Даведаліся, як каталікі з прысталічча рыхтуюцца да Раства

У гэтую суботу каталікі ўсяго свету святкуюць Божае Нараджэнне. Гэта свята спакою, адраджэння і сямейнай еднасці, родныя людзі стараюцца сабрацца разам, дзе б яны ні былі. Раство Хрыстова 25 снежня будуць адзначаць і шматлікія жыхары прысталічча.

На тэрыторыі нашага раёна дзейнічаюць 5 каталіцкіх парафій. Самы буйны і самы старажытны каталіцкі храм на нашай тэрыторыі знаходзіцца ў Заслаўі – гэта касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Свята Божага Нараджэння – адно з найгалоўнейшых хрысціянскіх святаў – мы шануем прышэсце на гэты свет Божага Сына, Які стаў чалавекам, каб чалавеку вярнуць першапачатковую годнасць, зраненую грахом, – тлумачыць сэнс свята настаяцель храма ксёндз Дзмітрый Пухальскі. – Бог, такі непамерны, бясконцы, Якога нельга агарнуць ніякімі чалавечымі меркамі, прыходзіць у свет маленькім Дзіцем і тым становіццца для кожнага чалавека вельмі блізкім”.

Парафіяне ставяць яслі звонку

Раство Хрыстова – найвялікшае свята для каталікоў, таму не выпадкова яму папярэднічае цэлы шэраг урачыстых прыгатаванняў. Адно з самых любімых – уладкаванне традыцыйных яселькаў, у якія кладуць фігурку дзіцяці. Яна  сімвалізуе маленькага Ісуса Хрыста.

“Побач ставяць таксама фігуркі Панны Марыі, Святога Юзафа, жывёлін, якія знаходзіліся ў стайні падчас з’яўлення на свет нашага Збаўцы, таксама пастушкоў,  якія першымі прыйшлі Яму пакланіцца”, – расказвае святар.

І, канешне, адным з галоўных упрыгожанняў і дома, і касцёла на Раство з’яўляецца ёлка, якая дапамагае стварыць сапраўдны святочны настрой.

Святкаваць Раство каталікі пачынаюць у пятніцу, 24 снежня. Увечары ўся сям’я збіраецца на традыцыйную посную вячэру.

“Члены сям’і дзеляцца паміж сабой белым хлебам – аплаткай,  пераказваюць адно аднаму святочныя пажаданні і просяць аб супакоі для сябе”, – расказвае айцец Дзмітрый.

У гэты дзень гаспадыні стараюцца прыгатаваць 12 посных страў, галоўная з якіх куцця – каша з зерня, прыпраўленая мёдам, разынкамі, арэхамі і макам. Яшчэ адна традыцыйная страва – капусны суп “капусняк”. Таксама гатуюць посныя галубцы, піражкі ці варэнікі з розным начыннем, вінегрэт, гарохавую кашу, рыбу і гародніну. З традыцыйных напояў можна назваць узвар – кампот з сухафруктаў і ягад. Таксама вельмі пасуе да поснага стала дэсерт з запечаных яблыкаў, палітых мёдам з карыцаю.

Гэтым вечарам  пачынаюць спяваць калядкі – рэлігійныя гімны пра Божае Нараджэнне. Пасля вячэры сям’я ідзе ў касцёл на Святую імшу, якая ў гэты дзень мае асаблівую назву – Пастэрка.

Такую назву святочная служба атрымала ў гонар пастухоў, якія першымі прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Ісусу Хрысту. 

Пастэрка звычайна пачынаецца апоўначы. Гэта вельмі ўрачыстае набажэнства, і менавіта  падчас яго ў яслі кладзецца фігурка дзіцяці – як сімвал таго, што Бог нарадзіўся.

Храм рыхтуецца да свята

Богаслужэнне заканчваецца позна ўначы, і тады ўся сям’я вяртаецца дамоў.

Святкаванне працягваецца 25, а па магчымасці і 26 снежня, калі вернікі наведваюць сваіх родных і сяброў. І тут частуюцца ўжо стравамі не поснымі.

Адна з традыцыйных, рэцэпт якой перадаецца з пакалення ў пакаленне, носіць назву бігас – страва з квашанай і свежай капусты  з кавалкамі мяса, сала, вяндліны і мноствам спецый. Страву падаюць з кавалкамі белага хлеба.

Раство Хрыстова – час сабрацца разам, наведаць тых, каму неабходна ўвага, падзяліцца цяплом, дабрынёй і пяшчотаю. Адпачыць ад штодзённай мітусні і падумаць пра вечнае.

“Карыстаючыся магчымасцю, хачу ўсіх людзей добрай волі павіншаваць са святам Божага Нараджэння. Бог  прыходзіць у гэты свет, каб прынесці ўсім людзям любоў і супакой. І няхай у кожным беларускім доме гэтая Божая любоў і Божы супакой паселяцца назаўсёды!” – віншуе вернікаў ксёндз Дзмітрый Пухальскі.

 

Тэкст: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ

Фота з архіваў касцёла

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59