
Вучань з прысталічча сустрэўся з сынам Змітрака Бядулі
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурсу «Беларускі салавей», прымеркаванага да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі.
Конкурс быў ініцыяваны восенню 2021 года Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ладзіўся ў рамках праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» пры ўдзеле газеты «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеты», часопіса «Бярозка», Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, канала «Культура» Беларускага радыё і радыёстанцыі «Цэнтр FM».
Сярод канкурсантаў – 827 чалавек.

Конкурс стаў папулярным у шырокай аўдыторыі дзяцей і дарослых з розных куточкаў Беларусі і нават прыцягнуў увагу замежных удзельнікаў.
Адным з пераможцаў конкурсу «Беларускі салавей» стаў вучань 11 «А» класа Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Ілья Коласаў, які заняў 1-е месца ў катэгорыі 16–22 гады з эсэ «Ці бывае шчасце?» па творы Змітрака Бядулі «Бондар».
Ганаровым госцем мерапрыемства быў сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік, з якім нам пашчасціла паразмаўляць і зрабіць фотаздымак на памяць. З прывітальнымі словамі да пераможцаў конкурсу, іх настаўнікаў, бацькоў і родных звярнуліся сябры журы і аргкамітэта. Было вельмі прыемна атрымаць памятныя падарункі і віншаванні ад інфармацыйных партнёраў конкурсу.

Святочны настрой гасцям мерапрыемства падарылі музычныя выступленні Алесі Сівохінай, аўтара ўласных песень, рэжысёра, мастацкага кіраўніка народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», і іншых выканаўцаў. Госці пачулі вершы Змітрака Бядулі, праслухалі конкурсныя эсэ.
Напрыканцы імпрэзы яе ўдзельнікі з задавальненнем уліліся ў экскурсію па бібліятэцы.
Тэкст: Алена ЗАЙЦАВА
Фота: Алена ЗАЙЦАВА