Официально

Регион

Новости Беларуси

 
©БЕЛТА

Закахацца па СМС, альбо Як стаць шматдзетнай маці…

 Віртуальная перапіска маладых акцёраў Ганны Южаковай і Паўла Харланчука перарасла ў рэалістычны раман таленавітых людзей

Зусім нядаўна адбылася падзея, якая не засталася без увагі як з боку чытачоў, так і ўсіх жыхароў Міншчыны: 36-гадовая  Ганна Харланчук-Южакова атрымала цудоўную ўзнагароду — ордэн Маці.   Яна — актрыса, жонка папулярнага беларускага акцёра Паўла Харланчука і проста прыгожая, цікавая, абаяльная жанчына. У творчай сям'і, што жыве ў вёсцы Багатырова Мінскага раёна, пяцёра дзетак, двое з іх — усыноўленыя (родныя брат і сястра). 

Як жывецца шматдзетнай сям'і? У чым сакрэт шчасця і згоды? Ці застаецца час на творчасць? Аб гэтым і многім іншым расказала чытачам «Прысталічча» Ганна Харланчук-Южакова.

— Ганна, як жа адбылося ваша з Паўлам знаёмства, якое з цягам часу  перарасло ў цудоўную шматдзетную сям'ю?

— Мы вучыліся ў Беларускай акадэміі мастацтваў, толькі на розных курсах (Павел на некалькі гадоў старэйшы). Ён скончыў акцёрскі факультэт і асвойваў рэжысуру. Я вучылася на актрысу. Мы ведалі адзін аднога, і нічога болей. Здавалася, мы зусім розныя і нас нішто не аб'ядноўвае. У час падрыхтоўкі дыпломнай працы Павел стаў маім выкладчыкам. І неўзабаве ўсё пачалося… са звычайнай смс-кі. У Пашы з'явіўся мабільнік (тады гэта было сапраўднай падзеяй). Як і многія, па традыцыі, каб парадаваць уладальніка сучаснага сродку сувязі, я напісала яму смс-ку: "Прывітанне". Ён адказаў, а мне захацелася расказаць яму яшчэ што-небудзь… Перапіска доўжылася паўгода, а скончылася… жаніцьбай. Сапраўды, доўгі час нашы зносіны не выходзілі за межы смс. Мы пісалі адзін аднаму быццам у нейкай  іншай рэальнасці. Калі бачыліся, не казалі ні слова. Я чырванела і праходзіла міма. Аднойчы мы нарэшце перасякліся ў калідоры інтэрната. Вось тады і прыйшлося ўсё сказаць адзін аднаму. Добра памятаю, што гаварылі да шасці гадзін раніцы. Я адразу зразумела: гэта абсалютна мой чалавек, проста родны — і ўсё тут. Мне з ім вельмі ўтульна і спакойна. Хаця Паша быў, як кажуць, адарві галава, а я, наадварот, вельмі сціплая. Усе здзівіліся і папярэдзілі: гэта ненадоўга. А мы вось ужо трынаццаць гадоў побач.

— Вядомасць да Паўла  прыйшла, бадай, разам са станаўленнем вашай вялікай сям'і. Наколькі складана быць жонкай акцёра і шматдзетнай маці?

— Думаю, не складаней, чым быць жонкай электрыка. Я выходзіла замуж не за вядомага акцёра. Мы былі простымі студэнтамі, пасля сталі акцёрамі Рускага драматычнага тэатра. Зараз Пашы трэба шмат працаваць, таму што сям'я вялікая. Ёсць моманты, якія мне неабходна проста прыняць. Спачатку перажывала. Фільмы з яго ўдзелам розныя, у тым ліку і рамантычныя. Але ўжо даўно іх не гляджу, проста часу на гэта не хапае. Засмучае толькі тое, што  Паша не так часта бывае дома, як хацелася б. Нават адзін  выхадны на тыдзень не заўсёды здараецца.  

Калі раптам Паша вяртаецца раней, мы ўсё кідаем, каб гэты час правесці разам. Дзеці ведаюць, што тата — галоўны ў сям'і. У нас няма такога: я думаю так, а тата — па-іншаму. З маленства павінна быць разуменне: мы — адно цэлае, адна каманда, а капітан на нашым караблі — тата.  

— Ганна, а вы заўсёды прытрымліваліся меркавання, што мужчына ў сям'і галоўны? Сучаснае грамадства стараецца пераканаць у іншым, пры гэтым шчаслівых жанчын і сямей чамусьці становіцца ўсё менш…

— У тым, што мужчына галоўны, не сумнявалася ніколі. Толькі раней я была надта ганарлівай. Магла, напрыклад, доўга крыўдзіцца. Але думкі прэтэндаваць на галоўную ролю не ўзнікала ніколі.  

На пачатку сямейнага жыцця адносіны былі складанымі. На пустым месцы ўзнікалі сваркі — гэта забірала ўсе сілы. І я сказала: "Здаюся. Гэтую сітуацыю не выправіць. Таму апошняя надзея на Бога, іншых варыянтаў  няма". Усё цудоўным чынам выправілася, калі мы абодва зразумелі, што трэба давярацца Богу. Я стала чытаць Евангелле і свядома прыняла тое, што мужчына — галоўны. Калі хтосьці хоча раўнапраўя, калі ласка. А мне падабаецца стаяць за спінаю чалавека, які ведае, куды нас весці. Я вельмі шчаслівая і выйшла б замуж за свайго Пашку яшчэ сто разоў. Сакрэт майго асабістага кахання, мудрасці і сілы — у падтрымцы і клопаце ад любімага мужа. 

— Нядаўна вы атрымалі ордэн Маці. І гэта ў 36 гадоў! Якія ўражанні прынесла гэтая падзея? 

— Дзеці мне сказалі: «Мама, ты была падобна да ветэрана ў піджаку і з ордэнам (смяецца). Калі сур'ёзна, то вельмі радавалася, што змагла ўбачыць іншых шматдзетных мам і тат з розных куткоў Мінскай вобласці. Усе яны такія абаяльныя, прыгожыя, сапраўдныя.  Жанчыны намарафеціліся — такая падзея здараецца не кожны дзень. Выдатна, што былі не толькі мамы, але і таты, якія не менш заслугоўваюць гэту узнагароду.  Мы — маці-гераіні, бо побач з намі ёсць сапраўдныя мужчыны. 

— Вы заўсёды хацелі вялікую сям'ю?  

— Паша сцвярджае, што да вяселля размова ішла пра двух-трох дзяцей. А я гэтага штосьці не памятаю. Здаецца, не магло такога быць. Я заўсёды хацела шмат дзяцей. Вельмі задаволена, што ўсё склалася менавіта так. У многіх акрыс майго ўзросту дзетак пакуль няма. Некаторыя толькі нарадзілі. І гэта вялікая радасць! Мы з Пашам не супраць шостага, а то і сёмага дзіцяці! Бо дзеці такія цікавыя, розныя і непаўторныя!

— У вашых дзяцей даволі рэдкія імёны…

— Спачатку хацелі назваць дзетак простымі беларускімі імёнамі. У нас жа беларускамоўная сям'я. Думалі, можа, з'явяцца Кася ці Зося… Калі я чакала першую дачушку, пачула імя Адэля.  Муж спачатку яго не прыняў. Але неўзабаве паехаў у Маскву. Там атрымаў сцэнарый, у якім якраз і было гэта рэдкае імя — Адэля. Паша адразу патэлефанаваў: "Такога не можа быць. Гэта знак!" 

Пасля Адэлі з'явіліся Піліп, Івона, Алівія і Паўлінка.   

— Далёка не кожны рашаецца на ўсынаўленне, нават калі няма сваіх дзяцей. Як у вас «нарадзілася» такое адказнае і смелае рашэнне?

— Безумоўна, няпроста. Чалавек павінен сам хацець гэтага, разумець усе наступствы. На ўласным вопыце прыйшла да высновы: дзяцей бяруць не дзеля таго, каб запоўніць нейкую пустату ці пазбавіцца ад адзіноты. Ад гэтага павінна быць адчуванне шчасця.  Я ведала, што ў маім сэрцы ёсць месца, што мне гэта неабходна і я спраўлюся.

Рашэнне наконт усынаўлення прыйшло яшчэ да вяселля. Збіраліся ўзяць спачатку аднаго, а крыху пазней другога. Але калі даведаліся, што ў дзяўчынкі ёсць родны брат, планы змяніліся. Я была цяжарная, калі афармлялі дакументы. Можна сказаць, што амаль адначасова  стала мамай траіх дзяцей рознага ўзросту. Быў непазбежны перыяд адаптацыі. Івона баялася вады, яе немагчыма было памыць. Баялася мужчын,  Пашу зусім не ўспрымала, а зараз любіць яго бязмежна. Пяцігадовы Піліп, здавалася, успрыняў перамены больш спакойна, а праз некаторы час раптам выдаў: "Не хачу, каб вы былі маімі быцькамі". Мы проста чакалі і прымалі ўсё, як ёсць. Сёння не ўяўляю, як можна жыць без іх. З галавы да ног яны такія родныя, такія любімыя і толькі нашы.

— На жаль, сёння грамадства па-рознаму ставіцца да  шматдзетных сем'яў. Ці часта здараецца сутыкацца з негатыўнымі момантамі?

— Бывае і такое. Калі мы толькі пачалі збіраць неабходныя даведкі, каб узяць дзяцей, некаторыя амаль што круцілі пальцам каля скроні. Пыталі: "Навошта вам гэта? Няўжо так патрэбна кватэра?" Дарэчы, на той момант мы ўвогуле не ведалі, што для шмат-

дзетных прадугледжаны нейкія ільготы. 

Цікава і не вельмі прыемна назіраць, як часам імгненна мяняюцца адносіны да чалавека: калі, напрыклад, хто-небудзь займае важную пасаду ці яго пазнаюць на вуліцы, тады яму і ўсміхаюцца, і размаўляюць адпаведна. Бывае, што дыялог пачынаецца не зусім пазітыўна, і калі з'ўляецца Паша, усё мяняецца на вачах. Безумоўна, так быць не павінна.

— Вы выбралі для сябе ролю жонкі і маці. Ці цяжка было вызначыцца паміж сям'ёй, кар'ерай і творчасцю?

— У мяне не было нават думкі, што я павінна пакінуць сцэну і ахвераваць кар'ерай актрысы. Усё адбылося неяк само сабой, натуральна. Дарэчы, з трыма дзеткамі я яшчэ працавала ў тэатры. Але калі нарадзілася чацвёртае, з дэкрату выходзіць не прыйшлося. Я ўспрыняла гэта спакойна, хоць і быў перыяд галоўных і цікавых для мяне роляў: Маргарыты па Булгакаву, Джульеты. Сям'я заўсёды на першым месцы, і я ні аб чым не шкадую. Тым больш, што па творчасці сумаваць не прыходзіцца. Пасля нараджэння пятага дзіцяці ўзнік асабісты сямейны інтэрактыўны тэатр "Горад сяброў". Ставім спектаклі для дзетак і дарослых. Магчыма, хутка з'явіцца пастаянная пляцоўка ў Цэнтры сучаснай драматургіі. Акрамя таго, час ад часу прымаю ўдзел у разавых праектах. З цікавасцю здымаюся  ў рэкламе, кіно, удзельнічаю ў спектаклях. Нядаўна здымалася ў рэкламным роліку для «Лайф». Дамоў вярнулася позна і знайшла на стале ежу і запіску. Раніцай Алівія сказала: "Мама, я так перажывала, што ты застанешся галоднай".  

— Вашы дзеці вучацца дома. Як вы паспяваеце быць яшчэ і настаўніцай?

— Мы знаходзімся на дыстанцыйным навучанні.  Гэта практыкуецца ў Расіі і яшчэ ў многіх краінах. Раз у год у любы  зручны час здаём тэсты па ўсіх прадметах. Я не кажу, што гэта панацэя, але ў хатняй адукацыі бачу больш плюсаў. Настаўніца ў класе не можа столькі часу ўдзяліць вучням. Я ведаю, як і што растлумачыць кожнаму са сваіх дзяцей. Адно маё дзіця усё успрымае на слых, другому трэба намаляваць, трэцяму — пратанчыць. І мы танчым, свяваем, малюем — у гэтым і ёсць эфектыўнасць.

Піліп ужо ў сёмым класе. Цалкам займаецца самастойна. Толькі па некаторых прадметах раз у тыдзень да яго прыходзяць выкладчыкі. Мне было вельмі прыемна, калі настаўніца па матэматыцы адзначыла, што ён мае добрую базу. Гэтую базу яму дала я, хоць сама і гуманітарый. 

Зараз для мяне больш складана заняць нашу малодшую Паўлінку, пака астатнія дзеці вучацца. На першым месцы для мяне гарманічныя адносіны ў сям'і, затым вучоба. Не менш важна ўсіх  накарміць, падтрымліваць чысціню і парадак. А яшчэ паспяваць і ў ролі вадзіцеля: дзяці наведваюць музычную школу і басейн. А па суботах у мяне бізнэс-школа... 

— Ці атрымліваецца  хоць на  некалькі хвілін перавесці дыханне?

— Гэта складана. Але я разважаю так: прыйдзе час, калі захочацца, каб хтосьці пакрычаў, патузаў, назваў мамай. А ў доме цішыня — усе выраслі і разляцеліся ў розныя канцы.  Вось тады і змагу заняцца сабой. А зараз у мяне ёсць самае важнае, каштоўнае і цёплае, тое, што прымушае біцца сэрца мацней і бязмерна радавацца жыццю, — сям'я!

Таццяна ШЫМКО

Фота аўтара і з асабістага альбома сям'і Харланчук

 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter