Время перед Рождеством – это не шопинг, а духовная подготовка
Ужо вельмі хутка надыдзе адно з галоўных святаў хрысціян заходняй традыцыі, католікаў, пратэстантаў, грэка-католікаў, таксама праваслаўных веруючых у тых краінах, дзе царква прытрымліваецца грыгарыянскага календара – Нараджэнне Езуса Хрыста. Гэта адно з найвялікшых святаў рэлігійнага календара. Напярэдадні Божага Нараджэння мы гутарым з пробашчам касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі Антоніем Клімантовічам.
– Ксёндз Антоній, чаканне самога свята для вас, для прыхаджан, што гэта за час?
– Кажучы пра падрыхтоўку, чаканне, чалавек усё жыццё да нечага рыхтуецца, нечага чакае. І зараз, у такі адметны час Адвэнта (4-тыднёвы перыяд перад Раством), ёсць мэта падрыхтоўкі, калі ўжо мы ведаем, да чаго мы рыхтуемся, менавіта да свята Божага Нараджэння.
Сёння гэта свята стала нейкім такім святам шопінга. Усе рыхтуюцца праз пакупкі. Не куплю нечага там – не будзе свята, не куплю падарункаў – не будзе свята… Згодны, што прыемна рабіць падарункі, прыемна нешта купіць. Але сэнс падрыхтоўкі да Божага Нараджэння – гэта не купіць нешта, а падрыхтавацца духоўна.
Мы дзелім літургічны год на розныя перыяды. Лічыцца, што новы год прыходзіць 1 студзеня, а ў нас новы год, літургічны, пачаўся з пачаткам Адвэнту.
Пост перад Нараджэннем – гэта радаснае чаканне; чалавеку радасць прыносіць тое, што ён вызваляецца ад грахоў, перамагае самога сябе ў сабе
Перамагчы іншага – для гэтага я маю нейкую сілу: мацнейшы-слабейшы, кудысьці не палезу. А перамагчы самога сябе – гэта самая вялікая перамога. Тыя два «я» ў сабе, адзін з якіх, напрыклад, кажа: «Схадзі да споведзі, учыні дабро, прабач», а другі кажа: «Не трэба, навошта, табе не прабачаюць, і ты не прабачай, няхай так будзе». І за тым, другім «я» крыецца Сатана. Ён таксама існуе. Мы верым у Бога, але і Сатана існуе, які перашкаджае чалавеку ў яго духоўнай падрыхтоўцы. І менавіта Адвэнт – такі час духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Калі чалавек мае чыстае сумленне, калі паяднаны з іншымі людзьмі, тады ёсць радасць.
Калі ж маю грэх, калі маю на некага злосць, то Божае Нараджэнне будзе для мяне такім… шопінгам.
– Узважваючы дзве супрацьлегласці, вывад напрошваецца сам: Бог – ёсць дабро, Сатана – зло.
– Так і трэба так казаць. Бог – дабро, любоў, прабачэнне, паяднанне… Усе тыя добрыя якасці, якія ёсць у чалавека, гэта якасці Бога. Мы толькі наследуем іх, можа, у поўні іх і не атрымліваем, бо Бог – гэта поўня, той максімум, які можа быць любоўю, дабрынёй. А Сатана – гэта максімум зла. Мы таксама часам, хоць на трохі, але дрэнныя. Можам быць яшчэ горшымі, і тады становімся бліжэй да Сатаны.
– Ксёндз Антоній, у свецкім асяродку ёсць падрыхтоўка да свята, як вы ў пачатку гутаркі заўважылі, праз шопінг. А як класічна, калі так можна сказаць, рыхтуюцца да свята года сем’і веруючых католікаў?
– Чаканне свята Нараджэння – ціхае свята. Цішыня звычайна суправаджае падрыхтоўку да такога дня: у плане веры, прыхода да Бога, гутаркі з ім. У гэты час чалавек знаходзіць магчымасць часцей бываць у касцёле, спыніць бег жыцця, яго хуткасць, падумаць, паразважаць над ім, над сваімі ўчынкамі, прамовіць малітвы, паспавядацца.
25 снежня папярэджвае вігілійны стол (вігілія з лацінскай мовы – «чуванне»). Гэта сямейнае свята, на якое збіраюцца самыя блізкія і дарагія людзі. Звычайна за такім сталом заўсёды ёсць адно свабоднае месца. Для госця, які можа ў любы час завітаць у дом, каб разам з усімі змог падзяліцца той жа аплаткай – сімвалам любові, паяднання.
Мы, калі дзелімся аплаткай у час вігілійнага стала, складаем пажаданні, просім прабачэння адзін у аднаго
На стол у гэты час ставяцца посныя стравы. Прысутныя дзеляцца падарункамі.
Само ж свята, вельмі гучнае, вясёлае! «Хвала на вышынях Богу!» – гімн, які мы не можам шаптаць. Б’юць званы, весялосць навокал! Мы павінны яго гучна спяваць: «Езус нарадзіўся!»
– Як доўга дарослыя павінны трымаць інтрыгу перад дзецьмі са святым Мікалаем?
– Ведаеце, у гэтым пытанні прысутнічае і выхаваўчы момант. (Усміхаецца). Святы Мікалай таксама ж прыходзіць не проста так і прыносіць падарункі. Ён прыносіць падарункі тым дзеткам, якія сябе добра паводзілі і вучыліся, слухаліся бацькоў, прыходзілі да касцёла.
Мы распрацавалі анкету-апытанку, якую дзеці разам з бацькамі запаўняюць. Чаму з бацькамі? Думаю, відавочна! І там як раз утрымліваюцца пытанні, якія нібы падштурхоўваюць дзяцей да добрых паводзін, учынкаў. Чаму б і не падтрымаць такую гульню, калі яна на дабро!
– Як сёння сучасных дзяцей прывесці да веры? Як іх заахвоціць абраць бок дабра?
– Тут наколькі простае пытанне, на столькі і складанае. Першае – гэта добры прыклад жыцця бацькоў. Калі яны будуць любіць адзін аднаго, шанаваць, у сям’і будзе лад і давер, то і дзіця, не бачачы іншага, будзе як губка насычацца дабром. Губка ўпітвае чыстую ваду і чыстую аддае. Так і пра адваротнае. Калі ў сям’і няма еднасці, калі нормай лічацца сваркі, абразы, калі не будзе паяднання з роднымі і блізкімі сваякамі, то і добрага не будзе. Але ж жыццё – справа непрадказальная. І ёсць нямала супрацьлеглых прыкладаў, калі з той жа недабранадзейнай сям’і, насуперак усяму, выходзяць цудоўныя людзі. Таму і кажу, што адзіна правільнага рэцэпта не бывае.
– Ксёндз Антоній, дазвольце спытацца, што ў вас стала тым пераломным момантам, калі вы для сябе вырашылі, – пайду ў рэлігію?
– Ведаеце, у мяне не было такога моманту. У мяне бацькі веруючыя. І бываючы з імі ў касцёле, я вельмі часта канючыў: «Мама, калі мы ўжо пойдзем дадому, ці хутка скончыцца імша?» Тым больш, што службы вяліся ці то на лацінскай мове, ці то на польскай. Разумець не разумеў, але малітву ведаў. Адным словам – дзіцё. Але ўжо калі быў нейкі фэст, с гулянкамі, цукровымі пеўнікамі, о, тады было цікава!
А яшчэ ж быў час, калі ўсіх веруючых, у тым ліку і католікаў, пераследавалі. Але тады, як мне здаецца, і вера была мацнейшая. Калі ж так адбывалася, то хацелася рабіць наадварот – ісці ў веру. Не было касцёлаў, святароў, людзі збіраліся патаемна, маліліся. Не было камуніі, але людзі трымаліся Пана Езуса.
Зараз жа як бы і ёсць свабода, калі ласка, усё адчынена, а людзей менш становіцца, пакліканых да святарства – менш.
Я магу сказаць, што гэта я пайшоў у святары, але, не, не так. Мяне Бог паклікаў. І ў гэтым таксама вялікая таямніца. І ў кожнага яна па-свойму адбываецца.