Наши люди

Пайшоў з жыцця ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Булда

Гэта здарылася 28 снежня. Пётр Булда жыў у вёсцы Камянец Шаршунскага сельсавета.

Усявышні адвёў яму 98 год жыцця. Унушальная лічба! Яна ўмясціла ў сабе шмат жыццёвых падзей самага рознага характару.

Нарадзіўшыся ў шматдзетнай сялянскай сям’і, змалку пазнаў ён нялёгкую сялянскую працу. У 1941 годзе на выдатна скончыў Рогаўскую сярэднюю школу. Планы вучыцца далей парушыла вайна.

Воінаў Чырвонай Арміі, што вызвалялі Беларусь, Пётр Сцяпанавіч разам з аднавяскоўцамі сустракаў у чэрвені 1944-га і дабравольцам запісаўся ў састаў 77-га стралковага палка 79-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту. Дывізія вызваляла ад нямецка-фашыстцкіх захопнікаў сталіцу Літвы Вільнюс. Пётр Сцяпанавіч атрымаў цяжкае раненне ў галаву. Лячыўся. Дадому вярнуўся інвалідам III групы.

Прайшоўшы кароткатэрміновыя курсы, настаўнічаў у школах тады Заслаўскага раёна. Працу сумяшчаў з вучобаю. 35 год жыцця аддадзена працы ў школе. І сёння многія яго вучні, а гэта ўжо сталыя людзі, з любоўю і павагай успамінаюць яго ўрокі роднай мовы і літаратуры, урокі жыцця, любові да роднай зямлі.

Пётр Сцяпанавіч мае Ордэн Вялікай Айчыннай вайны, медаль «За баявыя заслугі», медаль «За перамогу над Германіяй», медаль Жукава і шматлікія юбілейныя медалі, а таксама памятны знак «Ветэран вайны 1941– 1945 гг.».

Да самых апошніх дзён свайго жыцця ён заставаўся жыццялюбам, пазітыўным, светлым чалавекам. Вечны спакой і вечная памяць Вам, Пятро Сцяпанавіч.

Тэкст: Ала ГАЕЎСКАЯ

Фота: Ала ГАЕЎСКАЯ