Пост ці адвэнт? Як рыхтуюцца да Раства праваслаўныя і каталікі

Канец восені і першыя дні зімы — пачатак падрыхтоўкі да святаў. У вернікаў гэта асаблівы перыяд, бо напярэдадні Раства Хрыстова яны трымаюць пост. Сёлета пачатак посту супадае і ў каталікоў, і ў праваслаўных. Так бывае не кожны год. Чаму так атрымалася  і чым адметны гэты час у той і другой канфесіях, мы вырашылі спытаць у нашых святароў.

Ксёндз Дзмітрый Пухальскі, настаяцель парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі:

– У Касцёле есць асаблівы перыяд, які папярэднічае святу Раства Хрыстова, – адвэнт. Ён працягваецца амаль чатыры тыдні. З году ў год яго працягласць  мяняецца, бо ў адвэнце абавязкова павінна быць чатыры нядзелі. У нядзелю ён і пачынаецца.

Слова адвэнт паходзіць ад лацінскага adventus, что значыць “прыход, прышэсце”.

Сёлета пачатак адвэнту прыпадае на 28 лістапада. Падчас посту ў аўторак і ў чацвер у касцёле адбываюцца асаблівыя імшы –  рараты. Яны служацца вельмі  рана – да пачатку працоўнага дня альбо вучобы і пачынаюцца а сёмай гадзіне,  калі ў касцёле яшчэ цёмна. Вернікі прыходзяць са свечкамі. Святло ж запальваецца пасля пачатку літургіі.  У перыяд адвэнту вернікі стараюцца падысці  да споведзі, пакаяння. Калі іх родныя не могуць самі прыйсці ў касцёл, святара запрашаюць дамоў. Бо важна, каб радасць Нараджэння Збаўцы была паўсюднай.

– Айцец Дзмітрый, у чым асаблівасць каталіцкага посту?

– У  Касцёле пост  не такі строгі, як у праваслаўных нашых братоў. Мы ўстрымліваемся ад мясных страў кожную пятніцу, а таксама 24 снежня, напярэдадні самога свята Божага Нараджэння.

– Як праводзяць гэты час у сем’ях? Як далучаюць дзяцей?

– Дзеці вельмі актыўна ўдзельнічаюць у  імшах-раратах. Некаторыя парафіі, у тым ліку і наша заслаўская, робяць адмысловыя заданні для дзетак. Вельмі распаўсюджаны адвэнт-календары. Кожны дзень дзіцяці даецца нейкае невялічкае заданне, якое варта выканаць.  А напярэдадні самога свята дзеці, канешне, з задавальненнем прымаюць удзел ва ўпрыгожванні дома і касцёла.

Іерэй Вячаслаў Шафарэнка, клірык прыхода кафедральнага сабора Праабражэння Гасподняга ў Заслаўі:

– Пост перад Раством у праваслаўных вернікаў  штогод пачынаецца 28 лістапада. Паколькі напярэдадні святкуецца дзень апостала Піліпа, другая назва гэтага посту — Піліпаўскі.

Змены ў набажэнствах можна заўважыць на вячэрніх службах, бо дабаўляюцца тэксты са службы Раства Хрыстова.

Што датычыць посту, мы акцэнтуем увагу вернікаў на яго духоўным змесце. Гэта спрыяльны час, каб  навучыцца валодаць сабой, прааналізаваць свае паводзіны, свае думкі  і пастарацца выправіцца. Вернікі імкнуцца часцей падыходзіць да споведзі і прычасця. Больш увагі  ў гэты час таксама варта ўдзяляць здзяйсненню добрых  спраў. Дарэчы, калі гаварыць пра гастранамічны пост, першыя  хрысціяне выкарыстоўвалі яго менавіта для таго, каб менш часу і сродкаў траціць на набыццё і прыгатаванне ежы, каб рэшту аддаць тым, хто мае патрэбу. На жаль, у нашых шыротах пост па ўсіх правілах атрымліваецца больш затратным, бо тая ж рыба вельмі нятанная.Таму мы зараз заклікаем вернікаў з ліку мірскіх людзей, не  манахаў, пасціцца па сілах: у адпаведнасці  са сваімі магчымасцямі,  станам здароўя, узростам, але больш увагі ўдзяляць малітве і ўнутранай працы над сабой.

– Як праводзяць гэты час у сем’ях?

– У некаторых сем’ях зараз прытрымліваюцца  каталіцкай традыцыі адвэнт-календароў. Хтосьці з дзяцей на гэты час адмаўляецца ад прагляду тэлевізара ці ад камп’ютарных гульняў, хтосьці адмаўляецца ад цукерак. Можна прапанаваць дзіцяці ў гэты час адмовіцца ад набыцця нейкай рэчы, каб сэканоміць на падарунак, напрыклад,  хвораму. Увогуле пост — гэта добрая нагода рабіць добрыя справы і больш часу праводзіць разам: наведваць тых, хто ў хваробе ці ў адзіноце, чытаць калядныя апавяданні, слухаць калядкі, рыхтаваць да свята жытло. Дзеці з задавальненнем  робяць выцінанкі на вокны і, канешне ж, упрыгожваюць ёлку.

Адвэнт-календары набываюць у нас усё большае распаўсюджанне.

Класічны каляндар — гэта кардонная каробачка з мноствам акенцаў па колькасці дзён посту. У выхаваўчых мэтах бацькі прыдумваюць заданні на кожны дзень. Выканаўшы яго, дзіця адчыняе акенца і дастае адтуль прыемную драбязу: нешта смачнае, упрыгожанне або цацку. Зараз ёсць тэндэнцыя рабіць календары сапраўдным зімовым упрыгожаннем дома – у выглядзе гірлянд з кішэнямі-боцікамі, рукавічкамі і інш.

Тэкст: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ

Фота: з аткрытых крыніц

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59