Выборы-2018

 

Официально

Регион

Новости Беларуси

 
©БЕЛТА

Курган, які вяртае нас да пераможнай вясны

 Падчас вялікага ўсенароднага свята —Дня Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне — каля Кургана Славы адбылося ўрачыстае ўшанаванне ветэранаў, у якім прыняла ўдзел і дэлегацыя Мінскага раёна.

Як вядома, усё пачынаецца з гісторыі. У чэрвені 1944 года на подступах да Мінска разгарнуліся жорсткія баі: войскі 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага фронтаў уступілі ў атаку з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У выніку бліскучай аперацыі сталіца савецкай Беларусі была вызвалена ад ворага. Надзвычай кровапралітнымі сталі баі паблізу вёсак Зацень і Каралёў Стан (Мінскі раён). Вораг супраціўляўся з апантанасцю вар'ята. Але савецкія воіны да таго часу ўжо добра навучыліся распазнаваць тактыку немцаў. Дзякуючы зладжаным дзеянням усіх чатырох фронтаў былі знішчаны 17 і разгромлены 50 варожых дывізій. Бітва пад Мінскам увайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як адна з найбольш яскравых старонак. 

У мірны час азнаменаваннем гэтай бліскучай ваеннай аперацыі стаў Курган Славы, насыпаны за некалькі кіламетраў ад беларускай сталіцы . Сёння гэта святое месца не толькі для жыхароў Мінска і Міншчыны, але і ўсёй Беларусі, дзе штогод падчас Дня Перамогі збіраюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Прыходзяць сюды і нашчадкі тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў гонар і незалежнасць  Айчыны.

Чарговае такое мерапрыемства, прысвечанае 72-й гадавіне Вялікай Перамогі, адбылося і сёлета. Сюды прыбылі дэлегацыі з усіх куткоў Мінскай вобласці, у тым ліку і з Мінскага раёна. Да падножжа Кургана Славы паклалі жывыя кветкі, а памяць тых, хто не вярнуўся з вайны, ушанавалі хвілінай маўчання. 

Перад удзельнікамі святочнага мерапрыемства выступіў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. Ён адзначыў, што 9 мая назаўсёды застанецца ў памяці людзей, бо гэты дзень — сімвал свабоды, чалавечай годнасці, справядлівасці і верхавенства права. І колькі б ні прайшло гадоў, жудасная трагедыя XX стагоддзя не забудзецца ніколі: вайна забрала 27 мільёнаў жыццяў грамадзян былога Савецкага Саюза. Загінуў кожны трэці беларус, але нацыя не скарылася перад ворагам, не дазволіла яму ажыццявіць свае антычалавечыя планы. На шляху акупантаў усталі воіны Чырвонай Арміі, партызаны, падпольшчыкі. З захопнікамі змагаліся нават дзеці, а таксама  жанчыны і старыя. Важкі ўклад у разгром германскага фашызму ўнеслі беларусы, якія засталіся ў тыле.

Чарговую перамогу беларускі народ атрымаў ужо пасля вайны: літаральна за адну пяцігодку былі адноўлены заводы і фабрыкі, а таксама калгасы.  

Сёння Беларусь ведаюць ва ўсім свеце. Наша дзяржава — паўнапраўны член ААН і іншых міжнародных інстытутаў. Але   гісторыю ліхалецця выкрасліць з памяці немагчыма, таму родную краіну часта ўзгадваюць як рэспубліку-партызанку і патрыётку.

Мінская вобласць — цэнтральны рэгіён Беларусі, які ўнушае не толькі памерамі, але і тэмпамі эканамічнага развіцця: больш за сотню краін свету блізкага і далёкага замежжа ведаюць яе прамысловую прадукцыю. 

Кіраўнік Міншчыны Сямён Шапіра падкрэсліў, што менавіта сёння вельмі важна захаваць мір на роднай зямлі, таму Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь адводзіцца асаблівая роля абаронцы і гаранта мірнай працы і спакою кожнага беларуса. 

Усіх прысутных  таксама вітаў удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Канстанцін Мельнікаў. Ён нагадаў, што ідэалогіяй беларускай дзяржавы з'яўляецца  стварэнне ўсіх умоў для натхнёнай працы. Наша краіна прапагандуе маральныя каштоўнасці і не збіраецца ні з кім ваяваць. Але, крый Божа, калі надарыцца такая неабходнасць, то зможа даць ворагу дастойны адпор. Ветэран лічыць, што людзям, якія прайшлі праз вайну і ведаюць пра гора і нястачу не з ваеннай літаратуры, неабходна часцей сустракацца з моладдзю і расказваць праўду аб вайне, акрамя іх гэтага ніхто не зможа данесці.  

З удзельнікамі вайны, былымі партызанамі, падпольшчыкамі, працаўнікамі тылу цёпла пагутарылі Сямён Шапіра, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Анатоль Ісачанка, прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама і  Міністэрства абароны, іншых структур. Прыемным было і тое, што кожны ветэран трымаў у руках кветкі.

Затым настала чарга майстроў сцэны. На пляцоўцы перад Курганам Славы выступіў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча і іншыя творчыя калектывы. Цікавыя тэматычныя экспазіцыі разгарнулі ваенныя, прадстаўнікі дэлегацый раёнаў, іншыя ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства. А вось экспанаты ваеннай тэхнікі той пары асаблівыя эмоцыі выклікалі ў дзяцей і падлеткаў.  Рэканструкцыі некаторых найбольш значных падзей ваеннага часу ладзілі ўстановы адукацыі і культуры.  Свае дасягненні  прадэманстравалі члены ваенна-патрыятычных клубаў, ДТСААФ, іншых грамадскіх арганізацый. Удзельнікамі мерапрыемства сталі і актывісты БРСМ, грамадскага аб'яднання «Белая Русь», а таксама прафсаюзы. 

Паўсюль гучала музыка і песні  ваенных часоў, а ўсіх жадаючых частавалі салдацкай кашай.

— Бадай, нішто так не згуртоўвае наш народ, як памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, — заўважыў старшыня Мінскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Канстанцін Ліхач. — Мы ніколі не забудзем жудасныя падзеі, што адбыліся больш за 70 гадоў таму. Гэта памяць для беларусаў святая, і наша задача сёння — зрабіць усё магчымае, каб яна жыла ў пакаленнях.

Дзесьці непадалёк перад велічным Курганам Славы граў гармонік і прыгожы дзявочы голас задушэўна выводзіў: «На позицию девушка провожала бойца»… І здавалася, што даносіцца ён з той далёкай вясны пераможнага 1945-га. 

  Алег СМАЛЯКОЎ, фота аўтара

СМОТРЕТЬ ФОТООТЧЕТ 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter