Регион

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: «Я бываю рознай феяй»

Гэтай восенню ў выдавецтве «Звязда» выйшла новая кніга вядомай дзіцячай пісьменніцы. Кацярына жыве і працуе ў Ждановічах. Цёплую, добрую і вясёлую казачную аповесць пра школьныя прыгоды ўжо можна набыць у кнігарнях. Карэспандэнт «Прысталічча» пагутарыла з казачніцай. Даведалася пра тое, як яна знаходзіць час на творчасць, працу, сям’ю і сябе, ці варта верыць у казкі ў жыцці і чаму бацькам неабходна абавязкова падтрымліваць жаданне дзяцей чытаць па-беларуску.
 
 
– Кацярына Станіславаўна, «Таямніца незвычайнай школы» – ваша восьмая кніга. Віншую з цудоўнай падзеяй. Што натхніла вас на напісанне гэтага твора? Пра што ён? 
 
– Дзякую за віншаванне! Галоўная крыніца майго натхнення – напэўна, гэта самі дзеці, якія і з’яўляюцца героямі маіх твораў. Працуючы ў школе, я маю выдатную магчымасць штодня бачыцца з дзецьмі, размаўляць з імі. Я ведаю, што ім цікава, якія прыгоды з імі адбываюцца, аб чым яны мараць. Усё гэта трансфармуецца, дадаюцца некаторыя выдуманыя дэталі і крыху чараўніцтва. Так з’яўляюцца казкі, героі і прыгоды.
 
Кніга «Таямніца незвычайнай школы» пра школьнае жыццё. І калі хтосьці ўпэўнены, што нічога невядомага пра школу распавесці немагчыма, у пісьменніцкім уяўленні школа можа адкрыцца зусім з іншага боку, а дзіцячыя пісьменнікі да таго ж заўсёды крыху чараўнікі. Таму ім вядома больш. Вось і я ў сваёй новай кнізе адкрываю дзецям незвычайную таямніцу. Дарэчы, героі кнігі маюць рэальныя прататыпы. Гэта вучні Ждановіцкай школы. А таямніцу трэба шукаць у персанажах, аб існаванні якіх ніхто нават не здагадваецца, а яны між іншым жывуць у кожнай школе… 
 
– Якія думкі вы хочаце данесці да юных чытачоў?
 
– Важнай роляй пісьменніка лічу выхаванне дзіцяці. Таму ў кожнай маёй казцы разам з прыгодамі, забавамі і весялосцю неўпрыкмет на прыкладах розных герояў нагадваю аб галоўных каштоўнасцях, што хочацца закласці ў падмурак асобы. Гэта дабрыня, міласэрнасць, шчырасць, узаемадапамога і іншыя. Імкнуся, каб падчас чытання дзеці разважалі над сітуацыямі, учынкамі герояў і самастойна рабілі высновы. Гэта самы дзейсны спосаб накіраваць юнага чытача. Яшчэ вельмі важнай задачай лічу адкрыць для хлопчыкаў і дзяўчынак дзівосны свет Кнігі, зацікавіць чытаннем. 
 
– Сёння вы паспяховая пісьменніца, ваша творчасць на слыху, вас любяць і з задавальненнем чытаюць. Але ж быў час, калі вы толькі пачыналі свой шлях у літаратуру...
 
– Мне здаецца, усё сказанае вамі не такіх маштабаў. (Усміхаецца.) Але я заўсёды любіла марыць, фантазіраваць, прыдумвала розныя гісторыі для сваіх сяброў, мне падабалася пісаць сачыненні. І, здаецца, так было заўсёды. Проста аднойчы з’явілася жаданне нешта запісаць. А потым мне сустрэліся людзі, якія пазнаёміліся з маімі першымі творамі, занатаванымі ў школьных сшытках, і параілі надрукаваць іх. Так у 1996 годзе ў часопісе «Першацвет» быў апублікаваны мой першы твор – аўтарская легенда. Цягам наступных гадоў я спрабавала пісаць прозу для дарослых, вершы. У мяне ёсць некалькі п’ес, публіцыстычныя артыкулы. Усё гэта было цікава, але самым любімым напрамкам стала напісанне твораў для юных чытачоў. Кажуць, той, хто піша для дзяцей, і сам ніколі не пакідае краіну дзяцінства. Я згодна з гэтым меркаваннем. 
 
– Напэўна, за дваццаць гадоў творчасці было многа цікавых і лёсавызначальных знаёмстваў?
 
– Мне пашчасціла на сустрэчы з цікавымі, шчырымі людзьмі, якія аказалі пэўны ўплыў на маё станаўленне як пісьменніцы, падтрымлівалі мяне, і на пачатку творчай дзейнасці накіроўвалі, былі дарадцамі і добрымі сябрамі. Разам з імі было лягчэй знайсці сваю літаратурную сцяжынку.
 
– А хто першы чытач вашых твораў?
 
– Мой першы чытач, ён жа крытык, – сын Станіслаў. Зараз яму чатырнаццаць, ён вырас з дзіцячых кніг, але кожны мой новы твор абавязкова чытае ў рукапісе. Мне цікава яго меркаванне, таму што ён шчыра выказвае свае думкі. Станіслаў сябруе з кнігай з маленства, самастойна чытае з пяці гадоў. Сын можа падказаць, пра што хацелі б пачытаць сучасныя дзеці, якія героі іх бы зацікавілі. Дарэчы, «Таямніца незвычайнай школы» Станіславу вельмі спадабалася, таму што там, па яго словах, любімыя ім прыгоды, вясёлыя гісторыі і новыя незвычайныя персанажы.
 
– Вы пісьменніца-казачніца, настаўніца, любімая мама. У якім парадку вы размясцілі б гэтыя тры ролі?
 
– Адношу сябе да ліку людзей, што займаюца любімай справай і не адной. Усё мае жыццё звязана з дзецьмі. Я мама, а гэта цэлы свет любові і радасці. Я з задавальненнем пішу для дзяцей. І мне вельмі падабаецца працаваць з імі, знаходзіць і развіваць таленты, запальваць новыя зорачкі.   
 
– Як удаецца знаходзіць час на творчасць, працу, сям’ю і сябе?
 
– Мне пашанцавала, бо мая сям’я падтрымлівае мяне, дапамагае. Як я ўжо казала, сын – мой першы чытач і дарадца. Муж Дзмітрый разумее, што я чалавек творчы, а гэта зусім няпроста. (Усміхаецца.) Напрыклад, калі вечарам да мяне прыйшло натхненне, ён бярэ прыгатаванне вячэры на сябе. А я ўладкоўваюся ў сваім любімым фатэлі з ноўтбукам і працую да таго моманту, пакуль муж не скажа: «Час вячэраць!» Я вельмі ўдзячна сваім блізкім за тое, што яны такія.
 
– Вы верыце ў казку ў жыцці?
 
– Канечне, веру. Нават больш скажу: казкі вакол нас. Толькі хтосьці можа гэта заўважаць, а хтосьці – не. Здаецца, што проста ў паветры лунаюць сюжэты, вобразы, персанажы. А пісьменнік быццам прыбор, здольны злавіць гэтую хвалю, прапусціць праз сваю фантазію і занатаваць. Аўтар дапамагае людзям, якія за штодзённай мітуснёй не звяртаюць увагі на звычайныя цуды, убачыць іх, паверыць у іх існаванне.
 
– Якія казачныя гісторыі здараліся з вамі?
 
– Не так даўно на адной з вуліц маіх родных Ждановіч я сустрэла добрага чараўніка. З выгляду – звычайны сталы чалавек, з сівой барадой. Ішоў мне насустрач. «Добры дзень», – звярнуўся ён да мяне. Я павіталася ў адказ і ўсміхнулася. А далей усё было як у казцы. Суразмоўца сказаў: «Дзякуй за ўвагу і прыязнасць, чакайце трох падарункаў на літару «Д». Мы развіталіся. Пакуль ішла да школы, лавіла сябе на думцы, што настрой умяне выдатны і хочацца ўсміхацца. У школе мяне чакала прыемная навіна: за перамогу ў раённым конкурсе маіх вучняў узнагародзілі паездкай у дзіцячы лагер «Зубраня». «Збірайцеся ў дарогу», – сказаў дырэктар. Пачуўшы слова дарога, я згадала незвычайную сустрэчу. Адкрыўшы электронную скрыню, яшчэ больш здзівілася. Дзіцячая бібліятэка запрашала на мерапрыемства, дзе планавалася ўручыць мне дыплом за новую кнігу казак. «Зноў літара «Д», – адзначыла я, і мне было вельмі цікава, што стане трэцім падарункам. Гэта былі мае любімыя духі, якімі мяне парадаваў муж. 
 
Хтосьці падумае: супадзенне. А я веру, што недзе ў нашых мясцінах жыве той самы добры чараўнік, і вельмі спа-
дзяюся, што мы з ім яшчэ сустрэнемся. 
 
– Нямногія з нас, трэба прызнаць, карыстаюцца беларускай мовай, скончыўшы школу. Вы ж не толькі пішаце на беларускай мове, але і добра на ёй размаўляеце.
 
– У маленстве бабуля мне шмат чытала. Кнігі выбірала толькі на беларускай мове. Памятаю нават была кніга кіргізскіх народных казак па-беларуску. Магчыма, таму і для мяне казка атаясамляецца менавіта з роднай мовай. Лічу, што сёння вельмі важна рабіць усё, каб беларуская мова жыла. Зацікавіць роднай мовай трэба яшчэ ў дзяцінстве. І думаю, што вельмі добра гэта атрымліваецца праз казкі. Задача пісьменнікаў – пісаць цікавыя кнігі, сустракацца з юнымі чытачамі, адкрываць для іх прыгажосць роднай мовы. Вельмі важна, каб бацькі падтрымлівалі і прапаноўвалі сваім дзецям беларускамоўныя выданні. Магу вас запэўніць, што сучаснымі айчыннымі пісьменнікамі створана шмат найцікавейшых кніг, якія абавязкова спадабаюцца дзецям. Хачу звярнуцца да дарослых. Адкрывайце новыя імёны нашых аўтараў. Зараз наша дзіцячая літаратура ў росквіце, знаёмцеся з навінкамі. Чытанне кніг на роднай мове таксама ўзбагаціць дзіцячы слоўнік. Дзеці маюць жаданне чытаць па-беларуску, дарослым жа трэба толькі падтрымаць яго.  Тады з кожным новым пакаленнем будзе больш беларусаў, якія ведаюць і любяць родную мову. 
 
– Сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак ад кніг адцягваюць разнастайныя гаджэты. Ці можна сёння прывучыць дзіця чытаць?
 
– Канечне, можна. Мне здаецца, кніга ніколі не страціць сваёй актуальнасці. І шчаслівыя тыя, хто адкрыў для сябе свет чытання. Толькі бацькам абавязкова трэба памятаць: любоў да кнігі і чытання лепш за ўсё выхоўваецца на ўласным прыкладзе. Дзіця не возьмецца за чытанне, калі не бачыць за гэтым заняткам сваіх бацькоў. Пазнаёмце яго з кнігай як мага раней. Чытайце казкі немаўляткам. І няхай для іх пакуль незразумелы сэнс слоў, але будзьце ўпэўнены, яны чуюць і ўспрымаюць выразнасць і эмоцыі ў вашым голасе. Важна чытаць дзецям кожны дзень, няхай і не вельмі шмат. Проста зрабіце гэта добрай сямейнай традыцыяй. Тады вашы дзеці абавязкова будуць сябраваць з кнігай і з вялікай асалодай чытаць, знаёміцца са светам фантазіі розных аўтараў. А вам застанецца толькі наглядаць за тым, якія кнігі яны выбіраюць. Таму што сёння ёсць выданні, якія не толькі не маюць літаратурнай каштоўнасці, але, на жаль, адмоўна ўплываюць на светаўспрыманне хлопчыкаў і дзяўчынак. 
 
– На сустрэчах з юнымі чытачамі вы прадстаўляецеся не толькі як казачніца, але і як фея. 
 
– Дзеці любяць казкі. Ім цікава сустракацца з тымі, хто іх стварае. Ведаеце, чароўныя казкі звычайнаму чалавеку прыдумаць няпроста.  А вось феі гэта пад сілу. Мне падабаецца, калі сустрэча з дзецьмі – казка сама па сабе. Дарэчы, у гэты час і сама веру ў тое, што я крыху чараўніца. Пераконваюцца ў гэтым і дзеці, калі з дапамогай чароўнай палачкі я адгадваю іх імёны. Я бываю рознай феяй. Зорнай – калі расказваю юным чытачам пра свае касмічныя казкі. Кніжнай – калі запрашаю іх у чароўную краіну фантазій, якая знаходзіцца ў кнігах. Феяй Краіны Сноў – калі мы разам адпраўляемся ў вандроўку па казках, якія сняцца дзецям. А ў сне можа адбыцца ўсё што заўгодна… 
 
Прызнаюся, што самы блізкі мне вобраз, самы любімы – гэта Зорная фея. У мяне ёсць даволі шмат твораў касмічнай тэматыкі. Прыгажосць зорнага неба, неабсяжнасць касмічных прастораў мяне прываблівае і натхняе. Я вельмі хацела б на свае вочы пабачыць гэтае хараство, але касмічны турызм у Беларусі толькі плануе развівацца. Я падарожнічаю самастойна. І пакуль толькі ў сваім уяўленні. А з сабой бяру выдатную кампанію – сваіх чытачоў. 
 
– Кацярына Станіславаўна, над чым вы зараз працуеце? Што займае ваша ўяўленне?
 
– Гэта новыя казкі, новыя героі, а таксама добра вядомыя ўсім міфалагічныя персанажы, якія падчас набываюць не зусім характэрныя для іх рысы. Я не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але, спадзяюся, што задуманае знойдзе ўвасабленне ў маёй новай кнізе. Галоўнае, каб яна спадабалася дзецям. 
 
– Дзякуй за шчырую і цікавую размову, Кацярына Станіславаўна. Жадаю вам далейшых поспехаў у творчасці. Будзем чакаць ад вас добрых навін. А нашым чытачам раю зазірнуць у кнігарню па «Таямніцу незвычайнай школы». Чытайце навінку ўтульнымі восеньскімі вечарамі разам з вашымі дзеткамі.
 
Святлана ВАШЧЫЛА
Фота Святланы Курэйчык

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter