Без рубрики

Ваўчыца – лекарка

На скрыжаванні сціплых прасёлкавых дарог, пад шатамі некалькіх прыгожых хвояў, ля невысокага драўлянага крыжыка зусім старэнькая бабулька ў завязанай на грудзях шэрай хустачцы выдзірае пустазелле і з плеценага кошыка высаджвае маргарыткі і ўжо амаль раскрытыя наготкі. Павітаўшыся, я пацікавіўся, як праехаць у вёску, дзе захаваўся старажытны касцёл, і адначасова заўважыў, што крыж быў укапаны зусім нядаўна, а побач на траве ляжаць рэшткі старога струхнелага драўлянага крыжа.

Звярнуўшы ўвагу на маю цікаўнасць, але не спыняючы свайго занятку, бабуля патлумачыла, што стары крыж быў па другі бок дарогі, вунь ля той лагчынкі.

– Ля яго, мае бацькі казалі, некалі быў невялічкі пагорак – як быццам магіла. Але ці будзе табе такое цікава… А шляхам табе вось гэтым трэба кіравацца да касцёла, – і паказаўшы ў той бок рукой, стала далей нетаропка высаджваць свае сціплыя кветкі.

Але я ўсё ж паспрабаваў пераканаць сваю новую знаёмую, што мне будзе вельмі цікава пачуць гісторыю, звязаную са старым драўляным крыжам каля нечае магілы.

І вось да вашай увагі гэтая невялічкая гісторыя ці, калі хочаце, легенда.

…Было гэта вельмі даўно. Пасля некалькіх гадоў засухі і няўроду прыйшоў голад, а следам за ім падкралася хвароба, што касіла людзей, як траву. Пілі розныя зёлкі, а хто мог дазволіць сабе – і да лекараў звяртаўся, але нічога не дапамагала жыхарам навакольных паселішчаў. Людзей у акрузе паменела амаль  удвая.

На ўскрайку велізарнага пушчанскага гушчару стаяў дом лесніка. Гаспадар дома загінуў, а леснічыха так і засталася жыць адна, і дзяцей у яе таксама не было. Мясцовыя ведалі, што жонка лесніка не толькі вядзьмарка, але яшчэ  і знахарка. І хто адкрыта, хто ўпотай, але ўсё ж многія да яе наведваліся, прасілі дапамогі ў лекаванні дзетак сваіх малых, ды і дарослым яна вельмі рэдка адмаўляла, толькі калі ёй чалавек не падабаўся.

Звярнуліся людзі да леснічыхі: ці дапаможа яна ад хваробы пазбавіцца, бо вымруць усе канчаткова. І пачулі ад яе наступнае. Трэба вярнуцца ў вёску, але ў хатах не заставацца, а на вуліцы быць. Нават ляжачых вынесці на двор і чакаць цярпліва столькі часу, колькі спатрэбіцца. Яшчэ яна дадала: каб не баяліся і не хаваліся ад таго, хто да іх абавязкова  неўзабаве прыйдзе.

Вярнуліся людзі ў свае хаты і зрабілі ўсё, як ім леснічыха загадала. Дзень так у дварах прабылі, вечар настаў. Раптам працяў паветра голас ваўчыцы. Сабакі ў вёсцы ўсе ў будкі забіліся, ды і людзі таксама спалохаліся. Але многія адразу сцямілі, што ператварылася знахарка ў ляснога звера. Так яно і было. І пайшла ваўчыца ад хаты да хаты, ад двара да двара, нікога з хворых не прапускаючы. Лізала яна ім рукі і ногі, постаці іх худыя, і адразу ж хворыя ачуньвалі, на ногі нават падымаліся. Гарачка адступала, раны загойваліся, моцы нашмат болей адчувалася.

…Пакінуўшы апошнюю вёску, губляючы свае апошнія сілы, дайшла ваўчыца да гэтага месца каля дарогі, прыняўшы на сябе пакуты людскія, і тут жа неўзабаве памерла.

– Людзі і цяпер памятаюць тую казку-легенду, колькі жыццяў чалавечых выратавала леснічыха-ваўчыца. Пасля каля таго месца на магіле і крыжык паставілі. А вось цяпер яго чамусьці перанеслі на гэты бок дарогі. Не ведаю, навошта і каму гэта спатрэбілася, – скончыла свой аповед бабулька. Толькі цяпер я заўважыў, што і на тым баку дарогі невялічкая апрацаваная лапінка зямлі была таксама спрэс пакрыта белымі маргарыткамі, сярод якіх на ветрыку сціпла пагойдваліся толькі што раскрытыя аранжавыя галоўкі наготкаў. Як бы таропка ні бег час, хаваючы пад сваімі крыламі падзеі і лёсы чалавечыя, але ж нешта, дзякуй богу, застаецца і на зямлі гэтай гаротнай, і ў  людской памяці.

Тэкст: Уладзімір ЦВІРКА

Фота: Уладзімір ЦВІРКА