Прысталiчча

Газета Минского района

Жыццё ў музыцы і музыка ў жыцці



Гістарычны і культурны цэнтр нашай краіны – горад Заслаўе – стаў месцам правядзення чароўнага свята музыкі. Яго стварылі сумесна заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і таленавітыя юныя выканаўцы з Мінскай вобласці. Сярод іх былі і чатыры прадстаўнікі нашага раёна.
 
Падчас свята яны з поспехам удзельнічалі ўжо ў чарговым, шаснаццатым па ліку, конкурсе сярод вучняў дзіцячых школ мастацтваў «Заслаўскі сшытак». Таксама цікавай была і выстава «Спадчына», дзе прадставілі сучаснае беларускае ткацтва. Парадавалі гледачоў і канцэрты творчых калектываў знакамітага аркестра.
 
Конкурс жа праходзіў у Заслаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Перад яго пачаткам Міхаіл Фінберг адказваў на пытанні вучняў і сам іх задаваў ім. Народны артыст Беларусі распавёў слухачам, што кожны год яго аркестр праводзіць шмат фестываляў у розных кутках нашай Бацькаўшчыны. Успомніў, як сам вучыўся ў музычнай школе. Параіў дзецям развіваць слых і вельмі прафесійна ім карыстацца. На пытанне, якім чынам трапіць у яго аркестр, адказаў: «Умова выпрацавана гадамі: у першую чаргу – адукацыя, затым – досвед. Трэба шмат займацца, любіць музыку, краіну, народ, любіць і паважаць усіх музыкантаў, якія з табой працуюць. Разумець, што музыка для цябе – гэта жыццё… Вы павінны вучыцца, як іграць беларускую музыку, як яе патрэбна любіць, з якім сэрцам, і што мы павінны зрабіць для развіцця беларускай музыкі. Тут многа сакрэтаў».
 
Падчас творчага конкурсу дзеці аспрэчвалі званне быць найлепшымі ў трох узроставых намінацыях. Так, у малодшай групе быў Цімафей Юхо з Бараўлянскай дзіцячай школы мастацтваў. Ён самы юны выканаўца на конкурсе, яму ўсяго шэсць гадоў. Яшчэ ходзіць у дзіцячы сад. Атрымаў у горадзе Заслаўі дыплом «Надзея конкурсу». Мама Цімафея, Наталля, распавяла:
 
– Калі сыну было яшчэ тры гады, ён прыдумаў сабе скрыпачку – узяў кніжачку і палачку і пачаў голасам імітаваць гук гэтага музычнага інструмента. Браў вельмі высокія ноты. А калі наблізіўся дзень яго нараджэння, чатыры гадкі, сказаў: «Ніякіх падарункаў не трэба, толькі скрыпачку!» Прыйшлося купіць. Потым ён нешта адвольна іграў, і бліжэй да яго пяці гадоў мы прыйшлі да настаўніка Эльміры Паўлоўскай. Вельмі задаволены, што трапілі да такога выдатнага педагога, спадзяёмся, што ў нас усё атрымаецца. У такім вялікім мерапрыемстве, як «Заслаўскі сшытак», удзельнічаем першы раз. Уражанні выдатныя, усё новае, незвычайнае. На высокім узроўні.
 
Эльміра Паўлоўская, настаўніца Цімафея Юхо па класу скрыпкі, распавяла: «Я бачу «гарэнне» Цімафея. Нават быў у нас канцэрт для выпускнікоў, дзе ён казаў: «Я вельмі скрыпачку люблю. Жыць без яе не магу. І хачу хутчэй дарослым стаць, каб, як вы, на сцэне выступаць». Цімафей яшчэ выступаў на іншых канцэрцтах: першакласнікаў, на Нараджэнне Хрыстова. Вельмі прыгожа сыграў. У яго смага выразна іграць. Падчас выканання ён нават вібрыруе. Ёсць тыя, каго можна навучыць іграць, а ёсць тыя, у каго музыка знутры ідзе, калі ён хоча выказаць свае пачуцці». 
 
Радуе яшчэ той факт, што і ўсе тры дзяўчынкі з Мінскага раёна таксама былі заўважаны на конкурсе. Каця Карніевіч і Марыя Бірукова з Бараўлянскай ДШМ атрымалі дыпломы І і ІІ ступені адпаведна. Сафія Грушнік з Мачулішчанскай ДШМ – дыплом І ступені.
 
 
– Мне падабалася скрыпка, калі была яшчэ маленькай, – распавяла пра сябе Каця Карніевіч. – Падабаўся яе гук. Не першы раз удзельнічаю ў такім конкурсе, але заўсёды вельмі хвалююся перад выступленнем. А пасля, калі выступіла, мне вельмі добра. Я была ў Чэхіі на міжнародным конкурсе ў пазамінулым годзе, там заняла першае месца. Яшчэ танцую балет і сучасную харэаграфію.
 
– Пачала займацца скрыпкай з 8 гадоў, – паведаміла Сафія Грушнік. – Мяне адправіла вучыцца мама, таму што я вельмі любіла музыку і хацела хадзіць у музычную школу. І потым у мяне пачало ўсё атрымлівацца, я іграла маленькія творы. І ўжо ўдзельнічала і ў іншых конкурсах. Напрыклад, у міжнародным «Новыя вяршыні», дзе выступала з ансамблем і сола. Атрымала трэцюю прэмію.
 
Ала Салавей, настаўнік па класу скрыпкі, па­дзялілася: «Сафія сёння сыграла вельмі годна, займаецца з вельмі вялікай любоўю. Прыходзіць заўсёды падрыхтаваная, у яе добрыя адносіны да музычнага інструмента. Нават на выступленні скрыпку абняла. Стаўленне вельмі трапяткое. Я вельмі задаволена. Яна выступае на конкурсах, і ў мінулым годзе на раённым атрымала трэцюю прэмію. І на міжнародным таксама трэцюю прэмію».
 
А дзесяцігадовая Марыя Бірукова – з Валяр’янава, з вялікай сям’і. У яе бацькоў яшчэ дзве дачкі і два сыны. Вучыцца ў Бараўлянскай школе мастацтваў, куды перайшла год таму.
 
– Мне на конкурсе ў Заслаўі вельмі падабаецца. Утульна. І адчуваю дабрыню, – кажа Марыя. Дарэчы, яе знаёмства з віяланчэллю пачалося праз старэйшую сястру Міру, якая вучылася іграць на флейце.
 
– Музычны шлях наш напоўнены цікавымі сустрэчамі. Атмасфера Бараўлянскай музычнай школы мастацтваў выклікае такую прыхільнасць! Проста там кожны чалавек на сваім месцы. Артыстычныя, яркія асобы – настаўнікі. Дапамагаюць раскрыцца музычным талентам Марыі. І кожны такі конкурс і канцэрт, як у Заслаўі, нас вельмі радуе і натхняе, – падзялілася ўражаннямі мама Марыі Біруковай Марыяна. – І сёння такі добры дзень! Вельмі тут клапатлівыя арганізатары, адчуваецца цеплыня, гасціннасць заслаўскай школы, увага педагогаў. Усім вялікі дзякуй. Хочацца пажадаць усім раскрыць свае найлепшыя музычныя здольнасці, каб музыка – боскі пачатак – гучала на планеце. 
 
Вера КАРАНЕЦ

Оставить комментарий: