Как в Лошанах берегут достоинство нации
Кожны год 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы, які нагадвае нам пра важнасць захавання і вывучэння сваёй культуры. У сувязі з гэтым мы адправіліся ў адну з беларускамоўных школ Мінскага раёна, каб затым расказаць чытачам, як там праводзяцца ўрокі, якія методыкі выкарыстоўваюцца для вывучэння і зберажэння беларускай мовы, а таксама як дзеці ўключаюцца ў працэс навучання.
Выбар выпаў на Лашанскую сярэднюю школу – і нездарма, бо з самага пачатку тут размаўляюць толькі на беларускай мове. У нюансах і спецыфіцы ўстановы адукацыі дапамагла нам разабрацца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Качан. Амаль 20 гадоў Алена Уладзіміраўна працуе педагогам у гэтай школе.
– Школа у нас не вельмі вялікая, але класы досыць шматлікія. Настаўнікі стараюцца ўжываць толькі беларускую мову, усе падручнікі ў нас выкарыстоўваюцца толькі беларускамоўныя, з вучнямі размаўляем таксама выключна на беларускай мове. Паміж сабой на перапынках дзеці, вядома, гавораць і па-руску, але як прыемна, калі чуеш нашу родную мову!
Аднак не ўсё так проста, як можа здацца на першы погляд. Вучні ж потым паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, і ім пры здачы тых ці іншых экзаменаў недзе ўсё роўна спатрэбіцца руская мова. Таму настаўнікі некаторыя тэрміны, паняцці ці азначэнні ўсё-такі даюць з перакладам.
Ці сутыкаюцца на самай справе выпускнікі беларускамоўнай школы з праблемамі пераадаптацыі? Як аказалася, зусім не! На думку Алены Качан, дзеці хутка і натуральна пераключаюцца на рускую мову. А настаўнікі ў сваю чаргу выкарыстоўваюць рускую тэрміналогію і паралельна беларускую, каб вучням было прасцей усё зразумець.
Аналагічная сітуацыя і з навічкамі. Настаўнікі стараюцца ўсяляк дапамагчы ім уліцца ў беларускамоўны калектыў, тлумачаць значэнне слоў і тэрмінаў. Таксама выдаюць два камплекты падручнікаў: на беларускай мове і на рускай.
Настаўніца можа расказаць шмат цікавых гісторый. Так, адна з выпускніц Алены Уладзіміраўны вырашыла паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Калі там даведаліся, што яна будзе здаваць тэсты на беларускай мове, з ёю адразу пачалі размаўляць на вы, падкрэсліваючы сваю павагу.
Цікавы факт: часцей у якасці абавязковага экзамену вучні выбіраюць беларускую мову
– А ці можна сказаць, што ўсе супрацоўнікі школы размаўляюць на беларускай? – задумваецца Алена Качан. – Вядома, вельмі хацелася б сказаць, што так, аднак усё роўна часам ды праскочыць руская гаворка. Але хвалявацца не варта, у нас дзве дзяржаўныя мовы – і руская ў тым ліку.
– Як Дзень роднай мовы адзначаецца ў беларускамоўнай школе?
– У гэты дзень у нас заўсёды плануецца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных святу роднай мовы. Заняты амаль кожны перапынак рознымі цікавымі актыўнасцямі для вучняў, – распавядае суразмоўца.
Як аказалася, у першую чаргу гэта стварэнне адпаведнай атмасферы: народныя беларускія песні з самай раніцы гучаць у холе школы. Таксама гэта мерапрыемствы ў кожным класе. У мінулыя гады арганізоўваліся вельмі цікавыя конкурсы са станцыямі, загадкамі, маршрутамі, не абыходзілася без дыктоўкі. За ўдзел можна было атрымаць бонусныя балы і потым выкарыстоўваць іх у плюс да сваёй ацэнкі на ўроках.
Але і на гэтым яшчэ не ўсё. Школа выпускае ўласны ўнутрышкольны часопіс “Медуніца”, які выходзіць раз у паўгоддзе, – там публікуюць гісторыі і апавяданні вучняў.
– Мы імкнёмся быць адкрытымі для ўсіх, і таму з радасцю прымаем як беларускамоўных, так і рускамоўных дзяцей. Мы заўсёды рады бачыць новых вучняў, якія жадаюць вывучаць беларускую мову і культуру. Таксама стараемся падтрымліваць высокі ўзровень адукацыі, прапаноўваючы якасныя навучальныя праграмы і рэгулярна абнаўляючы вучэбны матэрыял. Наша мэта – забяспечыць усім вучням магчымасць атрымаць паўнацэнную адукацыю на беларускай мове, –рэзюмавала дырэктар школы Лідзія Івінская.
Вопытны настаўнік беларускай мовы і літаратуры дае рэкамендацыі, як павысіць якасць сваіх ведаў. У першую чаргу трэба стала размаўляць на беларускай мове. Таксама старацца пісаць толькі на беларускай. І чытаць больш беларускай літаратуры. Тады ўсё атрымаецца!