Выборы-2018

 

Официально

Регион

Новости Беларуси

 
©БЕЛТА

Уставайце, граф. Час дазнацца пра тайну!

 Прылукі – Гарадзішча – Новае Поле – Сёмкава – Лагойск – Смілавічы. Што аб’ядноўвае іх?

Сотню год таму тут жылі і працавалі сусветна вядомыя грамадскія дзеячы, навукоўцы, кампазітары, мастакі. Захаваліся іх радавыя гнёзды – палацава-паркавыя комплексы, унікальныя архітэктурныя ансамблі, сядзібы… Тут узнікалі адны з першых музеяў, карцінныя галерэі, ладзіліся тэатральныя пастаноўкі. Сапраўдны кландайк для турыста! Але зазвычай аматары вандровак са сталіцы адразу накіроўваюцца ў далёкія краіны. І вось не так даўно энтузіясты распрацавалі турыстычны маршрут па гэтых гістарычных мясцінах. 

– Кола – цікавая ідэя ў турызме, – кажа экскурсавод, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў. – Яе паспяхова выкарыстоўваюць ва ўсім свеце. Давялося пабываць у польскім Бельску-Падляскім з колькасцю насельніцтва прыкладна 25 тысяч чалавек. Вакол гэтага невялічкага горада жыхары стварылі турыстычны маршрут «Драўлянае кола». Ля архітэктурных помнікаў, уключаных у маршрут, устаноўлены таблічкі з апісаннем гісторыі аб’ектаў на розных мовах. Маючы карту з маршрутам, турысты могуць падарожнічаць і сваім ходам. Нічога не замінае стварыць падобнае «кола» вакол Мінска.

Наш карэспандэнт зрабіла кола вакол беларускай сталіцы. Пра тое, што ўдалося пабачыць на маршруце, аб чым даведацца ад экскурсаводаў, прадстаўнікоў устаноў, якія сёння клапоцяцца пра гісторыка-культурныя каштоўнасці, чытайце ў праекце газеты «Прысталічча» – «Мінскае кола». Пункт першы: Прылукі.

…Шлях да былога ўладання графаў Чапскіх пралягае праз Сеніцу. Аўтобус едзе па старым Навагрудскім бальшаку. Прылукі – першая колішняя паштовая станцыя на ім.

Бялее сеніцкая Свята-Петра-Паўлаўская царква. Побач з храмам знаходзілася школа, у якой вучыўся Янка Купала. Яго сям’я арандавала зямлю непадалёк. Першай настаўніцай класіка беларускай літаратуры была Алімпіяда Сонцава. Яна адкрыла свет ведаў многім дзеячам культуры. Напрыклад, стрыечным братам Язэпа Пушчы – Сямёну і Сяргею Плашчынскім, акцёру тэатра У. Галубка Антону Згіроўскаму, паэту і празаіку Станіславу Шушкевічу, бацьку першага кіраўніка незалежнай Беларусі.

Палацава-паркавы комплекс другой паловы XVIII ст., абнесены вытанчанай агароджай, засцілае туман. Парк, алеі… Сядзібу ў стылі англійскай неаготыкі амаль не відаць з-за дрэў. Сапраўдны «зачараваны замак». 365 крокаў ад брамы да цэнтральнага ўвахода – і ён як на далоні. Захаваўся парадны двор, або курданёр. 

Наўкол ледавіковы пейзаж: узгоркі, нізіны, прорвы… За палацам – ціхаплынная Пціч. На процілеглым баку ракі захаваліся свіран, дом аканома, бровар. Будынкі знаходзяцца ў прыватнай уласнасці.

Ганна Агінская ў XVII ст. заснавала ў Прылуках манастыр. Паводле адной з версій, на яго месцы пры загадкавых абставінах і з’явіўся замак. Пазней яго перабудавалі ў палац. Шляхецкай сядзібай у розныя часы валодалі Іваноўскія, Тышкевічы, Прушынскія, сын шведскага салдата войска Карла XII Францішак Оштарп, вядомы аграном Антон Горват. З 1872 года палац у Прылуках – адна з рэзідэнцый графа Эмерыка Чапскага. Гэты грамадскі дзеяч займаў высокія пасады ў Расійскай імперыі, але трапіў у няміласць цара і таму перабраўся ў Станькава, стварыўшы так званы Станькаўскі ключ. Палац у Прылуках атрымаў у спадчыну малодшы сын Эмерыка Чапскага Ежы.

Эмерык займаўся гаспадаркай, збіраў калекцыі манет, фалерыстыкі. Калі ён пераязджаў у Кракаў, спатрэбілася шэсць вагонаў, каб перавезці палову сабраных старажытнасцей. 

Пасля Вялікай Айчыннай вайны помнік архітэктуры стаяў у руінах. Не было ўпэўненасці, ці адбудуюць яго. Палац выратаваў… каларадскі жук. На базе сядзібы ў Прылуках у пасляваенныя гады адкрылі доследную станцыю па барацьбе з паласатым шкоднікам. Ёю кіравала Цыля Гандэльман, якая адыграла ключавую ролю ў аднаўленні. На жаль, давялося змяніць анфіладную планіроўку на калідорную… А вось шырыня сцен засталася замкавая – каля аднаго метра.

У 1971 годзе тут пачаў працаваць Інстытут аховы раслін. Навуковая ўстанова ўнесла значны ўклад не толькі ў захаванне рэзідэнцыі Чапскіх, але і ў развіццё Прылукаў – будавала жыллё, інжынерныя сеткі. Сёння тут дзейнічаюць восем лабараторый і шэсць падраз-

дзяленняў. Колькасць супрацоўнікаў – 160 чалавек.

Новае пакаленне навукоўцаў таксама клапоціцца пра сядзібу. Ніколі не адмаўляе ў экскурсіі дырэктар Сяргей Сарока. На тэрыторыі Інстытута аховы раслін, нагадвае Сяргей Уладзіміравіч, па папярэдняму пісьмоваму ўзгадненню з адміністрацыяй праводзяцца вяселлі, фотасесіі, культурна-масавыя мерапрыемствы. Наведвальнікі абавязаны захоўваць чысціню і парадак, выконваць патрабаванні бяспекі. 

– У нашым інстытуце адкрыты музей, – расказвае Сяргей Сарока. – Адна частка экспазіцыі прысвечана палацава-паркаваму комплексу Чапскіх, другая – гісторыі Інстытута аховы раслін. Прылукі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя карысталіся ўвагай кінематаграфістаў. Тут у 1920-я гады здымалі першы беларускі вестэрн «Лясная быль». Апошнім часам у нас праходзілі здымкі серыяла «Паляванне на гаўляйтара» з Настассяй Заваратнюк у галоўнай ролі. Прыемна, што Міншчына багатая на гісторыка-культурную спадчыну, і можна здымаць фільмы не на фоне дэкарацый, а ў такім прыгожым куточку, як Прылукі. Існуе меркаванне, што кіна-

здымкі прыносяць нам неблагія грошы. Гэта недакладная інфармацыя. Арэндная плата, якую мы атрымліваем ад кінакампаній, вельмі сціплая. Вось у савецкі час інстытут на здымках фільма сапраўды мог зарабіць. Укладвалі прыбытак у добраўпарадкаванне. 

Трапляла ў кінастужкі і рэзідэнцыя вядомага мінскага гарадскога галавы Кáраля Чапскага, а таксама прыручаныя там мядзведзі.

Засталіся сведчанні, што яны сапраўды прыслужвалі ў Станькаве – чэрпалі ваду для кухні. Старажылы ўспаміналі: звяроў звалі да кармушкі званком. Яны прывыклі да сігналу. За-

звоняць званы ў царкве, прамчыцца тройка – мядзведзі кідалі свае цэбры ды з усіх лап спяшаліся на абед… Апошніх мядзведзяў Чапскіх можна пабачыць у кінастужцы «Дуброўскі». 

У музеі прыцягваюць увагу рарытэтныя фатаграфіі, квіт (на фота). Гэта арыгінальная грашовая купюра, якую выпускалі Чапскія для разлікаў са сваімі сялянамі. Такім чынам яны змагаліся з уцёкамі і перасяленнямі. Квіты можна было выкарыстоўваць толькі на тэрыторыі графскіх уладанняў. 

Побач з квітам – герб Чапскіх «Леліва» з каронай на паўлінавых пёрах, зоркай і маладзіком. 

З тыльнага боку фасада – выхад з бальнай залы. Эркер (шматгранны выступ з вокнамі), высокая лесвіца… Адсюль адкрываўся від на тэрасы, альтанку ў кітайскім стылі, аранжарэю, ананасарню і раку Пціч. Калісьці тут прагульваліся Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, якія гасцявалі ў гаспадароў.

Мінулае стагоддзе раскідала прадстаўнікоў роду Чапскіх па ўсім свеце. Іх нашчадкі жывуць у Італіі, Францыі, Брытаніі, Канадзе і нават Аўстраліі. Сумную гісторыю расказваюць пра дзяцей Кáраля Чапскага Лізавету і Войцэха.

У 1920 годзе, калі сям’я пакідала Станькава, Лізавета моцна хварэла. З-за стану здароўя выпраўляцца ў далёкі шлях ёй было немагчыма, і паненка засталася адна пад апекай сялян. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора зусім недалёка ад Мінска пралягла ўсходняя польская мяжа. Сувязь з роднымі была страчана… Лізавета вымушана была ўтойваць сваё паходжанне, знаходзілася пад пагрозай расстрэлу, была выратавана дзякуючы чырвонаармейцу, што ўзяў яе ў жонкі. Неўзабаве ратавальнік гіне… Паненка жыве ў галечы. 

Тым часам на пошукі сястры адпраўляецца Войцэх. Памылковыя даныя, што Лізавета знаходзіцца ў Маскве, прыводзяць яго туды. Там ён быў арыштаваны і расстраляны.

Дачка Кáраля Чапскага другі раз выйшла замуж і пасялілася непадалёку ад Атоліна – у вёсачцы Забалацце, трымаючы ў тайне сваё паходжанне. І толькі на схіле год, у 1980-я, Лізавета ашаламіла дарослага ўнука, увайшоўшы раніцай у яго пакой са словамі:

– Уставайце, граф, час дазнацца про вялікую тайну!

…Авеяны легендамі «зачараваны замак» кожны павінен пабачыць на свае вочы. А наша падарожжа працягваецца. Наступная кропка «Мінскага кола» – гарадзішча на Менцы. Там, як лічаць археолагі, верагодней за ўсё, і быў заснаваны летапісны Мінск. 

Святлана ВАШЧЫЛА

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter