Абрус з куфэрка
Заблукаў я, і добра заблукаў. А ўжо да ночы недалёка. Змрок настойліва падбіраўся да ўзбочыны дарогі. Але, дзякуй богу, справа ў лёгкай смузе туману паказалася вёсачка мо на дзясятак двароў, не болей. Спыніліся каля хаты з калодзежам. Пажылым гаспадарам, што выйшлі насустрач, патлумачыў, што падарожнічаю, і стаў на начлег бліжэй да жытла – так спакайней уначы было.
Трошкі паназіраўшы за мной з-за фіранак: як я мыюся, раскладваю нешта з ежы, каб павячэраць, – гаспадары запрасілі мяне ў дом. У хаце было ўтульна і сціпла, паўсюль мноства рэчаў ручной работы. У цэнтры – светлая, зусім нядаўна пабеленая печ, на сценах у рамках старыя фатаграфіі. Сярод іншых быў і здымак вясковага вяселля. Пацікавіўся, што за вяселле і дзе яго спраўлялі.
…Ад печы па хаце прыемна струменілася цяпло, невялікі абажур над сталом кідаў мяккія цені па кутах пакоя і тым самым надаваў гісторыі, што мне распавялі, яшчэ больш загадкавасці і рамантызму.
Героі гэтай легенды ведалі адно аднаго з дзяцінства. Жылі яны ў суседніх дварах, цераз плот. З часам сяброўства іх перарасло ў каханне. Але ў бацькоў дзяўчыны на прыкмеце быў іншы жаніх – з сям’і больш заможнай, з двума млынамі ды даходнай сыраварняй. Угаворы і слёзы дачкі, яе тлумачэнні, што яна кахае хлопца з суседняга двара, не змякчылі сэрцы бацькоў.
Тады маладая закаханая пара, употай ад бацькоў, звярнулася па дапамогу да роднай бабулі дзяўчыны, што жыла на іншым канцы вёскі. Выслухаўшы закаханых, бабулька расказала ім, што ёсць у яе падазрэнні: хлопец з багатага двара – пярэварацень, ваўкалак. Людзі кажуць, што яго некалі на пашы ўкусіў воўк і што ў поўню ён употай сыходзіць у лес. Але гэта ўсё былі чуткі, чалавека можна дарма пакрыўдзіць, прад’явіўшы такія абвінавачванні.
«Бацькі, хутчэй за ўсё, таксама не павераць, палічаць, што гэта выдумкі. Але спосаб я ведаю надзейны і вам, галубкі мае, дапамагу», – сказала бабуля і дастала з шафы абрус, у макі вышыты. Патлумачыла, што на Вялікдзень на гэтым абрусе ў храме велікодныя кулічы ды яйкі асвячалі. «У гэтым і сіла яго! – сцвярджала старая. – Два такія я некалі вышыла. Адзін у тваёй маці, – сказала яна дзяўчыне, – у куфры ляжыць на выпадак свята. Напэўна, для сватоў на стол дастане. Але ў яго сілы няма, ён не асвячоны. А вось гэтым абрусам і праверым, хто такі гэты жаніх на самай справе». І навучыла яна дзяўчыну, як трэба рабіць, калі сваты багатыя ў дом іхні з’явяцца.
І вось, як толькі бацькі будучай нявесты абвясцілі, што сватоў у госці чакаюць, дзяўчына падахвоцілася ў хаце прыбраць ды на стол накрыць. Абрус, што дала ёй маці, яна падмяніла бабуліным і паслала яго на стол, як тая навучыла, а менавіта сподам дагары.
Вось сватоў, як і належыць, пасадзілі на покуць, жаніха пасярэдзіне. На стале наліўкі ды закускі розныя. І трэба ж! Як толькі па першай чарцы, з абруса таго, выпілі, закусілі, трэсці стала хлопца, у твары страшна змяніўся ён, глядзіць, як з-за стала выбрацца. Злева-справа людзі, праз стол гаспадары дома. Тут ён абарочваецца – ды ў акно адчыненае. Толькі яго і бачылі!
Потым суседзі казалі, што нехта страшны праз іх агароды бег: адзенне ўсё ўшчэнт падранае, рукі і твар у поўсці шэрай.
З тых часоў гэтага хлопца ў вёсцы і не бачылі. І бацькі ягоныя гаспадарку прадалі ды з’ехалі невядома куды.
– І вяселле, на шчасце каханых, усё ж адбылося? – пытаюся я, яшчэ раз пазіраючы на здымак пад шклом.
– Усё так і было. Маладыя вунь на фатаграфіі, бачыш? Побач з імі родная бабулька нявесты, а ў руках у яе, прыглядзіся, абрус, макамі чырвонымі спрэс вышыты.
Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА