жанчына тая вельмі ж была падобная на Мадонну з немаўляткам, як  на іконе, якая вісіць пад столлю ў хаце яе старэнькага дзядулькі.

У памяць пра той цуд вырашылі людзі ўсёй вёскай паставіць на месцы званіцы невялічкую драўляную каплічку. А бацька дзяўчынкі пасадзіў за святынькай лістоўніцу. Тое прыгожае дрэва і сёння можна ўбачыць. Звон з каланчы перанеслі на званіцу капліцы, каб і надалей склікаў людзей ці па неабходнасці якой, ці на малітву, звернутую да Маткі Боскай.

Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА

Фота: Уладзімір ЦВІРКА