Меню

Как в годы войны лес спасал людей

Фото: автора

У маі 1936 года ў вёсцы Кацялі (тады яшчэ Плешчаніцкага раёна) нарадзілася Марыя Пуцейка. У 1943-м у яе ўжо было 5 сясцёр і братоў. Да да гэтых глухіх мясцін вайна дайшла не так хутка, як да астатніх населеных пунктаў… Аб самых цяжкіх гадах у жыцці беларускага народа вы можаце даведацца з маналогу жыхаркі вёскі Бахметаўкі.

– Адразу немцы баяліся лесу. Яны прыходзілі ў дзярэўню – там нікога няма. А былі ж і здраднікі сярод народа. Яны пачалі перадаваць, што людзі хаваюцца ў лесе. Тады фашысты пачалі аблаву рабіць. Выслежваць, хто кудой ідзе… А мы адно аднаму перадавалі: маўляў, немцы адступілі на Плешчаніцы ці на Лагойск, мы ўжо тады вярталіся ў свае хаты…

Аднойчы сабраліся ў пограбе. Мужыкоў ні ў кога не было, толькі дзеці і маткі. З намі быў сусед, да вайны служыў ў Германіі, трохі знаў нямецкі язык. І калі немцы прыйшлі ў вёску, ім падказалі, што мы ў пограбе. Думалі, што ўсіх нас там і накрыюць. Але яны б можа і накрылі, каб не гэты мужчына. Ён выйшаў і сказаў, што тут партызанаў няма. Усім загадалі выйсці. Фашысты ўбачылі, што ні аднаго мужыка няма. «Расхадзіцеся па дамах, а то будзем іх паліць», – кажуць. Мы пабеглі дадому. Немец стаіць пасярод хаты і вытрасае салому з матраса – збіраўся падпальваць.   

Мы яму ў ногі: «Дзядзечка, пакінь нам хату! А дзе ж нам дзявацца?..» Той спыніўся. Але не ўсе разы атрымлівалася так

Партызаны дзейнічалі больш актыўна. Немцы станавіліся больш агрэсіўныя. Яны ішлі з Віцебшчыны – для іх ставілі пасткі… Памятаю, у кастрычніку 1943-га, у пятніцу, мама нарадзіла. У нядзелю чакалі, калі бабкі прыдуць з прысмакамі ў адведкі. Мы ўсе сабраліся, пад хлявом стаім і выглядаем: такая будзе ўкусняціна! Тут ляціць нямецкі самалёт. Партызаны былі сабраўшыся каля нашага хлява… А тыя (немцы. – Аўт.) – бомбу! Хату спалілі. Тады яшчэ вёска не поўнасцю згарэла, нас пасялілі ў суседкі. Аднак неўзабаве збеглі ў лес.

Там выбіралі, дзе елкі апушчаныя, каб не так задувала. Спалі на лапніку, наламаўшы яго. А з сабой жа і тапара не было – ламалі веткі рукамі. Тры тыдні пад елкай сядзелі, там малую спавівалі. Пялюшак няма, усё згарэла ў хаце… Добра, што сястра была за 15 кіламетраў, іх вёска не згарэла, дык яна анучы збірала і нам несла. Булку хлеба спячэ – нам прынясе. А дзе там вада была ў лесе? Бралі з лужыны. Бацька ў партызанах быў.

Пасля гэтага, прыйшоўшы ў хату (як сястра ўспамінала, яна была на чатыры гады за мяне старэйшая), убачылі: пагарэла ўсё, нават бульба ў падвале. А есці-то дзецям хацелася! Добра, што згарэла гэтая бульба у падвале. Сястра пойдзе, гарэлую бульбіну возьме, разламае – так і елі.  

Я так не бегала, таму што сільна немцаў баялася

Як блакада агульная прыйшла, нас немцы сагналі за кіламетраў 15 з усіх вёсак у адну і адбіралі на Германію. Як брат расказваў: партызаны пушкі у дамы пазацягвалі і чакаюць, калі ж будуць ісці немцы сюды. А тыя – з лесу за імі назіраюць. І вось прыйшоў час абеду, партызаны вырашылі паесці, а немцы гэтым часам у вёску – пачалася перастрэлка. Вёска пачала гарэць. Жанчына цяжарная была, дык яе застрэлілі. Жывот лопнуў, а дзіцятка па ёй поўзае… Гэта неапісальна!

А есці што было? Пойдзеш тую гнілушку-бульбу збіраць пасля зімы. У гэтай гразі як завязнеш… Добра, што цётка са мной была, руку падасць, дапаможа вылезці. Затое ў нас была першая крапіўка, потым шчавель, шаморы – галоўная яда пасля зімы. З яе многа чаго можна было зрабіць: зацірку, бліны, шаморы.

Шаморы – аладкі з гнілой, перазімаваўшай у полі бульбы. Яе мылі, на печы сушылі, а потым у жорнах малолі на муку і разводзілі на бліны

На суп пераціралі з вадой. У каго было малако, трохі прыбельвалі, а то і поснае елі. Так жыццё і працякала, пакуль не вызвалілі.

– Як вы даведаліся, што Беларусь вызвалілі?

Марыя Пуцейка

– Людзі людзям гаварылі. Тады бацьку загналі ў плен аж у Латвію. У лагеры смерці ён і загінуў. Калі сказалі, што Пабеда, дык для мамы што была гэтая пабеда? У яе вочы, поўныя слез, і галашэнне на ўвесь двор. Як гэта так: яна ж спадзявалася, што ён вернецца… А тут прыйшло паведамленне, што бацькі няма. Матка, шасцера дзяцей і дзед, бацькаў бацька, з намі застаўся. Каля Хатыні жыла яго сястра – да яе не пайшоў. Ён застаўся, можа, з-за таго, што тут яго Родзіна была. А можа, маму шкадаваў, што тут ужо многа ўнукаў яго, трэба дапамагаць.

Як зрабілі хату, падлогі не было. Мы гліну мясілі, дошчачкай яе выбівалі, каб пясок за ногі не браўся. Карыта, ў якім бялізну паласкалі, на калодкі паставілі. Гэта наш стол быў. Сесці за яго было неапісальнай радасцю! Былі шчаслівыя, што мы ўжо ў сваей хаце хоць так сядзім і ядзім.

Жызнь наладжвалася. Пачалі агарод сеяць, палолі так, што не было ніводнай травінкі. Кусцік бульбы абсыпалі рукамі так, толькі б болей бульбін расло. Працы мы не баяліся. На 60 сотак рукамі трэслі гной, хоць бы пад кожную бульбу ён трапіў. Мама – на працу, а нам заданне давала. Мы стараліся выцягнуць іх. Паміж экзаменамі ў школе трэба было сабраць чарніцы, прадаць іх па рублю за 3 стакана.Ад 5 утра да 9 вечара мы сядзелі ў лесе, збіралі то грыбы, то ягады. Добра, што ў той час лясы ў нас былі…

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59