Прысталiчча

Газета Минского района

Ордэн для лепшых з самых прыгожых



Урачыстая цырымонія ўзнагароджання ордэнам Маці 10 шматдзетных жыхарак прысталічча адбылася ў Мінскім раённым выканаўчым камітэце напярэдадні свята 8 Сакавіка.

Высокую дзяржаўную ўзнагароду шматдзетным маці ўручыў старшыня Мінскага раённага выканаўчага камітэта Іван Крупко.

– Ордэн Маці – гэта даніна павагі жанчыне, якая абрала для сябе цяжкую, але такую высакародную і ганаровую працу – быць матуляй. Мы ганарымся тым, што ў Мінскім раёне з кожным годам колькасць шматдзетных сем’яў расце, а значыць, расце і наша дзяржава, – адзначыў Іван Іванавіч.

Па словах кіраўніка раёна, сёння ў прысталіччы – амаль дзве з паловай тысячы шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца звыш васьмі тысяч дзяцей.

Прырода надзяліла жанчын непараўнальнай прыгажосцю і невычэрпнай энергіяй, душэўнай пяшчотай і самаахвярнай адданасцю, жыццёвай мудрасцю і дзіўным цярпеннем. Менавіта з жанчынамі звязаны вечныя каштоўнасці: дом, сям’я, цяпло сямейнага ачага. Падтрымка жанчын і любоў натхняюць на стварэнне, усяляюць мужнасць і веру.

– Толькі дзякуючы жыццёвай сіле жанчыны, яе натхненню, доўгацярпенню працягваецца род чалавечы. Калі прыгажосць выратуе свет, гэта будзе жаночая прыгажосць, – упэўнены Іван Іванавіч.

Старшыня Мінскага райвыканкама павіншаваў шматдзетных маці і пажадаў ім шчасця, здароўя, сямейнай утульнасці, добрага настрою, станоўчых эмоцый, яркіх сюрпрызаў. І каб у кожнай спраўдзіліся яе мары, каб жанчыны кахалі і былі каханымі.

Прадстаўленыя да дзяржаўнай узнагароды жыхаркі прысталічча выхоўваюць па пяць і больш дзяцей. Асабліва прыемна, што многія паспяхова сумяшчаюць мацярынства і прафесійную дзейнасць.

У ліку ўзнагароджаных – мама шасці дзяцей Юлія Песцерава з Бараўлян, якая працуе юрыстам у Мінскім аблвыканкаме. У яе сям’і толькі дачушкі.

– Самае галоўнае – выхоўваць дзяцей ў гармоніі з сабой, выхоўваць сваім уласным прыкладам, – кажа Юлія.

Шматдзетная маці прызнаецца: на першым месцы ў яе сям’я, на другім – праца, а на трэцім – дабрачынная дзейнасць. Ёсць і вялікая мара – каб яе дзяўчынкі знайшлі сваю дарогу ў жыцці і былі шчаслівыя.

Падарункам для матуль і тых, хто прыйшоў падзяліць з імі радасць, стаў міні-канцэрт.

Тема : В центре внимания

Оставить комментарий: