Прысталiчча

Газета Минского района

Свята ўраджаю прыйшло ў Прысталічча!



11 лістапада ў Сеніцкім цэнтры культуры сабраліся прадстаўнікі сельскай гаспадаркі і пераапрацоўваючай прамысловасці з усяго Мінскага раёна.

Сельскагаспадарчы год амаль скончаны, у мінулым засталіся напружаныя дні самаадданай працы простых вяскоўцаў — камбайнераў і ва-дзіцеляў,  механізатараў і жывёлаводаў,  аграномаў і бухгалтараў… 

Пераможцы жніва атрымалі свае ўзнагароды. Менавіта на такіх лідарах і трымаецца сельская гаспадарка. Павага ім і хвала!

Тыя, хто працуюць у сельскагаспадарчай галіне, — людзі асаблівай загартоўкі. Не кожнаму пад сілу напружаны рытм работы, часам без выхадных і святочных дзён. Ды і заробкі ў іх не самыя высокія, але прафесіі не здраджваюць. Як бы не мяняўся і не ўдасканальваўся вытворчы прагрэс, якія б сучасныя тэхналогіі не прыходзілі ў сельскагаспадарчую галіну, адно застаецца нязменным — умелыя і працалюбівыя рукі. Вёска жыве па сваіх законах: рана прачынаецца, позна завяршае паўсядзённыя клопаты. Праца на зямлі застаецца па-ранейшаму запатрабаванай, яна — прызванне сапраўдных гаспадароў, такіх, як у Мінскім раёне.

Святаслаў МАРЦІНЧЫК, старшыня Мінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК:

— Для нас “Дажынкі”, як і Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, — ключавыя святы. Безумоўна, як і для ўсяго аграрнага сектара прысталічнага рэгіёну. Гэта час кожнага чалавека працы, калі мы можам сказаць яму добрыя словы падзякі. А тых, хто дасягнуў значных вынікаў, павіншаваць і ўручыць падарунак з граматай. Тое, што мы напрацавалі за цэлы год да святаў, прааналізавана, вызначаны пераможцы. Ім выдзелены немалыя ўзнагароды. У гэтым  працэсе значны ўклад і Беларускага прафсаюза работнікаў АПК: толькі ў гэтым годзе мы ўзнагародзілі больш за 150 чалавек. Нашы першасныя арганізацыі на месцах каардынуюць усю працу, каб ўклад кожнага працаўніка сяла не застаўся па-за ўвагай і без узнагарод.

Анатоль КНАРАЗОЎСКІ, пераможца спаборніцтва па пасляўборачнай дапрацоўцы збожжа ААТ “1-я Мінская птушкафабрыка”:

— Дасягнуць вынікаў дапамагае тэхніка і яе добрая падрыхтоўка да працы. Згуртаванасць калектыву. У нас кожны добрасумленна выконвае свае абавязкі. Без гэтага ніяк. Свята падняло настрой. Прыемна, што мы не апошнія. У нас на самай справе важная і даволі цяжкая праца. Паверце, гэта не высокія словы. Працуем на карысць людзям, фабрыцы і сям’і. Я ўжо больш за дваццаць гадоў. Напарнік — пяць. Вельмі старанны, у любы час можа мяне замяніць, разумеем  адзін аднаго без слоў.

Генадзь ДЗЯМІДЧЫК, генеральны дырэктар ААТ “1-я Мінская птушкафабрыка”:

— Лепшыя заўсёды паказваюць, як трэба працаваць. Я ганаруся імі, як і  сваім калектывам увогуле. І гэта правільна, што лепшых мы заўсёды адзначаем. З кім, як не з перадавікамі, абмяркоўваць нашы перспектывы, на якіх участках можна значна палепшыць працу, павялічыць аб’ёмы сельскагаспадарчай прадукцыі. Дзеля гэтага мы і працуем у такой няпростай сферы, як сельская гаспадарка.

Таццяна Шымко 

 У фотагалерэю

Оставить комментарий: