Прысталiчча

Газета Минского района

Надвор’е святу не перашкода



Трэцяга лютага ў Заслаўскім дзіцячым парку культуры і адпачынку прайшоў чарговы этап раённага спартыўна-масавага свята «Завіруха ў прысталіччы». Нагадаем: аналагічныя спаборніцтвы стартавалі з аграгарадка Крупіца і працягваліся ў Сеніцы. У Заслаўі спартыўная нядзеля была не менш яскравай.
 
З усіх бакоў спяшаліся дарослыя і дзеці з лыжамі ў дзіцячы парк культуры і адпачынку. Каля вадаёма ўжо праходзіць размінка. Тут лыжная траса, і маленькія ўдзельнікі накручваюць па ёй кругі, каб разагрэцца і адчуць лыжню. Здаецца, каталіся б яшчэ доўга, але ўжо аб’яўляюць збор усіх каманд на цырымонію адкрыцця. Вакол імправізаванай сцэны выстройваюцца ўдзельнікі, за іх спінамі – балельшчыкі.
 
На спартыўна-масавае свята прыйшлі ганаровыя госці: старшыня Мінскага раённага Савета дэпутатаў Юлія Бялянкіна, старшыня Мінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Аляксандр Мякіннік, начальнік аддзела спорту і турызму Мінскага райвыканкама Ларыса Кірэева, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Шаблыка, другі сакратар Мінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ» Аляксандра Лісічонак, а таксама старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова.
 
Арганізацыяй свята займаўся аддзел спорту і турызму Мінскага райвыканкама. Сярод удзельнікаў – каманды ўстаноў адукацыі Заслаўя, супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ПМК №42, Мінскводаканала, а таксама Аптэчнага склада «Мінскай Фармацыі». 
 
З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова:
 
– Хачу павіншаваць усіх са святам здароўя! Сёння разам сабраліся дзеці і дарослыя, прадстаўнікі працоўных калектываў. Гэта цудоўна, што ў нядзелю мы з вамі вырашылі прыйсці ў парк культуры і адпачынку на спартыўнае свята. Няхай гэты дзень падорыць нам добры настрой! Галоўнае, што на вашых тварах усмешкі, што кожны з вас любіць спорт і фізкультуру.
 
Старшыня Мінскага раённага Савета дэпутатаў Юлія Бялянкіна адзначыла:
 
– Я рада вітаць вас на нашым свяце «Завіруха ў прысталіччы», якое чарговы раз аб’ядноўвае ўсіх нас. Спорт – гэта жыццё, станоўчыя эмоцыі, даўгалецце. Жадаю ўсім моцнага здароўя і перамог у спаборніцтвах.
 
Намеснік старшыні ФСК «Ураджай» Аляксандр Ванагель, які з’яўляўся і суддзёй спаборніцтваў, падкрэсліў, што для ўсіх пераможцаў падрыхтаваны добрыя прызы.
 
На старт! Увага! Марш!
 
Удзельнікі спаборнічалі ў шасці відах: лыжная эстафетная гонка, кіданне кольцаў, дартс, камбінаваная эстафета, кіданне валёнка на дальнасць і перацягванне каната. У тых, каго спорт цікавіў у меншай ступені, меліся і іншыя спосабы бавіць час. Можна было паглядзець культурна-забаўляльную праграму з удзелам творчых калектываў і выканаўцаў Заслаўскага гарадскога Дома культуры, сагрэцца гарачай гарбатай.
 
Асаблівай папулярнасцю сярод удзельнікаў карысталіся два віды спаборніцтваў: перацягванне каната і кіданне валёнка.Магчымасць пазмагацца за прыз матывавала ў першую чаргу дзяцей. Каля пляцовак утвараліся чэргі, дзятва гаманіла і спрачалася, хто наступны будзе паказваць свой спрыт. Вось у маленькай дзяўчынкі не атрымліваецца трапіць мячыкам у цэль, і ёй на дапамогу прыходзіць тата. А вось хлопчык спрабуе выпрасіць у суддзі дадатковую спробу, каб палепшыць свой вынік у дартсе.
 
Аляксандра Лісічонак – вопытны ўдзель­нік спартыўна-масавых святаў. Сёння яна ў ролі рэферы, сектар яе адказнасці – кіданне кольцаў. Аляксандра дзеліцца ўражаннямі:
 
– У асноўным актыўна ўдзельнічалі школьнікі. Зразумела, спачатку найвышэйшы бал быў у дарослага. Але адзін настойлівы хлопчык патрэніраваўся перад сваёй спробай і ў выніку перамог.
 
На спаборніцтвах бываем кожную ня­дзелю. Заўсёды ёсць нейкія адрозненні – напрыклад, лыжная эстафета, як сёння, ці хакей, як у Крупіцы. Думаю, што для лю­дзей гэта цікава і зручна: у кожнага ёсць магчымасць завітаць да нас.
 
Гледачы, што выпадкова трапілі на спартыўна-масавае свята, не хавалі эмоцый. Сяргей, жыхар Заслаўя, які прыйшоў з сынам, кажа, што задаволены атмасферай, але і пакрытыкаваць арганізатараў ёсць за што:
 
– Дзецям вельмі падабаецца. Насамрэч добра, што праводзяцца такія спартыўныя мерапрыемствы. Я даведаўся выпадкова, прыйшоў з сынам і не шкадую, бо тут вельмі цікава. Вы ж бачыце: усюды вялікія чэргі. Але ж, магчыма, трэба было арганізаваць усё так, каб людзі не стаялі па паўгадзіны, чакаючы свайго часу кі­нуць кальцо або мячык. Таксама, на мой погляд, трэба лепш інфармаваць мясцовае насельніцтва, каб яшчэ больш людзей мелі магчымасць наведаць свята.
 
Раённае спартыўна-масавае свята «Завіруха ў прысталіччы» сёлета прахо­дзіць упершыню, паведаміла старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова:
 
– Можа, сёння не так шмат снегу, надвор’е падводзіць, але для пачатку не так ужо і дрэнна. Зімовае свята сабрала шмат людзей. Сёння тут прыхільнікі здаровага ўкладу жыцця, спорту. Можна было правесці выхадны дома на канапе, а можна – з карысцю для здароўя. Шмат конкурсаў, шмат разнапланавых спаборніцтваў, а Дом культуры падрыхтаваў святочную праграму, быў арганізаваны гандаль. Усё здорава!
 
Сяргей САЛАНКЕВІЧ

Оставить комментарий: