Свята паэзіі. Раённаму літаратурнаму аб’яднанню «Купалінка» – 30 гадоў

Веданне роднай мовы, цікавасць да літаратуры дапамагаюць выхаваць зацікаўленых прадаўжальнікаў беларускіх традыцый, носьбітаў нацыянальнай культуры. Менавіта такіх вынікаў імкнецца дасягнуць у сваёй дзейнасці Мінскае раённае літаратурнае аб’яднанне «Купалінка», якое сёлета адзначае сваё 30-годдзе.

«Купалінка» адкрыла шлях многім пісьменнікам

Аб’яднанне ўтварылася ў 1993 годзе пры аддзеле адукацыі Мінскага райвыканкама. Яго ўдзельнікі – вучні і педагогі, якія спрабуюць свае сілы ў літаратурнай творчасці або проста цікавяцца паэзіяй і прозай. За гэты час шмат пачынаючых аўтараў знайшлі ў аб’яднанні падтрымку свайго таленту, дасягнулі поспехаў у  творчасці, змаглі рэалізаваць свой патэнцыял.

У Бараўлянскай сярэдняй школе прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю «Купалінкі». Тут сабраліся пераможцы раённых  літаратурных конкурсаў, таленавітыя юныя паэты, кіраўнікі творчых суполак сярэдніх навучальных устаноў раёна. Ганаровымі гасцямі свята сталі знакамітыя пісьменнікі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: Мікола Чарняўскі, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Святлана Быкава.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая, пісьменніца, адна з былых кіраўнікоў «Купалінкі»

Госці мерапрыемства пазнаёміліся з дзейнасцю літаратурных аб’яднанняў розных школ праз відэапрэзентацыі. Свае творы са сцэны прачыталі пераможцы літаратурных конкурсаў «Янка Маўр: вандраванне па зорках», «Здабыткі гісторыі: асобы, падзеі» і іншых. Прагучалі і творы юных паэтаў, якія ўвайшлі ў альманах «Натхненне», што склаўся пасля  фестывалю аднаго верша.

Святлана Быкава, член Саюза пісьменнікаў, перакладчыца, паэт

З віншаваннямі і цёплымі пажаданнямі  «купалаўцам» выступіў Мікола Чарняўскі – адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання.

–  За гэтыя 30 гадоў шмат таленавітых юнакоў і дзяўчат знайшлі ў «Купалінцы» новых сяброў і падтрымку свайго таленту. Тут кожнае зерне дае ўсходы, бо трапляе ў спрыяльную глебу, насычаную шчырасцю, добрым словам, мудрасцю настаўнікаў, –  адзначыў пісьменнік. Мікалай Мікалаевіч успомніў, як стваралася літаратурная суполка, як раслі, дзякуючы ёй, таленавітыя творцы. Заключным словам шаноўнага госця сталі вершы. Радкамі з верша Ніла Гілевіча  «Спявайце, юныя паэты» Мікола Чарняўскі акцэнтаваў увагу на галоўным: «пакуль будуць беларускія паэты, зямлі бацькоў не анямець…»

У гуртках «Купалінкі» – шматгранная дзейнасць

Вядучыя ад імя ўсіх удзельнікаў літаратурнага аб’яднання выказалі падзяку стваральнікам  «Купалінкі» –  Ліліі Жалняркевіч, Эльвіры Ярчак і настаўнікам, якія сёння збіраюць  вакол сябе здольных да літаратурнай творчасці дзяцей.

У школах Мінскага раёна працуе 38 аб’яднанняў з паэтычнымі назвамі «Баравінка», «Летуценнік»,  «Медуніца», «Золак», «Першацвет» і г.д.

Іх дзейнасць даўно выйшла за межы паэтычнай творчасці. Сёння тут кладуць на музыку творы пісьменнікаў, агучваюць на беларускай мове мультфільмы, арганізоўваюць падарожжы на радзіму беларускіх паэтаў і празаікаў, даглядаюць за помнікамі пісьменнікам. У многіх школах створаны інтэрнэт-рэсурсы, дзе гурткоўцы расказваюць пра падзеі з творчага жыцця аб’яднанняў.

Шмат падарункаў і цеплых слоў

Мерапрыемства прынесла шмат уражанняў гасцям і ўдзельнікам. Віншавалі прысутных сваёй творчасцю ансамбль «Аквамарын» і таленавітыя вакалісты Мінскага раёна. Рэгіна Чэшун, кіраўнік аб’яднання  «Купалінка», правяла майстар-клас, на якім пазнаёміла з рознымі формамі вершаваных твораў: акравершам, прысвячэннем, вершам-трыялетам і г.д Пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, якая некалі кіравала Купалінкай, прэзентавала сваю кнігу  «Казкі сівой даўніны» і правяла гульню з залам. Таму, хто здагадаецца, на якой старонцы аўтар пакінула закладку, кніга дастанецца ў падарунак. Шчаслівымі ўладальнікамі прыза сталі госці з Чурылавіцкай сярэдняй школы.  

Госці з Чурылавіцай сярэдняй школы выйгралі кнігу знакамітай пісьменніцы

Старонкамі сваёй творчай біяграфіяй падзялілася член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава. Яна прыйшла ў літаратуру ў даволі сталым узросце, аднак змагла раскрыць свой талент і выдала дзясяткі кніг. Святлана Анатольеўна пазнаёміла са сваёй 27-й па ліку кнігай «Анюта в стране чудес». Акрамя гэтага, у творчай скарбонцы пісьменніцы  12 зборнікаў паэзіі, 16 дзіцячых выданняў, а яшчэ яна працуе як перакладчык.

–  Творчы чалавек шматгранны, а мастацтва адухаўляе чалавека, і я жадаю кожнаму з вас раскрыць свой талент, свой сусвет. Нават калі творчасць не стане для вас справай жыцця, яна дапаможа ў цяжкую хвіліну і зробіць духоўна багатай асобай, – звярнулася пісьменніца да юных паэтаў.

Шчырай кранальнай прамовай выказала свае думкі наконт значнасці развіцця культуры, дзейнасці такіх аб’яднанняў, як  «Купалінка», куратар  суполкі, метадыст Мінскага раённага ўпраўлення па адукацыі Антаніна Рагіла:

– Я ўпэўнена, што ўсё дзеці маюць творчы патэнцыял, і ўдзячна настаўнікам, якія падтрымліваюць вучняў, дапамагаюць ім раскрыцца. Жадаю ўсім натхнення, смеласці ў творчасці. Стварайце свой маленькі свет, даследуйце, дзяліцеся назіраннямі – і будзе да лепшага мяняцца ваша жыццё.

Дзясяткі дыпломаў атрымалі пераможцы творчых конкурсаў і актыўныя ўдзельнікі аб’яднання  «Купалінка». Без падарункаў не абышлася, мабыць, ніводная школа раёна. Сярод пераможцаў і прызёраў абласных літаратурных конкурсаў найбольш менавіта вучняў школ Мінскага раёна, з гонарам адзначыла Антаніна Рагіла.

 Падчас свята прагучала шмат віншаванняў, пажаданняў, цёплых слоў у адрас удзельнікаў  «Купалінкі». Усе жадалі літаратурнай суполцы росквіту і доўгага жыцця, натхнення і невычэрпнай творчай энергіі ў высакароднай справе захавання роднай мовы як галоўнай адметнасці нацыі.  

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59