Выборы-2018

 

Официально

Регион

І памятае свет выратаваны…


 “Родныя вы нашы. У смутку вялікім схіліўшы галовы, стаім перад Вамі. Вы не скарыліся лютым забойцам у чорныя дні фашысцкай навалы. Вы смерць прынялі, ды полымя сэрцаў Вашай любові да Савецкай Радзімы навек незгасальна. Памяць пра Вас у нас заўсёды, як неўміручая наша зямля і як вечна яркае сонца над ёю” (з кнігі “Памяць”).

Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі вучням, настаўнікам Папернянскай школы пашанцавала сустрэцца з Уладзімірам Сцяпанавічам Куфцерыным, журналістам, членам арганізацыі “Пошук” Рэспублікі Беларусь, які шмат ведае не толькі пра ваенныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Папярнянскага сельскага Савета, але і гісторыю вёсак: Паперня, Вішнёўка, Навасёлкі,Камсамолец, Рахманькі і іншых.

Уладзімір Сцяпанавіч правёў з намі ўвесь школьны дзень. У 9.00 адбылася жалобная хвіліна маўчання, на якой толькі цяжкія ўздыхі парушалі цішыню. Пасля ўсе накіраваліся на адзіны ўрок мужнасці “Мы заўсёды будзем памятаць іх подзвігі”, дзе кожны мог задаць сваё хвалюючае пытанне госцю.

— На тым месцы, дзе стаяў храм Святога Міхаіла ў Паперні, — распавядаў Уладзімір Сцяпанавіч, — знаходзіўся абнесены калючым дротам адзін з філіялаў канцлагера “Масюкоўшчына”. Кожны дзень ваеннапалонных ганялі на работу на Раманаўскія балоты дабываць торф. У нямецкай камендатуры ўсімі зверствамі кіраваў Віллі Рэйзе.

Святочны дзень прадоўжыўся на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, дзе ўспомнілі тых, хто аддаў сваё жыццё на той страшэннай вайне за наша сённяшняе мірнае, чыстае неба. Пасля быў дадзены канцэрт «Поклонимся великим тем годам». Гучалі дзіцячыя галасы — галасы новага жыцця, клятва вечна захоўваць памяць пра загінуўшых і закатаваных.

 Вольга АНТАНОВІЧ, настаўнік ДУА “Паперняская СШ”.

 Спаленая вёска

 — У Паперні знялі гарнізон, — расказвае Людміла Міхайлаўна Кашкан, сведка ваенных часоў. — Партызаны хадзілі па хатах і папярэджвалі, што вёсцы пагражае аблава, немцы не даруюць за гарнізон, і трэба ўсім ісці на Лагойшчыну. Хто, як мог, збіраўся ў дарогу, а вось у нас каня не было, не было, на чым ехаць. Маці мая ўгаварыла бацьку адысці ад Паперні. Мне тады было 13 гадоў. Маці ўзяла маю пяцігадовую сястру на рукі, бацька сабраў клунак адзежы, я ўзяла на вяроўку карову і мы пайшлі ў Навасёлкі, цяпер вул.Зарэчная, што за трактам, да Маркевічаў. Калі гаварыць пра надвор’е, то было нешта страшнае: ліў дождж, грымелі грымоты, па ўсёй вёсцы стаяў лямант. Крычалі людзі, раўлі каровы, плакалі дзеці — нікому не хацелася ад’язджаць, але што зробіш... У нас у хлеўчыку засталіся кабанчык і 15 курэй, мне было іх так шкада! Ноч прайшла ў трывозе, без сна, ды дзе гора, а дзе і радасць. У суседняй вёсцы Камары ражала жанчына, і майго бацьку ноччу паклікалі туды. Пакуль бацька дайшоў, яна ўжо нарадзіла двойню, але бацьку не пусцілі, пачаставалі, ён вярнуўся пад раніцу і заваліўся спаць. Колькі я яго не штурхала, каб пайсці забраць курэй і кабанчыка, ён не ўстаў. Маці раніцай загадала мне пайсці наведаць галодную карову на поплаве ля хат. Я выйшла і бачу: да вёскі Паперня пад’ехалі 2 крытыя брызентам машыны, “душагубкі”, як іх называлі ў той час. З адной выскачылі паліцаі зганяць тых, хто застаўся з людзей, да машын. Мне Маркевічыха кажа: ”Стань ты на хлеўчык, дык будзеш лепей бачыць, што там робіцца”. Я забралася на дах хлева і налічыла 15 чалавек ля машыны. Іх пагрузілі і павезлі у СД. Разам з папернянцамі туды трапіла жанчына, якая прыблыталася ў Паперню за гады вайны бог ведае адкуль. Яна і расказала потым, што з імі было далей. У 12 гадзін ночы (у СД) прыйшоў немец і загадаў: “Хто з Паперні — на выхад!”. Усе падняліся, выйшлі, а я засталася, мяне не зачапілі. З тых 15-ці чалавек, каго забралі, засталіся толькі 2 хлопцы, ім было год па 9—10, але яны былі такія моцныя, здаровыя, і іх забралі ў шпіталь, каб узяць кроў для немцаў. А з тых людзей, напэўна, ніхто не выжыў. Ёсць меркаванне, што ўсіх іх памясцілі ў канцлагер Трасцянец. А што сталася з вёскай Паперня? Не паспелі ад’ехаць “душагубкі”, як пачалі ўспыхваць хата за хатай. Гарэла ўсё, што магло гарэць: дамы, хлявы, дрэвы, платы. Праз некалькі хвілін чорны дым завалок неба. Людзі, якія працавалі зранку на вішнёўскім полі (а немцы давалі на сям’ю надзелы зямлі, тады быў свой жорсткі рэжым), глядзелі і дзівіліся гэткай расправе над безабароннай вёскай Паперня.

27 верасня 1943 года знялі нямецкі гарнізон, а раніцай 28 верасня ад Паперні засталіся адны галавешкі.

З успамінаў былой жыхаркі в.Паперня, настаўніцы Людмілы КАШКАН.

Размещено: 19.05.2015

Поделиться:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter