Прысталiчча

Газета Минского района

Вандроўкі ў мінулае маюць попыт



На выхадных у рамках Фэсту экскурсаводаў у Беларусі адбылося прыблізна тры сотні бясплатных экскурсій рознага кшталту – ад храмавых да роварных і квэстаў. Не абмінуў фестывальны рух і прысталічча. Турысты пабывалі ў Сёмкаве, Сёмкавым Гарадку. Шмат цікавага даведаліся ў Заслаўі. Там экскурсію «Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.» праводзіў кандыдат гістарычных навук экскурсавод Ігар Мельнікаў. Экскурсія аб’яднала і моладзь, і людзей сталага ўзросту. Шмат хто прыехаў са сталіцы. Як праходзіла вандроўка ў даваеннае савецка-польскае памежжа, пабачыла карэспандэнт «Прысталічча» і зрабіла выснову: экскурсійны турызм можа карыстацца попытам і яго варта развіваць, асабліва ў такіх населеных пунктах з багатай гісторыяй, як Заслаўе. 
 
Нядзеля. Раніца. На чыгуначнай станцыі Беларусь тоўпяцца людзі, усе ў добрым настроі, усміхаюцца адзін аднаму, знаёмяцца. Многія, як высвятляецца, прыехалі на экскурсію ў старажытны горад са сталіцы. Дакладна ў 11.30, як запланавана, пачынаецца вандроўка. Ігар Мельнікаў паўстае перад слухачамі ў форме савецкага памежніка, а памочнік экскурсавода – у форме жаўнера корпуса аховы памежжа.
 
Ігар Мельнікаў нагадвае, што ў 1921 годзе Беларусь была падзелена на дзве часткі паводле Рыжскага мірнага дагавора. Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. Усходняя – да бальшавіцкай Расіі. Мяжа паміж дзвюма дзяржавамі прайшла за 30–40 кіламетраў ад Мінска. Старажытнае Заслаўе засталося на савецкім баку. Менавіта ў той час чыгуначная станцыя горада атрымала назву «Беларусь».
 
– Справа ў тым, што гэта станцыя была перадапошняй буйной станцыяй перад Польшчай, – тлумачыць Ігар Мельнікаў.
 
Усяго паміж БССР і Польшчай, паводле слоў экскурсавода, у міжваенны перыяд існавалі чатыры памежныя чыгуначныя калідоры. Самы вядомы – пасажырскі: Коласава – Негарэлае, праз яго цягнікі з Парыжа накіроўваліся ва Уладзівасток. У Коласаве паэт Уладзімір Маякоўскі напісаў свае вершы пра савецкі пашпарт. Станцыя Беларусь уваходзіла ў памежны чыгуначны калідор Радашковічы – Аляхновічы. Накірунак таксама важны – на Вільню. 
 
Арыгінальны будынак чыгуначнай станцыі Беларусь не захаваўся. Ён быў драўляны. Але аўтары сучаснага заслаўскага вакзала абыгралі памежную тэматыку ў архітэктуры: назва станцыі змешчана ў арцы, якая нагадвае памежную браму. 
 
З’явілася мяжа, адпаведна – і патрэба ахоўваць яе і бараніць. У старажытным горадзе ствараецца 15-ы Заслаўскі памежны атрад. Па сёння захаваліся будынкі памежных казармаў і камендатуры. Экскурсавод спыняецца і паказвае іх. У камендатуры зараз крама, але планіроўка захавалася. У былых казармах сёння жывуць людзі.
 
Ігар Мельнікаў адзначае, што заставы польскіх памежнікаў стаялі за 15–20 кіламетраў ад Заслаўя. Улады Другой Рэчы Паспалітай для якаснай аховы мяжы з савецкай дзяржавай стварылі такую ваенізаваную службу, як корпус аховы памежжа. Таксама будавалі інфраструктуру. «Насупраць» Заслаўя знаходзіліся польскія памежныя заставы Кучкуны і Шапавалы.
 
Памежнікі актыўна змагаліся са шпіёнамі. І польскі, і савецкі бок выкарыстоўвалі ўсе магчымыя і немагчымыя рэсурсы, каб здабыць сакрэтную інфармацыю. Экскурсавод нават ужывае спалучэнне «вайна разведак». Ігар Мельнікаў расказаў аб працы ў польскіх архівах. Там ён знайшоў дакументы польскай разведкі, якія мелі дачыненне да Мінскага ўмацаванага раёна пад Заслаўем. З імі можна было азнаёміцца падчас экскурсіі. 
 
Асобная тэма – кантрабандысты. Пра аматараў лёгкай нажывы складзена шмат міфаў і легенд. Але здараліся і рэальныя гісторыі, што не могуць не ўражваць. Экскурсавод пераказаў аповед жанчыны, якая стала кантрабандысткай у пяць год – сама таго не ведаючы, дапамагла перавезці праз мяжу каштоўныя камяні. Сусед па вагоне папрасіў дзяўчынку патрымаць ляльку падчас перасячэння мяжы. Сказаў, каб не чапляліся жаўнеры. Маўляў, яны будуць распытваць, навошта мужчыну дзіцячая цацка. Такі абмен, трэба сказаць, часта практыкаваўся людзьмі: мужчыны аддавалі купленае жаночае адзенне жанчынам, а жанчыны мужчынскае – мужчынам. На ляльку сапраўды не звярнулі ўвагі. Калі мяжа была перасечана, кантрабандыст адвярнуў ляльцы галаву, і адтуль высыпаўся каштоўны груз. Малая ж за дапамогу атрымала дарагія цукеркі.
 
Экскурсавод дэманстраваў грошы, якімі разлічваліся кантрабандысты, – царскія залатыя «дзясяткі». Таксама актыўна карысталіся доларамі. Валюта хадзіла з абодвух бакоў мяжы. У 1938 годзе, прывёў прыклад Ігар Мельнікаў, НКУС у справаздачы пісаў, што ў Мінску назіраецца ўсплёск доларавай масы.
 
…Усім вельмі спадабаўся прапанаваны экскурсаводам інтэрактыў: жадаючыя маглі атрымаць пашпарт міжваеннага часу (савецкі, польскі, германскі, амерыканскі) і паставіць у ім пячатку аб перасячэнні мяжы. Чарга да савецкага (Ігар Мельнікаў) і польскага (калега Дзмітрый) памежнікаў вырасла вялікая. Цікава, што пры ўездзе ў савецкую дзяржаву ва ўсе пашпарты, у тым ліку і замежныя, ставілася пячатка з надпісам «Возвращается на Родину». Таксама можна было атрымаць квіток на цягнік. Квіткі, дарэчы, вельмі маленькія, падобныя на сучасныя квіткі на праезд у гарадскім грамадскім транспарце. 
 
Падчас экскурсіі «Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.» турысты таксама наведалі былую рынкавую плошчу старажытнага горада, паслухалі гісторыю гераічнай абароны Заслаўя ў 1941 годзе, у якой удзельнічалі памежнікі. Пасля наведалі музей «Дот», могілкі, аддалі даніну памяці вартаўнікам мяжы, што мужна змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і загінулі. 
 
Тры «з хвосцікам» гадзіны экскурсіі праляцелі незаўважна. Задаволеныя, але крыху стомленыя турысты не спяшаліся вяртацца ў сталіцу, вывучалі старажытны горад, адпачывалі на прыродзе і ў мясцовых кафэ. Відавочна, што такое баўленне вольнага часу зараз запатрабавана. Людзі праяўляюць цікавасць да гісторыі і гатовы вандраваць, наведваць экскурсіі. Экскурсійны турызм можа карыстацца попытам, і яго варта развіваць, асабліва ў глы­бінцы.

Комментарии:

  1. Зяма
    /Ответить

    Няхай гэту экскурсавод распавядзе як пілсудчыкі і бальшавікі ў памежжы праводзілі карныя рэйды супраць беларускіх паўстанцаў.

Оставить комментарий: