Выборы-2018

 

Официально

Регион

У Заслаўя свае «Ванэсы Мэй»

  Старажытны горад на дзень стаў сапраўднай культурнай сталіцай краіны: па традыцыі тут прайшло ХVІ свята музыкі «Заслаўе-2016». З раніцы да вечара ў «сэрцы» горада гучалі прыгожыя, чароўныя мелодыі ў прафесійным выкананні. 

Жыхары Заслаўя ўжо шаснаццаты год запар маюць выдатную магчымасць наведаць непаўторную краіну мастацтва, творчасці і духоўнасці, не пакідаючы роднага горада. У якасці каардынатара свята музыкі выступіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Фінберга пры падтрымцы абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў. Сёлета, як прынамсі і кожны год, была прапанавана вельмі цікавая і насычаная праграма: разнастайныя канцэрты, мастацкая выстава і абласны конкурс юных выканаўцаў.

— Пачаўся год культуры, і мы першыя ў Беларусі ладзім фестываль,  прысвечаны гэтай падзеі, — адзначыў Міхаіл Фінберг. — Падрыхтаваць такое мерапрыемства і правесці яго на належным узроўні — задача вельмі складаная і адказная. Але мы ўсё робім ад душы, ад сэрца, для таго, каб  людзі ведалі, любілі беларускую музыку, каб новыя пакаленні шанавалі гэты скарб! 

Удзельнікі калектыву Міхаіла Фінберга заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаюць ў Заслаўе. На гэты раз усе заўважылі, што горад выдатна падрыхтаваўся да падзеі, стаў яшчэ больш утульным і прыгожым. Дарэчы, “Заслаўе-2016” — 212-ы фестываль, які Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр ладзіць у малых гарадах Беларусі. 

 Фестываль увесь час пашырае свае межы, прапаноўвае штосьці новае не толькі ў музыцы, але і, напрыклад, у выяўленчым мастацтве, тым самым  прыцягваючы жыхароў  з суседніх населеных пунктаў.

Сёлета госцем Заслаўя стаў мастак, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч. Ён адзначыў, што даўно цікавіўся фестывалем ў Заслаўі і вельмі абрадаваўся, калі атрымаў запрашэнне і прапанову падрыхтаваць выставу сваіх карцін. 

— Дзякуючы фестывалю падрастаючае пакаленне мае цудоўную магчымасць сутыкнуцца з высокім мастацтвам у розных яго праяўленнях, — адзначыў Уладзімір Рынкевіч. — Па ўласным вопыце ведаю, наколькі важна ў маладосці сустрэцца з прафесіяналам. Усяго адзін раз я паглядзеў, як сапраўдны мастак змешвае фарбы і робіць першыя штрыхі на палатне, і мой лёс быў вызначаны.

Яшчэ адна слаўная традыцыя свята музыкі — конкурс юных выканаўцаў “Заслаўскі сшытак”, які прайшоў ужо ў шосты раз. У ім прымалі ўдзел вучні дзіцячых школ мастацтваў  Міншчыны. Сёлета маладыя таленты дэманстравалі здольнасці валодання струннымі смычковымі інструментамі.

У час прэс-канферэнцыі Міхаіл Фінберг падкрэсліў, што менавіта конкурс юных выканаўцаў у гэты раз стаў галоўнай падзеяй і асабліва яго парадаваў. Дзецям і іх выкладчыкам ёсць чым ганарыцца! У нашых маленькіх артыстаў не па гадах высокі ўзровень і выдатныя перспектывы. 

Пераможцай музычнага конкурсу ў сярэдняй узроставай групе стала вучаніца Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Яна Апанасевіч. Для выкладчыка і бацькоў гэта прыемная навіна не стала сюрпрызам, бо дзяўчынка шмат займаецца і заўседы паказвае высокія вынікі. 

— Яшчэ ў дзяцінстве брала ў рукі алоўкі і ўяўляла, што іграю на скрыпцы, — расказала Яна. — Займаюся музыкай з чатырох гадоў. У выбары інструмента ніколькі не сумнявалася. Мой лёс — гэта музыка!

Яна Апанасевіч ўжо не першы раз удзельніца конкурсу. Свята музыкі — падзея, якая дапамагае значна падцягнуць свой узровень, а таксама паставіць новыя задачы. Ужо сёння дзяўчынка вырашыла, што хоча іграць у славутым аркестры маэстра Фінберга. І гэта, безумоўна, магчыма з яе прыроднымі крышталікамі таленту і мэтанакіраванасцю. А яшчэ, дзякуючы фестывалю! Слухаць выступленні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра і бачыць заслужанага артыста краіны на экране тэлевізара — адна справа. Зусім іншае — самой пабываць на канцэрце і выступіць перад патрабавальным журы.

З задавальненнем наведвае канцэрты фестывалю яшчэ адна вучаніца Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў — Вікторыя Скрыпко (заняла другое месца ў старэйшай узроставай групе). Яна таксама марыць стаць прафесійнай скрыпачкай.

— Нават не ўяўляю сваё жыццё без скрыпкі, — прызналася Вікторыя. — Гэты музычны інструмент — крыніца майго натхнення. Гукі скрыпкі пераносяць у іншы свет, напоўнены яркімі фарбамі і пачуццямі.

У малодшай узроставай групе другое месца заняла вучаніца Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Даратэя Лісоўская. 

Чарговае свята музыкі “Заслаўе-2016” прынесла цудоўны настрой, яркія эмоцыі і ўдзячнасць тых, хто зрабіў яшчэ адзін крок насустрач сваёй мары — стаць сапраўдным талентам.

Таццяна ШЫМКО, фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter