«Cлова роднае – вечнасцi след». У прысталiччы праходзiць тыдзень беларускай мовы
У рамках тыдня, прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы, у Навасельскай школе праходзіць мноства мерапрыемстваў, арганізаваных педагогамi-выкладчыкамі.
Навучэнцам тлумачаць, што Дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага з 2000 году. Гэтае свята – яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам. Нашы продкі пакінулі нам найбагацейшую духоўную спадчыну. З яе дапамогай мы, беларусы, можам далучыцца да нашай духоўнай спадчыны, пазнаць гісторыю, падзяліцца сваімі думкамі і перажываннямі.
19 лютага ў сценах мясцовай установы адукацыі прайшоў конкурс чытальнікаў «Мой любімы верш на роднай мове». Яго ўдзельнiкi прадэманстравалі мастацкае чытанне твораў беларускіх класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Акрамя таго, па традыцыі вучні і настаўнікі з задавальненнем паўдзельнічалi ў акцыі «Маё любімае беларускае слова».
Вялікую цікавасць у вучняў 3-11 класаў выклiкала стварэнне віншавальнай відэапаштоўкі «Са святам, родная мова!».
Таксама прысутныя сыгралi ў гульню «Размаўляем па-беларуску». А сярод юных эрудытаў прайшоў турнір «Слова роднае – вечнасці след», віктарына «Залацінкі роднай мовы», QR-гульня «Беларусь ад «А» да «Я»»
Дзякуючы такім мерапрыемствам адбываецца далучэнне дзяцей да духоўных скарбаў народа, абуджэнне цікавасці і павагі да роднага слова, да беларускай мовы. Вучні зноў убачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова.
Тэкст: Яна ВАСЬКОВА
Фота: з інстаграм-акаўнта @novoselskaya_school