
«Зараз людзі ўжо просяць правесці іх па Сеніцы ці Атоліне». Як Надзея Палтаржыцкая з Прылук знайшла свой шлях як экскурсавод
Здаецца, зусім нядаўна ў гэтай рубрыцы мы ўжо распавядалі пра Прылукі – жамчужыну прысталічча. Але сапраўдны скарб тым і каштоўны, што звяртацца да яго можна зноў і зноў, кожны раз адкрываючы нешта новае.
Надзея Палтаржыцкая – гісторык-архівіст, працуе ў Інстытуце гісторыі НАН, піша дысертацыю па самакіраванню Мінска, падпрацоўвае ў Прылуцкай школе, а на выхадных водзіць экскурсіі па Прылуках і бліжэйшых населеных пунктах. Надзея – экскурсавод, атэставаны ў Нацыянальным агенцтве па турызму. Дарэчы, атэстоўваюцца экскурсаводы па канкрэтных маршрутах. На новы прыйдзецца зноў здаваць экзамен. Мая суразмоўца ў якасці свайго маршруту выбрала частку Мінска, Гарадзішча, Прылукі, Станькава, Сеніцу і прылеглыя вёскі.
Дарэчы, сама дзяўчына не з мясцовых. Яна пераехала ў Прылукі ў 2019 годзе, калі з мужам і дваімі дзеткамі атрымалі тут жыллё.
– Як гісторыку мне цікава было даведацца пра месца, дзе мы жывём, дзе растуць мае дзеці, і я стала шукаць інфармацыю, – расказвае Надзея. – Пашчасціла пазнаёміцца з членамі гістарычнага аб’яднання «Прылуцкая спадчына», роля якіх у адкрыцці гісторыі Прылукаў неацэнная. Яны даследуюць гісторыю роду Чапскіх і зараз рыхтуюць матэрыялы па далейшай папулярызацыі гэтай найбольш яскравай старонкі нашай спадчыны. Вельмі зацікаўлена ў краязнаўчым выхаванні і мясцовая школа, дзе таксама шмат робіцца ў дадзеным кірунку.

Надзея сама распрацоўвае квесты і квест-букі, якія дапамагаюць школьнікам знаходзіць адказы на закавырыстыя пытанні. А апрабоўвае ўсё гэта на ўласных дзецях, якія таксама вучацца ў прылуцкай школе.
І ўсё ж, як гісторык і даследчык, Надзея Палтаржыцкая бачыць і разумее, што большасць мясцовых жыхароў гісторыю месца, дзе пражылі амаль усё жыццё, не ведаюць. Таму, калі сталі трапляцца цікавыя факты, Надзея пачала выкладваць іх на сваёй старонцы ў інстаграме і ў сацсетках. Гэтыя посты знайшлі шырокі водгук і ў мясцовых, і ў навасельцаў. Людзі сталі дзяліцца ўспамінамі і… замаўляць экскурсіі. Таму і вырашыла Надзея пайсці на курсы, каб стаць атэставаным экскурсаводам.
– На экскурсіі часта прыходзяць у тым ліку людзі сталага ўзросту і спачатку ставяцца скептычна, маўляў, што вы мне можаце новага расказаць, калі я тут 40 год жыву. Аднак калі пачынаю расказваць аб старажытнасці, яны здзіўляюцца, ім становіцца цікава. А калі даходзім да савецкага часу, завязваецца размова, якая ўзбагачае і мяне таксама. Бо ў адказ на факты, якія прыводжу, яны дзеляцца сваімі цёплымі дзіцячымі ўспамінамі, і малюнак часу складваецца як пазл. Калі на фактычную аснову накладваецца жывая атмасфера пачуццяў і ўспамінаў, гэта кранае.

І як тут не пранікнуцца, калі, стоячы пры Траецкай гары, чуеш прысвечаную Прылукам легенду Каруся Каганца пра Яраслава і Любляну, пра двубой сяброў, якія стрэлілі адзін у аднаго з двух гор і абодва загінулі. А потым расповед пра мясцовых Рамео і Джульету – дрыгавіцкае пахаванне Х стагоддзя, якое было знойдзена падчас будоўлі на Лясной. Так, справа на ўездзе ў Прылукі з Мінска раней былі курганы, у адным з якім знайшлі парнае пахаванне мужчыны і жанчыны, галава якой ляжала на грудзях у каханага.
А што там у сумачцы?
Партфель экскурсавода Надзеі з кожнай экскурсіяй усё больш важкі. Яна не перастае даследаваць гісторыю Прылукаў, збірае матэрыялы і з кожнага атрыманага за экскурсію ганарару бяжыць раздрукоўваць нешта новае, чым потым будзе дзяліцца з новымі экскурсантамі і на старонцы @pryluki_gid у інстаграме.
Усё часцей да яе сталі паступаць запыты на лакальныя экскурсіі: «Людзі просяць правесці іх, напрыклад, па Сеніцы ці Атоліне», – расказвае Надзея. Дарэчы, а вы ведалі, што пэўны час менавіта ў Сеніцы жылі продкі Дастаеўскага? А што ў вёсцы Лявонцьевічы знайшлі старажытны куфічны скарб – 500 арабских дырхамаў? Увогуле ў нашым прылуцкім асяроддзі ёсць вёсачкі, вядомыя з XVI стагоддзя, і кожная з іх мае сваю гісторыю, сваіх герояў. І калі расказваю пра гэта, бачу, што людзі адчуваюць гонар за месца, дзе яны жывуць».
Ад Надзеі я даведалася, што ёсць два ўзросты населеных пунктаў. Першы, згодна з якім Прылукам ужо каля 1000 гадоў, вызначаецца па археалагічных знаходках. А другі ўзрост – па даце першага ўпамінання ў дакументах. Для Прылукаў гэта 1473 год.
Такім чынам, у наступным, 2023 годзе Прылукам споўніцца 550 гадоў.
Дарэчы, Надзея як архівіст абавязкова паказвае ўдзельнікам экскурсіі, тым больш дзецям, копію старажытнага дакумента на старабеларускай мове. Там яны лёгка знаходзяць назву Прылукі.

«Крута, што я тут жыву»
Такі водгук пачула аднойчы экскурсавод ад аднаго з юных удзельнікаў квесту. Падобныя эмоцыі падзяляюць і ўдзельнікі пешых экскурсій, і аматары веласіпедных вандровак. Зараз веламаршрутаў у Надзеі два: Мінск – Гарадзішча, Мінск – Прылукі – Воўкавічы, рыхтуецца і трэці: Прылукі – Атоліна – Самахвалавічы – Анопаль. І калі пешшу група ходзіць каля дзвюх гадзін, дык велаэкскурсія займае 4-5.
Асобны блок матэрыялаў у партфелі Надзеі тычыцца кіношнай гісторыі Прылукаў, якая сканцэнтравана вакол сядзібы Чапскіх. У 1926 годзе тут здымалі «Лясную быль», у 1936 годзе «Дуброўскага». З сучасных найбольш вядомыя «Вольф Месінг» (2009) і «Паляванне на гаўляйтара» (2012).

Дарэчы, у свой час у Прылуках былі тры сакрэтныя ваенныя аб’екты, яны таксама ўключаны ў экскурсію
На заканчэнне хочацца сказаць наступнае. Я бываю ў Прылуках даволі часта, цікаўлюся гісторыяй, шмат чытаю, гляджу перадачы. Але калі пра дзень учарашні расказвае чалавек апантаны, як даследчыца гісторыі роду Чапскіх Інеса Трафімаўна Кароль, як малады экскурсавод Надзея Палтаржыцкая, разумееш: гісторыя гэтага краю невычэрпная. І калі сапраўды яго любіш, кожны раз знойдзеш тут нешта новае. І не толькі факты, але абавязкова і крыніцу натхнення.
Тэкст: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ
Фота: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ