Меню
УП "Мингаз"

Ціхая ноч, святая ноч. Як падрыхтавацца да Свята Божага Нараджэння

Ціхая ноч, святая ноч. Як падрыхтавацца да Свята Божага Нараджэння

На гэтым тыдні каталіцкія вернікі адзначаць адно з найгалоўнейшых для ўсіх хрысціян святаў — Нараджэнне Хрыстова. Атмасфера гэтай падзеі асацыіруецца з чаканнем, радасцю, блізкасцю і добразычлівасцю. Напярэдадні свята мы паразмаўлялі з пробашчам парафіі святога Францішка ў вёсцы Копішча братам Янам Садоўскім.

У каталіцкай традыцыі час падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння называецца адвентам, і галоўнай яго задачай з’яўляецца напамін людзям: усё, што робіць для людзей Бог, Ён робіць з-за любові да чалавецтва.

– Адвент – час радаснага чакання нараджэння нашага Збавіцеля, – тлумачыць Ян. – Гэта перадусім –чаканне, падрыхтоўка да таго, што Ісус прыйдзе другі раз на Зямлю. Але чакаем Яго не як суровага суддзю, а як сябра, Які дасць нам шчасце і спакой.

– Чым адрозніваецца Святая імша падчас посту Каляднага ад звычайных набажэнстваў?

– Святая імша ў адвенце мае свае асаблівасці. У першую чаргу можна заўважыць, што святар апранае літургічнае адзенне фіялетавага колеру. Існуе таксама традыцыя ранішняй імшы ў гонар Маці Божай, якая называецца раратнайі. Імша пачынаецца ў цемры, касцёл асвятляюць толькі свечкі і знічы, якія прыносяць людзі. І ў пэўны момант запальваецца святло. Запалены агонь, які мы трымаем у руках сярод змроку, азначае, што мы не спім, а чакаем Хрыста, Які павінен прыйсці.

Ян Садоўскі

– Як святкуюць Божае Нараджэнне ў манаскай супольнасці?

– У нашым доме мы стараемся стварыць хатнюю, сямейную атмасферу. Традыцыі манахаў не адрозніваюцца ад сямейных. Адзінае, на нас таксама кладзецца клопат па падрыхтоўцы святыні да святаў і, канешне ж, літургіі.

Як лепш падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння, калі члены сям’і – прадстаўнікі абедзвюх канфесій?

– Калі мы гаворым пра сем’і, дзе сустракаюцца розныя хрысціянскія традыцыі, галоўнай умовай добрай падрыхтоўкі да святаў будзе ўзаемная павага: нягледзячы на розныя звычаі, мы ўсе чакаем нараджэння Хрыста. Як я ўжо казаў, Бог прыходзіць на Зямлю, каб паказаць Сваю любоў да нас. Таму найлепшай падрыхтоўкай да свята  Божага Нараджэння будзе памкненне зберагчы  любоў і спакой паміж намі.

– Брат Ян, ці ёсць нейкія народныя традыцыі, звычаі, абрады, якія не супярэчаць рэлігіі? Бо той  жа каляднай варожбы царква не ўхваляе.

– Любыя формы варажбы і магіі з’яўляюцца цяжкім грахом, бо праз іх мы адкідаем Бога і стараемся ўласнымі сіламі вырашыць свае праблемы, забяспечыць сабе дабрабыт і поспех. Аднак існуюць і хрысціянскія звычаі, звязаныя з Божым Нараджэннем. Адзін з найбольш распаўсюджаных сярод каталікоў Беларусі дзяліцца  аплаткай падчас вігілійнай вячэры. Перад тым як сесці за святочны стол вечарам 24 снежня, усе моляцца разам, дзякуючы Богу за чарговы пражыты год і просячы благаслаўлення ў надыходзячым. Пасля кожны бярэ аплатку, кавалак хлеба, дзеліцца ім з тымі, хто побач, і прамаўляе  віншаванні і пажаданні. Гэта таксама добрая нагода, каб папрасіць прабачэння альбо падзякаваць сваім блізкім і сябрам.

Ёсць і іншыя традыцыі. Напрыклад, запаленая свечка, якая сімвалізуе зорку, што вядзе да нованароджанага Хрыста; сена пад абрусам, як напамін пра тое, што Немаўля Ісус быў пакладзены ў яслі; хатняя батлейка і шмат іншага.

– Новы год асацыіруецца з новымі магчымасцямі, новым этапам жыцця і светлымі надзеямі. Як зберагчы  мір у душы ў сённяшні неспакойны час?

– Вера дае нам перадусім надзею на тое, што зло будзе пераможана, спакой і радасць зноў возьмуць верх. Само нараджэнне Хрыста, Таго, Хто перамог смерць і грэх, адбываецца ноччу сярод змроку і няўпэўненасці. Аднак Дзіця – гэта Той, Каго так доўга чакалі. І Яго нараджэнне з’яўляецца знакам клопату Бога пра нас. Ён абяцаў, што вызваліць нас ад палону зла, і выканаў гэта праз Хрыста. Таксама і цяпер Бог не забыў пра нас. Прыйдзе адпаведны момант, і Ён пакажа сваю магутнасць.

Аднак Бог ужо клапоціцца пра кожнага з нас у нашай штодзённасці. Нам трэба толькі навучыцца заўважаць знакі.

Тэкст: Дар’я ІВАНОВА

Фота: аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59