
Стваральніцэ легендарнага фальклорнага гурта «Калыханка» споўнілася 70. Святкавалі ўсім аграгарадком
Можна было б, канешне, і не называць гэткую колькасць пражытых Ларысай Рыжковай гадоў, але столькі зроблена, столькі перажыта, столькі сэрца аддадзена людзям, і столькі яшчэ засталося сіл, моцы, пяшчоты, жаданняў, у рэшце рэшт, што можна гэткага сур’ёзнага ўзросту і не саромецца…

Да яе на юбілей у Міханавіцкі Дом фальклору людзей сабралася шмат – і не толькі радня. Хаця ўсе тыя дзяўчаты і хлопцы, хто прайшоў у розныя гады праз «Калыханку» – таксама родныя ёй. Насамрэч і не зразумець было, хто ёсць хто, і толькі час ад часу Ларыса Мікалаеўна ўсклікала: «Ой, а гэта хто?» Канешне, дзяучынкі выраслі, ужо і у іх дзеці, ды і не адно-два, як, напрыклад, у Таццяны Шэрамет:
– Я спявала з шасці гадоў у «Калыханцы», потым вучылася, сама вучыла дзяцей фальклору, а цяпер працую у бібліятэцы. У мяне ўжо трое дзетак, старэйшыя раслі пад нашы песні. «Калыханка» прайшла праз усё маё жыццё! З песнямі і радасцю, і мне вельмі не хапае нашых пеўных сходаў з Ларысай Мікалаеўнай. Але як толькі ў мяне вольная хвілінка, і мы збіраемся – я тут як тут.

Цікавая гісторыя пра Рыжкову ёсць у першага дырэктара Дома фальклора Алёны Гадалавай:
– Жыццё ў наш Дом удыхала Ларыса Мікалаеўна! Куды б мы не ездзілі тады на гастролі – у Сербію, у Балгарыю – там усяму давала рытм менавіта яна. Гледачы і слоў не разумелі, але падпявалі нам, падтанцоўвалі, ігралі у тыя гульні, якія яна прапанавала. Мы неслі нашу беларускую культуру за межы, і гэтага так цяпер нам усім не хапае. А калі я першы раз яе пачула тут – доўга не магла апамятацца, такія песні былі пранікнёныя, прыгожыя. Няхай Бог дае ёй моцы яшчэ на доўгія гады, бо дзякуючы ёй у нас і ў нашых дзяцей спявае душа.

Дырэктар Міханавіцкай школы Уладзімір Каліноўскі ведае Ларысу Рыжкову 33 гады! Менавіта ў гэтай школе пачыналася «Калыханка», таму што выкарыстанне гістарычнай спадчыны роднага краю, мясцовага фальклору, абрадаў і традыцый тут накіравана на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў.
– З 1991 года мы пачалі ў школе адраджэнне народнай культуры, і мы з ёю разам так і працавалі ў гэтым накірунку. Пачыналі са святаў – «Багач», Свята ўраджаю, і вось сёння тут усе нашы выпускнікі, прыемна іх бачыць… А калісьці быў пра іх дакументальны фільм, які паказвалі у мінскіх кінатэатрах перад мастацкім кіно. Так радасна, што у нас ёсць такі прафесіянал, якіх, мусіць, і ў Беларусі болей няма. Дай Бог ёй доўгіх гадоў жыцця, і дзякуй вялікі ёй за імпэт і за тое, што яна робіць для папулярызацыі фальклору, – кажа Уладзімір Данілавіч.

Загадчыца народнага школьнага музея «Гісторыя пасёлка Міханавічы» Марыя Леўкавец таксама расказала сваю гісторыю:
– Яе імя вядома далёка за межамі і Міханавічаў, і вобласці, яе імя ведаюць вучоныя і настаўнікі, бо Ларыса Рыжкова і яе «Калыханка» – гэта гонар і брэнд. У музеі мы адсочваем яе гісторыю, збіраем усе публікацыі, фотаматэрыялы, у нас ёсць асабістыя рэчы ўдзельнікаў гурта, дыскі з песнямі – шмат чаго ёсць, і мы гэтым ганарымся…

Ларысе Рыжковай падарылі радавод, створаны супрацоўнікамі музея! Увогуле падарункаў было, вядома, шмат, але самы, па-мойму, кранальны – торт з назвамі унікальных песень «Калыханкі»: «На траўцы-мураўцы», «А на горы камора стаяла», «Стукнула-грукнула на дварэ», «Пойдзем, дзевачкі, і мы у гай гуляць…».

І саміх песен было шмат. Яны ўзнікалі, як хвалі, і ў Доме, і на вуліцы, і гэта было так прыгожа – спявалі ўсе, ад старэйшых да самых малых… Было шмат і ўспамінаў, і слёз, і добрых пажаданняў. Таму што Ларыса Рыжкова менавіта з той няўрымслівай кагорты людзей, якія ўпэўнены: чароўнае царства народнай творчасці неабсяжна, бо гэта і фальклор, і родная гісторыя, і народная фантазія, і глыбокія народныя веды аб чалавечым жыцці…

Тэкст: Тамара ВЯЦКАЯ
Фота: Вікторыя САРОКІНА,
Тамара ВЯЦКАЯ