Официально

Регион

Новости Беларуси

 
©БЕЛТА

А ў Паліны і Ульяны абед збалансаваны?

Здароўе дзяцей – актуальная праблема для любога грамадства.  Адзін  з найважнейшых яе аспектаў – харчаванне. Нядаўні наш артыкул пра арганізацыю дадзенага працэсу ў дашкольных установах Мінскага раёна  выклікаў шырокі рэзананс, асабліва сярод бацькоў. У адрас рэдакцыі пасыпаліся пытанні, якія тычыліся якасці, выканання санітарных норм і правіл, а таксама платы за харчаванне. Сітуацыю пракаменціравалі ў Мінскім раённым выканаўчым камітэце.

У прысталічным раёне налічваецца 92 установы адукацыі, сярод якіх 49  дашкольных. Арганізацыяй харчавання займаюцца непасрэдна кіраўнікі школ і дзіцячых садоў. З аднаго боку гэта дасканалы кантроль працэсу, а з другога – павышаная адказнасць і мноства дадатковых задач, звязаных, напрыклад, з захаваннем прадукцыі, яе своечасовай транспартнай дастаўкай, правядзеннем лабараторных даследаванняў і г. д.

– Адной з сур’ёзных праблем з’яўляецца неадпаведнасць грашовых норм і ўзроставых фiзiялагiчных сутачных патрэбнасцей, – адзначае Сяргей Алейчык, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама. – Таму прыярытэтная задача для кожнага кіраўніка  ў сферы адукацыі – зніжэнне кошту харчавання з улікам яго паўнацэннасці. 

Як жа вырашаецца дадзенае пытанне? Па-першае, узаемадзеяннем з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Кіраўнікі і калектывы ўстаноў адукацыі выязджаюць на ўборку ўраджаю, каб забяспе-

чыць сваіх выхаванцаў бясплатнай гароднінай і садавіной. Тут асаблівая заслуга агракамбіната «Ждановічы», які круглы год пастаўляе для дзятвы прысталічча высакаякасную, карысную і галоўнае – натуральную прадукцыю. Па-другое, кіруючыся Законам аб закупках, супрацоўніцтвам у першую чаргу з мясцовымі вытворцамі, з тымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, у якіх адсутнічае нацэнка і ёсць магчымасць рацыянальнай дастаўкі прадукцыі на месца. Такі расклад, як кажуць, ідэальны. Але на самай справе ўсё куды  больш складана. І спецыялістам даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў, каб нейкім чынам устанавіць баланс паміж матэрыяльным і нарматыўным аспектамі і забяспечыць бесперабойны лагістычны працэс.  

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №317  на харчаванне дзяцей дашкольнага ўзросту дзяржавай устаноўлены і грашовыя нормы (у беларускіх рублях). 

Для дашкольных устаноў адукацыі з працягласцю знаходжання да 12 гадзін:   

Для дашкольных устаноў адукацыі з працягласцю знаходжання да 10 з паловай гадзін: сад  – 2 рублі 61 капейка,  яслі – 2 рублі 6 капеек. 

Няўжо за такія грошы магчыма пакарміць дзіця дома чатыры разы? Ці адважыцца хто-небудзь з бацькоў на такі эксперымент, каб даказаць, што гэта рэальна?..

– Якасць харчавання напрамую залежыць таксама і ад матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў, – працягвае Сяргей Васільевіч. – Таму значная колькасць сродкаў раённага бюджэту накіроўваецца менавіта на абнаўленне тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, посуду і разнастайных кухонных прылад. З упэўненасцю магу сказаць, што сёння якасць харчавання поўнасцю адпавядае СТБ і нормам, устаноўленым заканадаўствам.  

Для забеспячэння кантролю за арганізацыяй харчавання ва ўстановах адукацыі створаны саветы і спецыяльныя камісіі. З боку аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама дадзены кантроль ажыццяўляецца ў першую чаргу інжынерам-тэхнолагам.  

– Сёння наша асноўная задача – забяспечыць рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, каб прадукты былі свежымі і якаснымі, каб у дзяцей фарміраваліся навыкі здаровага ўкладу жыцця, – адзначае Людміла Прахарчук, інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама. – Таму пры арганізацыі харчавання   ўлічваюцца ўзроставыя фiзiялагiчныя нормы сутачнай патрэбнасці ў асноўных харчовых рэчывах, якія  рэгламентаваны Санітарнымі нормамі і правіламі «Патрабаванняў да ўстаноў дашкольнай адукацыі», а таксама пастановай Савета Міністраў №126. Кіравацца гэтымі дакументамі павінны і дзяржаўныя, і прыватныя ўстановы.

Нормы на стале

Харчаванне ў дзіцячым садзе чатырохразовае: сняданак, абед, падвячорак, вячэра. Прыкладны рацыён складаецца на 10–14  дзён з улікам норм для дзяцей розных узростаў: да 3-х гадоў і з 3-х да 6 гадоў, а таксама вытрымліваецца баланс бялкоў, тлушчаў і вугляводаў (1:1:4). На аснове гэтага медыцынскай сястрой або справаводам сумесна з работнікамі кухні складаецца штодзённае меню, дзе пазначаны назва стравы і аб'ёмы порцый для дзяцей розных узроставых груп. Як правіла, штодзённае меню вывешваецца на інфармацыйным стэндзе побач з харчаблокам. 

Дарэчы, аналіз паказвае, што некаторыя нормы завышаныя: напрыклад, малако – 400 грамаў у суткі, хлеб – 120–180 грамаў у суткі. Таму спецыялісты не раз звярталіся ў Міністэрства аховы здароўя з прапановай аб  іх карэкціроўцы.  

А што з аб’ёмам порцый?

Дзённы аб'ём ежы і аб'ём порцый на кожнае кармленне разлічваецца з улікам узросту і колькасці дзяцей. Аб'ём порцый абавязкова адлюстроўваецца ў меню, якое штодня могуць бачыць бацькі на спецыяльных інфармацыйных стэндах, размешчаных у кожнай адукацыйнай установе.

– Асаблівую ўвагу хацелася б звярнуць на прычыны невыканання норм па аб’ёму порцый, – падкрэслівае Людміла Канстанцінаўна. – У першую чаргу гэта колькасць дзяцей. Яна ўвесь час вар’іруецца, таму сёння трэба весці мэтанакіраваную работу сярод бацькоў. Яны плацяць за харчаванне сто працэнтаў, таму калі дзіця захварэла ці не пайшло ў сад, трэба патэлефанаваць і папярэдзіць пра гэта, каб не ўзнікала непаразуменняў рознага кшталту. Напрыклад, на сняданак зрабілі тварожную запяканку для 100 дзяцей, а ўсіх прыйшло 110.  У кожнай порцыі 150 грамаў, дзяцей на 10 больш, значыць, кожны атрымае запяканку вагой 135–140 грамаў. Альбо катлету не 80 грамаў, а 70–75 (дарэчы, гэты паказчык у межах нормы).  Мне хочацца яшчэ раз засяродзіць увагу і кіраўнікоў, і педагогаў на неабходнасці наладжвання больш цеснага кантакту з бацькамі – двухбаковага і канструктыўнага дыялогу.  

Здаровая страва

Ежа гатуецца непасрэдна на харчаблоку і рэалізоўваецца на працягу дзвюх гадзін. Пасля таго як стравы раздадзены па групах, на харчаблоку нічога не застаецца, пачынаецца прыгатаванне ежы на наступнае кармленне. Спосабы прыгатавання страў адпавядаюць прынцыпам зберагальнага  харчавання. Гэта варка, прыпусканне, параварка, тушэнне, запяканне. Смажанне страў выключаецца.  

Дзейнічае і сістэма праверкі якасці прыгатавання ежы. Яе выдача ажыццяўляецца толькі пасля  кантролю бракеражнай камісіі ў складзе повара, прадстаўніка адміністрацыі ўстановы, медыцынскага работніка. Бракеражная камісія праводзіць  штодзённую ацэнку гатовай ежы (колер, пах, смак, кансістэнцыя, сакавітасць і г. д.), а таксама правярае адпаведнасць аб'ёмаў прыгатаванага харчавання, разавых порцый і колькасці дзяцей. 

 Ядзім дома

Для бацькоў заўсёды вывешваецца меню выхаднога дня – каб дзеці і дома атрымлівалі збалансаванае харчаванне. 

За мінулы перыяд 2018 года было праверана 30 устаноў адукацыі. Недахопы знойдзены толькі ў трох, у астатніх якасць і выкананне даведзеных дзяржавай норм знаходзяцца на ўзроўні 92 працэнтаў. Дастатковы гэты паказчык ці не – вырашаць вам, шаноўныя бацькі. Проста не забывайце аб тым, што за смачным сняданкам ці вячэрай стаіць праца вялікай колькасці людзей, якія лічаць сваім абавязкам выхаваць у  вашых дзяцей культуру здаровага харчавання, навыкі самаабслугоўвання і гігіены, забяспечыць іх нармальны рост і развіццё.  

Ксенія ЦІХАН 

 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter