Прысталiчча

Газета Минского района

У Мінскай вобласці ёсць усе магчымасцi, каб працягнуць паступальнае развіццё

 9 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі адбыўся Мінскi абласны сход удзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу.

«Стратэгічная мэта рэгіянальнай палітыкі Мінскай вобласці на будучую пяцігодку — забеспячэнне спрыяльных умоў жыццядзейнасці людзей і павелічэнне свайго ўкладу ў рашэнне агульнарэспубліканскіх задач», — заявіў старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра.

Паводле яго слоў, у 2016—2020 гадах патэнцыяльнымі пунктамі росту для вобласці павінны стаць такія напрамкі, як біяхімія, фармацэўтыка, вытворчасць медыцынскага абсталявання, тонкая хімія, турызм, аўтамабілебудаванне і электроніка.

Адна з прыярытэтных задач у развіцці эканамічнага патэнцыялу Мінскай вобласці — актывізацыя работы па прыцягненню замежных інвестыцый, павышэнне аддачы ўкладзеных сродкаў і больш эфектыўнае кіраванне інвестыцыйнымі праектамі. Самым маштабным праектам у галіне ў наступныя пяць гадоў Сямён Шапіра назваў будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Будаўніцтва парку дазволіць актывізаваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з КНР, прыцягнуць замежныя і айчынныя інвестыцыі для развіцця высокатэхналагічных і канкурэнтаздольных вытворчасцяў. Да канца 2016 года плануецца завяршыць будаўнічыя работы ў інжынернай інфраструктуры зоны парку.

У аграпрамысловым комплексе цэнтральнага рэгіёну таксама вызначаны шэраг ключавых задач. Інтэнсіфікацыя жывёлагадоўлі будзе ажыццяўляцца за кошт будаўніцтва новых і рэканструкцыі існуючых вытворчых магутнасцяў, іх тэхнічнага перааснашчэння. 
Сямён Шапіра таксама паведаміў, што за наступныя пяць гадоў у Мінскай вобласці плануецца пабудаваць чатыры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі — у Барысаве, у Бараўлянах (дзве) і ў курортным пасёлку Нарач. У апошнім новая школа адчыніць дзверы ўжо 1 верасня бягучага года. Запланавана будаўніцтва 11 устаноў дашкольнай адукацыі. Паводле слоў Сямёна Шапіры, запланавана шэраг мерапрыемстваў, якія дазволяць дынамічна развіваць такія галіны, як ахова здароўя, культура, фізічная культура і спорт.
 
«У новую пяцігодку мы ўступаем у няпростых эканамічных умовах. Аднак, плануючы працу на гэты перыяд, мы не павінны акцэнтаваць увагу на складанасцях. Упэўнены, што ў Мінскай вобласці ёсць усе рэзервы, каб працягнуць паступальнае развіццё і ўнесці свой уклад у павышэнне дабрабыту беларускага народа», — сказаў на заканчэнне Сямён Шапіра.
 
Па выніках Мінскага абласнога сходу ўдзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу была прынята рэзалюцыя.

Ул. інф.