Общество

Асаблівая аўра. Даведаліся, як прайшоў фестываль«Свята музыкі ў Заслаўі»

Дырыжор Міхаіл Фінберг пакінуў нас у снежні 2021 г., але застаўся пасля яго, у ліку іншых, цудоўны фестываль – «Свята музыкі ў Заслаўі». 28 студзеня ён прайшоў ў 21 раз. Высокае журы па-ранейшаму вызначала лепшых з лепшых вучняў усіх музычных школ Мінскай вобласці, і гучала выдатная музыка беларускіх кампазітараў Орды, Вагнера, Смольскага, Абеліёвіча… І было ўсё гэта музычнае баляванне па-ранейшаму сагрэта бясконцай любоўю маэстра Фінберга – да музыкі, да роднай Беларусі, да ўсіх нас.

Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Яўген Асташоў, гэта вельмі добры фестываль.

– Мы маем намер гэты ўнікальны фестываль захаваць і ў далейшым, і менавіта з удзелам дзяржаўнага аркестра. Грошы вылучае абласны бюджэт, для пераможцаў конкурсу закуплены вельмі добрыя прызы, якія спатрэбяцца нашым адораным юным музыкам: камплекты скрыпічных струн, пюпітры, каніфоль для смычкоў, сродкі для калкоў, упоры для шпіля віяланчэлі…

«Музыка гэта маё жыццё»

У кабінеце дырэктара Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Валерыя Шкурскага гадзіннік з боем рытмічна адлічвае цудоўны час яго творчага жыцця. Нязменна менавіта на базе гэтай выдатнай школы праходзіць «Свята музыкі», тут дзяцей з усіх раёнаў вобласці гасцінна прымаюць на конкурс «Заслаўскі сшытак», размяшчаюць і нават кормяць.

–Пачынаць каляндарны год менавіта з гэтага фестывалю ўвайшло ўжо ў добрую звычку, – распавядае Валерый Шкурскі. – Некалі Міхаіл Якаўлевіч у сэрцах выказаўся аб тым, што няма ў Беларусі ніводнаго дзіцячага конкурсу, дзе гучала б толькі беларуская музыка. Я гэта тады ўспрыняў як выклік! І за ўсе гэтыя гады мы ні разу не адступілі ад папулярызацыі свайго, роднага.

Дырэктар падзяліўся: Міхаіл Якаўлевіч патрабаваў, каб былі прадстаўлены ўсе раёны вобласці. Гэта няпроста, але ўсе гэтыя ўмовы вытрымліваюцца, нават і без самога мэтра.

У школе вельмі добры выкладчыцкі калектыў, усе працуюць на вынік, таксама ёсць і здаровая канкурэнцыя. Як расказаў Валерый Пятровіч, дзіцячую школу мастацтваў матэрыяльна добра падтрымліваюць і гарадскія ўлады, і раённыя, і абласныя. Ёсць усе інструменты.

На базе установы адукацыі праходзяць рэспубліканскія конкурсы. Так, летась было больш за тысячу чалавек удзельнікаў! І парады духавых аркестраў ужо двойчы былі, а ў сакавіку адбудзецца чацвёрты конкурс ім. Харытонава.

– Мы бярэм на сябе любыя складаныя задачы, і з агульнай дапамогай спраўляемся… Музыка – гэта маё жыццё, некалі я ездзіў у музычную школу за 17 кіламетраў, у мяне былі вельмі добрыя настаўнікі. Цяпер уся мая сям’я грае на розных інструментах, ды і я ў школе кларнет выкладаю, – падзяліўся асабістым Валерый Шкурскі.

Таксама ў гэтай школе ёсць і мастацкае аддзяленне. Выстава «Мая Радзіма Беларусь», якая толькі што вярнулася з Прэзідэнцкай бібліятэкі, была ўрачыста адкрыта ў перапынку паміж канцэртамі «Свята музыкі ў Заслаўі».  У сваіх працах маладыя жывапісцы прадставілі бачанне роднай зямлі: кафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і Каложская царква ў Гродне, Мірскі замак і палацава-замкавы комплекс у Нясвіжы, партрэты Льва Сапегі іБарбары Радзівіл, Юдэля Пэна, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава

Старшыня гарвыканкама Святлана Карташова адзначае:

– Толькі дзякуючы ініцыятыве Міхаіла Фінберга, яго любові да беларускай культуры і музыкі, фестываль у Заслаўі пачынаў і пачынае культурны адлік кожнага года вось ужо ў 21-й раз. Вельмі шкада, што гэта цяпер будзе без мэтра… За 20 гадоў столькі беларускіх аўтараў і кампазітараў мы даведаліся! Столькі часам забытых мелодый пачулі! Але новае пакаленне заслаўчан, дзякуючы нястрымнай энергіі Фінберга і яго аркестра, вырасла на беларускай музыцы.

Газета «Прысталічча» у 2019 годзе пісала, што народны артыст,Беларусі прафесар Міхаіл Фінберг адзначыў на фестывалі ў Заслаўі. «Самае галоўнае – добра вучыцца, і тады будуць і сотні канцэртаў, і дзясяткі выдатных праграм, якія ёсць у нашага аркестра, а ён заўсёды працуе ўжывую, не выкарыстоўваючы фанаграму. А выкладчыкі музычных школ у малых гарадах працуюць ад душы, і вельмі важна, што ёсць такія фестывалі, як «Заслаўскі сшытак», таму што тут асаблівая аўра. Трэба мець здароўе, і вучыцца ўпарта, і дзякуй усім, хто рыхтуе дзяцей да жыцця ў музыцы. Асаблівая падзяка Мінскаму аблвыканкаму, які робіць вельмі шмат для таго, каб захаваць лепшыя традыцыі беларускай музыкі».  

Тэкст: Тамара ВЯЦКАЯ

Фота: Тамара ВЯЦКАЯ