Выборы-2018

 

Официально

Регион

Памятаем, ганарымся, працягваем традыцыі


 Май заўсёды абуджае новыя надзеі, спадзяванні, эмоцыі…  Май 2015 — незвычайны, юбілейны…

З кожным годам усё менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны застаецца сярод нас. Магчыма, мы апошнія, хто мае магчымасць іх бачыць і чуць іх успаміны.

Традыцыйна калектыў навучэнцаў і выкладчыкаў Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа рыхтуецца да свята з асаблівым пачуццём удзячнасці за мір, адказнасці за належны стан брацкіх могілак у в.Чаромухі, разумення значнасці падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі.
 
Мы памятаем і падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Міншчыны пасля Брэсцкай дамовы 1921 года, у выніку чаго Беларусь была падзелена, а ў Новым Полі размясціўся пагранічны атрад, і ўз’яднанне, і гераічнае супраціўленне на акупіраванай тэрыторыі, і Мінскі кацёл, і першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі.
У каледжы працуе музей, экспазіцыя якога расказвае пра барацьбу з ворагам партызанскай брыгады імя Шчорса Баранавіцкага злучэння і пра гісторыю Навапольскага сельскагаспадарчага тэхнікума, з 2002 года — Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа.
 
Амаль два дзесяцігоддзі падтрымліваюць навучэнцы каледжа сяброўскія сувязі з воінамі в/ч Гіравічы, якія ў гэтыя святочныя дні былі разам з намі.
Члены ГА «БРСМ» даглядаюць помнік партызанам і воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца ў в.Чаромухі Мінскага раёна.
7 мая ў в.Чаромухі, да помніка, дзе адбыўся мітынг, прыйшлі навучэнцы і выкладчыкі каледжа, воіны, ветэран Валянцін Станіслававіч Цярэшка. У свае 91 Валянцін Станіслававіч добра выглядае, бадзёры, з прыемнай усмешкай, падзяліўся сваімі ўспамінамі, уражаннямі, пажадаў навучэнцам шчырасці, стойкасці ў выпрабаваннях, мірнага неба.
 
Ганаровая варта каля помніка, вянкі і кветкі, выступленні дырэктара каледжа С.У.Лукашэвіча і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.В.Счаснай, віншаванне намесніка камандзіра в/ч Гіравічы С.В.Літвінава зрабілі на моладзь моцнае ўражанне. Асаблівае хваляванне адчувалася ў хвіліну маўчання…
 
А праз некаторы час свята працягвалася ў актавай зале. Незвычайна ўпрыгожаная сцэна, дзе выдзяляецца кампазіцыя з кветак яблыні, прысутнасць ветэрана і воінаў — усё дапамагала святочнаму і разам з тым радасна-трывожнаму настрою. Сапраўды, свята са слязамі на вачах!..
 
Удзельнікі мастацкай самадзейнасці падрыхтавалі кампазіцыю, якая пазнаёміла гледачоў з песнямі Вялікай Айчыннай вайны, што прайшлі разам з франтавікамі суровымі шляхамі… Выкарыстаныя кадры ваеннай хронікі, мастацкіх фільмаў разам з хвалюючым, эмацыянальным выкананнем знаёмых радкоў «Синий платочек», «Смуглянка», «Солдатский вальс» і сучасных песень пра вайну выклікалі слёзы на вачах…
 
Кожны год на сцэну каледжа выходзяць першакурснікі, якія праз некаторы час становяцца нашымі «зоркамі». Гучнымі апладысментамі віталі гледачы Т.Мыслівец, А.Максімовіч, А.Купчэню, П.Хромчанка, К.Казак, В.Несцераву і іншых.
 
Падрыхтоўка навучэнцаў да свята вялася пад кіраўніцтвам У.Агаева, і вынік атрымаўся проста выдатны.
 
В.С.Цярэшка так расчуліўся, што пасля выступлення запеў: «С берез неслышен, невесом, слетает желтый лист…» і разам з залай дапеў да канца.
 
Навучэнцы віталі ветэрана, віншавалі са святам, выказалі ўдзячнасць за ратныя подзвігі.
 
Мы памятаем гісторыю, ганарымся нашымі прадзедамі, падтрымліваем ветэранаў, сябруем з воінамі, якія забяспечваюць мір на нашай зямлі. Мы працягваем традыцыі!

Ніна ЧАРНАВУСАВА, выкладчык.
 

Размещено: 12.05.2015

Поделиться:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter