
Дзіцячы садок ў Аксакаўшчыне: ўчора, сення, заўтра
Гэты матэрыял з’яві’ся ў адказ на запрашэнне, якое прыйшло да нас з дзіцячага садка ў вёсцы Аксакаўшчына праз інстаграм. Завітаць у прыгожы лясны край ужо было прыемна, а калі даведаліся, што там знаходзіцца адзін з чатырох беларускамоўных садкоў у раёне, ды ў якім яшчэ і народныя святы адзначаюць, – тым больш!
Шчыра кажучы, дабіраючыся туды ўпершыню, я пераблытала маршруткі, і выйшла на шашы, але загадчыца дзіцячага садка Марына Геттэ мяне хутка зарыентавала і сустрэла на аўто ля прыгожай блакітнай царквы. Праз тры хвіліны мы былі ў садку, дзе ўжо чакалі прыгажуны і прыгажуні ў цудоўных беларускіх строях. Нядаўна яны паспелі ўжо адзначыць Багач – свята ўраджаю, адыграць кірмаш, а для мяне паўтарылі найлепшыя нумары. Такія сур’ёзныя, артыстычныя, спявалі і дэкламавалі вершы на роднай мове.
Пасля цёплага творчага прывітання мы накіраваліся ў музей.

Мясцовая спадчына
Невялічкая экспазіцыя, асобным рарытэтам якой пазайздросцілі б і буйныя краязнаўчыя музеі, збіраецца ўжо не адно дзесяцігоддзе. Тут ёсць сапраўдны шлюбны строй у нацыянальным стылі. Таксама можна ўбачыць і калаўрот, і калыску, і скрыню, і прасы рознага кшталту, мноства гліняных вырабаў. Іх асаблівая каштоўнасць у тым, што большасць гэтых рэчаў была ва ўжытку ў мясцовых людзей.
Зараз у чатырох групах аксакаўшчынскага садка выхоўваюцца 73 маленькія беларусы.
Гэта не толькі дзеткі з Аксакаўшчыны, але і з суседняга Новага Поля, і нават з Ракава Валожынскага раёна.
Намеснік загадчыка дзіцячага садка Надзея Маслоўская, якая, дарэчы, тут і выхоўвалася, памятае, як у свой час ставілася пытанне аб закрыцці ўстановы – так мала было дзяцей тут у 90-я.
Пакуль дзятва на вуліцы, праходзімся па групах. Загадчыца садка Марына Геттэ з захапленнем расказвае, што ў выхавальнікаТаццяны Кашэўскай залатыя рукі, і дэманструе створаныя ёю вырабы.
Усе супрацоўнікі тут самі клеяць шпалеры, наносяць на сцены дэкаратыўнае пакрыццё, і атрымліваецца гэта ў іх не горш, чым у будаўнікоў. А мульцяшныя малюнкі на сценах рэкрэацыі – падарунак саду ад былой выкладчыцы фізкультуры.
У садку дзве інтэграваныя групы, у якіх ёсць дзеткі з асаблівасцямі здароўя. Як распавяла Надзея Маслоўская, праблем у адносінах паміж дзецьмі няма ніякіх.
Калі зайшлі ў першую малодшую групу, самы маленькія выхаванцы якраз абедалі. Пажадалі ім: “Смачна есці”, і яны дружна адказалі: “Дзякуй!” Мне вельмі спадабалася памочніца выхавальніка Яніна Дашыневіч. Жанчыне ўжо 72 гады, але, кажуць, яна і маладым фору дасць: такая яна энергічная ды руплівая.

“Не правая, не левая, а адно цэлае”
Загадчыца садка Марына Геттэ хоць і не Гётэ, але таксама сапраўдная немка. Бабулі і дзядулі з боку бацькоў былі з высланых у Казахстан немцаў. Прыехала сюды за мужам. Ужо калі мела статус шмадзетнай маці, атрымала другі дыплом аб вышэйшай адукацыі, ужо беларускі. А на пасаду загадчыцы выйшла, калі малодшай дачушцы было трохі больш за год.
Яе намесніца Надзея Маслоўская выйшла працаваць, калі сыну было толькі 9 месяцаў. “Марына Віктараўна запрасіла мяне “проста зайсці” на сход 31 жніўня, 1 верасня я ўжо была на працы”, – смяецца яна.
Жанчына кажа, гэта ўсё таму, што адказаць “не” іх загадчыцы немагчыма. “Яна ў нас лакаматыў. Такому запалу супрацьстаяць нерэальна. Ды і самі мяркуйце. Калі прыйшлі працаваць на гэтыя пасады, дзеці былі зусім малыя, калектыў быў неўкамплектаваны, яшчэ і рамонт прыйшлося рабіць, бо якраз упраўленне адукацыі выдзеліла на гэтыя патрэбы частку грошай. І Марына Віктараўна за ўсё бралася”.
А сама загадчыца пра сваю намесніцу кажа, што яна ў яе “не правая рука, не левая, а разам мы адно цэлае”. І пра свой калектыў: “Мы – каманда!”
Дарэчы, на мерапрыемствах накшталт раённых аглядаў ці конкурсаў загадчыца таксама становіцца і спявае. І бацькі далучаюцца. І на святах яны не проста гледачы, а актыўныя ўдзельнікі, нават на рэпетыцыі дысціплінавана прыходзяць. Ды і ўвогуле кіраўніцтва ім вельмі ўдзячнае за ўсебаковую падтрымку і разуменне.
Пра тое, чым займаюцца дзеці, бацькі аператыўна даведваюцца з садаўскага інстаграма.
Дарэчы, сваю модную старонку гэты садок завёў адным з першых – у 2019 годзе.
І Марына Геттэ, і Надзея Маслоўская пра кожную з калег гаварылі вельмі цёплыя словы. Напрыклад: “Наша музычны кіраўнік Дыяна Талака – наша радасць і шчасце, наша знаходка”. Ці: “Наша настаўнік-дэфектолаг Вольга Булахціна не меньш цудоўная”. І так пра кожную з шасці выхавацелек. Давяраюць, ведаюць, што іх калегі – профі ў сваёй справе, і паважаюць іх веды, досвед і меркаванні. Здаецца, тут людзі не проста працуюць. А атрымліваюць задавальненне ад працы, заўважым, вельмі нялёгкай.

“Напрыклад, нашаму музычнаму кіраўніку пасля Багача і кірмашу прыходзіцца адразу рыхтаваць не толькі Новы год, але і Калядкі, і Раство Хрыстова. І выкладваецца яна напоўніцу”, – кажа Надзея Маслоўская.
Так, садок сябруе з мясцовым праваслаўным прыходам, і кожны год у дні Святак дзяцей і выхавальнікаў прыходзіць віншаваць настаяцель прыхода ў гонар іконы “Отрада и Утешение” айцец Аляксандр Васюкевіч.
Роднае слова
Беларускім традыцыям і роднай мове тут адводзіцца асобнае месца.
У старэйшай групе заняткі праходзяць на беларускай мове, у сярэдняй амаль цалкам, а малодшым роднае слова даносяць дазіравана. “Неабходна ўлічваць, што асяроддзе ў дзяцей пераважна рускамоўнае, таму мы напачатку суправаджаем беларускай мовай рэжымныя моманты, падчас заняткаў патрошкі ўводзім беларускія словы, – кажа намеснік загадчыцы. – Ад сваіх выхавальнікаў, ад музычнага кіраўніка яны чуюць беларускія пацешкі і песні. Маё пераканне: жыць у Беларусі і не ведаць роднай мовы – гэта няправільна. Нават калі мы не карыстаемся ёю ў паўсядзённым ужытку, абавязаны хаця б даць граматны адказ на мове звароту, бо гэта сведчанне нашай культуры і адукаванасці”.
Тут утульна, прыгожа, атмасферна. Нездарма кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі калісьці сказала пра гэты сад, дзе паўсюль растуць сосны: месца, дзе кожны сантыметр пахне дзяцінствам.
Напэўна, таму, што і загадчыца, і намесніца і 6 выхавальнікаў з іх памочнікамі, і загадчык гаспадаркі Аляксей Балабанчык на адной хвалі з дзецьмі – не развучыліся здзіўляцца, радавацца, ствараць новае.
У Аксакаўшчыне няма СДК, няма школы, а таму ў садку вялікім попытам карыстаюцца платныя адукацыйныя паслугі. Тут у іх і адмысловы стол для гульняў з пяском, і казкатэрапія, і тэатральная студыя, і падрыхтоўка да школы.
Тэкст: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ
Фота: Ганна ГАЛКОЎСКАЯ