Есть проблема

У Сёмкаўскім парку павінна адкрыцца экасцяжына. Але патрэбна ваша дамапамога

На аграсядзібе «Даліна Утульнасці» адбылася прэзентацыя стэндаў экасцяжыны ў Сёмкаўскім парку, адкрыццё якой запланавана на 17 красавіка 2022 года – да Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін, у год святкавання 250-годдзя ад пачатку будаўніцтва палаца ў Сёмкаве і 100-годдзя з часу прыезду народнага паэта Якуба Коласа ў Сёмкава.

Канцэпцыя экасцяжыны «Сёмкава» і стэндаў для яе былі распрацаваны і выкананы ў межах праекта «Чалавек і стварэнне» па замове аграсядзібы «Даліна Утульнасць» з дазволу Мінскага райвыканкама пры падтрымцы Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў», прыхода Узнясення Гасподняга аг. Сёмкава, а таксама Сёмкаўскай сярэдняй школы.

sosf42qe2ympqaebugh7vxsy8q20nu1k.jpg

Экалагічная адукацыйная сцяжына «Сёмкава» будзе мець даўжыню 1000 метраў, праходзіць па тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу «Сёмкава», а дакладней – праз яблыневы сад і так званы французскі парк ХVIII ст.

1-202202005-1-AJ3I5063_1330.jpg

Менавіта з боку яблыневага саду у свой час маляваў палац знакаміты мастак Напалеон Орда.

9qshxkrbiorgmhvsawtgymd5xhc9431f.jpg

Яблыкамі з гэтага саду Якуб Колас частаваў усіх, хто прыязджаў да яго ў госці ў Сёмкава.

qff4qhe2g3wa16hunff8qpxuw7pjnjnn.jpg

Маршрут экасцяжыны пракладзены праз цэнтральную алею рэгулярнага парку, адкуль праглядаецца тыльная частка палаца ў Сёмкаве. Рэгулярны, так званы французскі парк быў закладзены адначасова з палацам, 250-годдзе ад пачатку будаўніцтва якога святкуецца сёлета.

Менавіта ў гэты парк быў дадатковы выхад з палаца ад бальнай залы. Тэрасы і альтанка французскага парку былі ўлюбёным месцам адпачынку не толькі гаспадароў, але і іх гасцей.

Экалагічная сцяжына мае адукацыйны характар і будзе абсталявана інфармацыйнымі стэндамі, якія апісваюць культурную, гістарычную і прыродную спадчыну тэрыторыі, па якой праходзіць маршрут.

Функцыянаваць экасцяжына будзе на некамерцыйных умовах і адчынена для наведвання ўсім жадаючым. Двойчы на год будзе праводзіцца збор валанцёраў для навядзення парадку на тэрыторыі, прылеглай да экасцяжыны.

На дадзены момант ажыццяўляецца збор сродкаў:

  • на выраб і ўстаноўку каркасаў (3900 рублёў);
  • на мінімальнае добраўпарадкаванне тэрыторыі экасцяжыны (падсыпка сцежак, выраб некалькіх лаў і сметніц)  (1100 рублёў);
  • арганізацыю ўрачыстага адкрыцця і выраб сувенірнай прадукцыі (1500 рублёў).

Кожны жадаючы можа далучыцца да годнай справы і зрабіць ахвяраванне на рахунак Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў» з абавязковай пазнакай мэты плацяжу «Экасцяжына «Сёмкава».

Мы спадзяемся, што экалагічная сцяжына «Сёмкава» будзе садзейнічаць развіццю экалагічнай культуры ў мясцовых жыхароў, дазволіць праводзіць пазакласныя заняткі з дзецьмі на экалагічную тэматыку, прыцягне ўвагу грамадскасці да пытання захавання сядзібна-паркавага комплексу «Сёмкава».

Тэкст: Таццяна ХАМЯНКОВА
Фота: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц