Меню

Зорачка калядная

Памятаеце, чым скончылася першая частка нашай каляднай казкі? Прачнулася крошка-зорачка, калі была ўжо далёка ад Зямлі. Папрасілі ў яе прабачэння старэйшыя зоркі, што не абудзілі перад тым як ляцець. Але яна не вельмі крыўдзілася, яны былі для яе самыя родныя і блізкія, самыя дарагія.

Частка другая

І вось разляцеліся неўзабаве зоркі па небе – хто дзе застаўся. І азарылася ўсё вакол зорным святлом ярка, іскрыста. Людзі на далёкай Зямлі бачылі свае зоркі    і адчувалі, што сувязь паміж імі не толькі не аслабела, а можа, стала нават мацнейшай.

Маленькая зорачка таксама знайшла сабе зацішны, утульны куточак у неабсяжнай нябеснай прасторы. Але як бы добра там ні жылося, не пакідала яе трывога за маленькую мілую істоту, што засталася на Зямлі. І вось звярнулася яна зноў да сваіх сясцёр-зорак, распавяла пра свой былы намер вярнуцца на Зямлю.

– Так, – адказалі яны, – ты можаш гэта зрабіць. Але такая магчымасць будзе ў цябе толькі адна, бо ты больш ніколі не зможаш вярнуцца назад, да нас. І менавіта з-за гэтага мы не пакінулі цябе на Зямлі, параіўшыся, што з цягам часу гэтае жаданне пакіне цябе. Зразумела цяпер – мы памыляліся. Ты маленькая, а сэрца ў цябе вялікае і поўнае любові.

Абняла зорачка сваіх сясцёр са словамі, што іначай не можа і што прымае яна такую ўмову, толькі б вярнуцца да беднага маленькага дзіцяці.

Склала яна свае промні-крылы і ў імгненне вока саслізнула з нябеснай вышыні да далёкай блакітнай планеты Зямля.

А на Зямлі ў той самы час стаяла зіма, і ўсё вакол было ўхутана белым-белым снегам. Святкавалі Калядкі. Па вуліцах з песнямі гулялі пераапранутыя ў дзівосныя касцюмы людзі. Перад сабой на рознакаляровых шастах неслі яны калядныя зоркі, упрыгожаныя яркімі стужкамі. Было шмат весялосці, песень і музыкі. Толькі ў невялічкай  хацінцы на краі вёскі сядзела ля акна маленькая дзяўчынка і з тугою глядзела на вуліцу, на вясёлых дарослых і дзяцей і сумавала, што не можа быць з імі разам. Каля ложка стаяла зробленая дзяўчынкай сціплая калядная зорачка.

У пакой увайшла маці малышкі.

– У такі вечар не будзем сумаваць, – прамовіла яна. – Давай разам загадаем жаданне, разам паглядзім на неба, дзе пасялілася твая любімая зорачка. І тады тое, што мы загадаем, абавязкова спраўдзіцца.

І яны паднялі вочы да далёкага зорнага небасхілу. У тое ж імгненне праз усё неба слізгануў тонкі след знічкі.

– Вось! Гэта добры знак, – маці пацалавала дачку і, сумна ўздыхнуўшы, пайшла ў суседні пакой.

Як толькі малышка засталася адна, скрозь шкло па яе далоні бліснуў ледзь прыкметны праменьчык. Дзяўчынка адразу зразумела, хто вярнуўся да яе з далёкага неба.

Тут жа прагучаў ціхі голас зорачкі:

– Я вярнулася і больш ніколі-ніколі цябе не пакіну. Калі я ляцела да Зямлі, я пачула ваша з маці жаданне, адно на дваіх, – каб ты была здаровай. Абяцаю, што ўсё так і будзе – я заўсёды буду побач з табой і буду бараніць цябе, як умею. А жыць я буду вось тут.

І зорачка спрытна саскочыла з далоняў малышкі і нырнула ў зробленую дзяўчынкай калядную зорку. І адразу ж тая заззяла ледзьве прыкметным блакітным святлом.

Калі маці зноў увайшла ў пакой дачкі, яна ўбачыла, што там кружыцца ў танцы вясёлае і здаровае дзіця з зіхатлівай каляднай зоркай у руках.

– Матулечка, родненькая, – праз слёзы радасці гаварыла малышка, – давай як мага хутчэй апранацца! І на вуліцу, да людзей! З усімі разам святкаваць Калядкі!

А закончыць вельмі хочацца менавіта так: калі моцна верыць у лепшае, у добрае, дык, верагодней за ўсё, так і будзе! Са святамі вас, шаноўныя сябры!

Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА

Фота: Уладзімір ЦВІРКА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59