Прысталiчча

Газета Минского района

«Каб сям’я была сыта, скаціна вадзілася, пшаніца радзілася…»



Далучыць дзяцей да нацыянальных традыцый імкнуцца ў Астрашыцка-Гарадоцкім яслях-садзе, дзе правялі прыгожае і вясёлае народна-абрадавае свята «Каляды». Гэта раённы праект. На ім пабывала наш карэспандэнт. 
 
Гучыць беларуская народная музыка, «Добры вечар, Шчодры вечар»… У зале дзіцячага садка – светла, утульна, тут яе аформілі ў выглядзе сапраўднай сялянскай хаты. Ветліва запрашаюць шаноўную публіку паглядзець інсцэніроўку.
 
За святочным сталом з прыгожым абрусам сабралася ўся вялікая сям’я: Гаспадар, Гаспадыня, трое дзетак, а таксама і калядоўшчыкі. Усе выглядаюць, як сапраўдныя артысты на тэатральнай сцэне. «Стаіць церам вышэй за палацы. А ў тым цераме – тры акенцы. Першае – ясны месяц. Другое – чырвонае сонца. Трэцяе – дробныя зоркі. Ясны месяц – пан Васіль. Чырвонае сонца – яго жонка. Дробныя зоркі – яго дзеці»…
 
Дарэчы, паводле традыцыі абавязкова павінна быць 12 страў на калядным стале. А іх тут, мабыць, і болей. Гаспадар з Гаспадыняй завіхаюцца, запрашаюць да багатай куцці. 
 
– На Беларусі процьму страў гатуюць на Каляды: куццю, каўбасы, квас, блінцы і гусь з печы. Хай ад прысмакаў ломяцца сталы! Бяда няхай заўсёды абміне. Здароўя і імпэту! Хай шчасце не міне! – зычаць артысты.
 
Дэманструюць розныя традыцыі. Жанчынка ніткi ў клубочкі звівае, іх – цэлае рэшата! Гэта каб бульба сёлета добра ўрадзіла…
Гаспадар пра іншую прыкмету распавядае: калі на Шчодрую куццю саломай дрэвы абвязаць, дык яны дадуць столькі пладоў, колькі зярнят у каласах. Падыходзіць ра­зам з дзецьмі да дрэва і абвязвае яго. А потым яны бяруць галінкi дуба i ўтыкаюць у вокны i дзверы: «Каб гаспадарка наша была моцная i здаровая, як дуб».
 
Гоман, жарты… Свята святаў – Каляды! І ўсе гэтаму рады.
 
А потым Гаспадар разам з іншымі вырашаюць: «Давайце пойдзем да суседзяў калядаваць!». Ідэю ўхваляюць імгненна. І хутчэй усе адчыняюць куфар і пераапранаюцца ў Зарканошу, Механошу, Цыганку, Мядзведзя і Казу. У Казу – каб людзі ўсе былі багатыя, у Мядзведзя – каб усе былі дужыя, здаровыя, як мядз­ведзь. У Цыганку – каб усе былі вясёлыя, ніхто не сумаваў.
 
Бяруць калядную зорку і пачынаюць хадзіць па розных дзіцячых групах. Такім гасцям дзяўчаткі і хлопчыкі вельмі рады. У захапленні! Ім жадаюць шчасця, здароўя. Усе весяляцца. «Мы да лета ідзём, Казу вядзём! Дзе Каза бывае, там шчасце вітае. Дзе не бывае, таго яно мінае», – гамоняць артысты. Калядоўшчыкі спяваюць, выхаванцы граюць на музычных інструментах і танцуюць. Каза гарэзліва скача, а потым укладваецца на падлогу. Механоша збірае ў мех усё тое, што даюць, каб Каза ачуняла. Потым ла­дзяцца гульні. Дзеці разбягаюцца, а Каза іх ловіць. Пацешна!
 
Тут не вытрымлівае Мядзведзь. Таксама хоча гасцінцаў. Паказвае, як дзіця зацірку есць. Як дзеткі спяваюць ды таньчаць. Як хлопчыкі на вуліцу апранаюцца. І заслугоўвае падарункі… 
 
З даўніх часоў людзі верылі, што на Каляды можна даведацца, які лёс напаткае ў новым годзе. І тут Цыганка пачынае варажыць. Аднаму прадказала, што з бацькамі пае­дзе на мора, другому – што ў школу пойдзе, трэці – падарункі атрымае. Дзеці слухаюць з цікавасцю…
 
Павесялілі калядоўшчыкі ўсіх. 
 
І пачалі ў дарожку збірацца. На развітанне пажадалі, каб сям’я тут была сыта, скаціна вадзілася, пшаніца радзілася. І, вядома, здароўя, шчасця гэтаму дому. Пайшлі да другога!
 
Гэтае цудоўнае свята сумесна стварылі выхавальнікі і выхаванцы. У працэсе падрыхтоўкі дзеткі шчыра цікавіліся народнымі традыцыямі, далучаліся да багацця беларускай мовы.
 
Вера КАРАНЕЦ
 
У тэму
 
Ганна ДРАНІЦКАЯ, музычны кіраўнік ДУА «Астрашыцка-Гарадоцкі яслі-сад», якая на свяце выконвала ролю Гаспадара:
 
– Калядныя традыцыі, якія мы паказалі, існуюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі спакон веку. Такія ёсць і ва Украіне. 
 
Вельмі вялікую сілу маюць святыя вечары. Чаго пажадаюць у гэтыя вечары, так заўсёды і атрымлівалася. Усе стараліся ў вёсцы, да каго заходзілі, самае лепшае дастаць, напрыклад, самае смачнае сала, пачаставаць калядоўшчыкаў, каб тыя іх ушанавалі. Тады ўсе пажаданні спраўджваліся. 
 
І сена мы клалі сёння на стол невыпадкова. 
 
У язычніцкія часы так варажылі: выцягвалі з яго травінку. У каго доўгая – жыта добра ўродзіць. 
 
І на Раство сена на стол кладуць. Бо Хрыстос нарадзіўся ў сене. 
 
Такія калядоўшчыкі, як і мы, ходзяць і па Астрашыцкім Гарадку. У нашым Доме культуры ёсць гурт, які вельмі цікава, на беларускай мове праводзіць абрады. 
 
На гэты раз упершыню ў садку мы зрабілі так, каб дзеткі паглядзелі, як пераапранаемся ў калядоўшчыкаў. 
 
Напісала сцэнарый, каб было весела, лёгка. Напярэдадні свята правялі работу: завучвалі з дзеткамі беларускія абрадавыя песні, разглядалі малюнкі аб беларускіх святах, гульнях, вялі размовы аб народных звычаях і традыцыях. Знаёміліся з беларускімі музычнымі творамі, разглядалі этнічныя прадметы (абрусы, адзенне, калаўроты, посуд, прылады працы і г. д.). 
 
Кожны выхавальнік абавязкова расказаў дзеткам пра калядоўшчыкаў. Што абавязкова хадзілі Каза, Мядзведзь.
 
Касцюмы ў нас – народныя, беларускія. Некаторыя ў садку шыем, іншыя – з дому прыносім. І бацькі прыносяць. Вывучаем з выхаванцамі і беларускі арнамент. 
 
Дарэчы, кожны год у нашым дзіцячым садку ходзяць калядоўшчыкі. Тут працую 7 год, і ўвесь гэты час праводзім Каляды. Відаць, што дзецям цікава. І бацькам таксама. Гэта галоўнае. 
 
Я вельмі люблю такую традыцыю, сама з дзяцінства заўсёды хадзіла з іншымі калядоўшчыкамі па вёсцы. І бацькі мае хадзілі. Бацька граў на гармоніку, усе жанчыны ў мужчын пераапраналіся, каб было весялей. Вялікія мяхі набіралі падчас калядавання. Давалі нам і сала, і каўбасу. Апошнім часам – цукеркі, пачастункі. Збіраліся мы яшчэ да раніцы, дзялілі сабранае дабро, гулялі, было весела. Хочацца, каб сённяшнія дзеці таксама гэтую радасць свята неслі ў сабе. Каб памяталі, што ёсць Каляда. Каб ведалі свае карані. Бо цяпер модны стаў «хэлоўін» – страшнае свята, з іншым сэнсам. А вось нашы Каляды патрэбны дзеткам, гэта свята добрае – пажадаць шчасця, здароўя, усяго самага найлепшага сваім сябрам, аднавяскоўцам. 
 
З кожным годам хочацца нешта новае ўнесці ў сцэнарый Калядаў, больш песень, гульняў. 
 
Вельмі шаную беларускія народныя традыцыі, таму стараюся пазнаёміць дзетак з усімі абрадамі. Каб яны ведалі, якое раней было адзенне, што гатавалі, што рабілі. І вершы на беларускай мове малыя вучаць, і песні. Стараюцца. І я вельмі гэтаму рада. 
Хацелася б, каб бацькі таксама стараліся, далучалі сваіх дзяцей да нашых традыцый. 
 
Пажадаем сёння, каб усім было так весела, як нам на свяце. Каб усе традыцыі беларускія зберагаліся, прымнажаліся, каб нашы людзі заўсёды віншавалі сваіх суседзяў, родных на Каляды, каб заўсёды жылі ў сяброўстве, міры, каб ва ўсіх усё радзілася, вадзілася. І каб дзяцей было болей у нашых сем’ях – па тры-пяць. 
 

 

Оставить комментарий: