Официально

Регион

Новости Беларуси

 
©БЕЛТА

Анатолій Ісачанка: «Галоўнае – сумленна працаваць»

Першая выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Анатолія Ісачанкі сабрала прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў Жодзіне. У складзе дэлегацыі падарожнічала і галоўны рэдактар газеты «Прысталічча» Наталля Мальцава. Па традыцыі журналісты наведалі шэраг мясцовых прадпрыемстваў (РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробству», ААТ «Світанак», ААТ «БЕЛАЗ» і інш.) і змаглі пераканацца ў перспектыўнасці развіцця навуковых і прамысловых аб’ектаў горада.
 
Жодзіна – горад абласнога падпарадкавання ў паўночна-ўсходняй частцы Мінскай вобласці, у якім пражывае больш за 60 тысяч чалавек. Адлегласць да сталіцы ўсяго 50 кіламетраў, да Барысава – 12, да райцэнтра Смалявічы – 20. Праз Жодзіна праходзіць чыгуначная магістраль, а таксама аўтамабільная траса Брэст – Масква.
 
Дзейнасць прамысловага комплексу горада забяспечваюць звыш 255 прадпрыемстваў, з якіх 32 – дзяржаўныя, 19 – акцыянерныя, 188 – прыватныя, 15 – сумесныя, 1 – замежнае і 750 прадпрымальнікаў. 
 
Дынамічна развіваюцца сацыяльная сфера, сфера гандлю і паслуг. Жодзіна – горад навукі і адукацыі: дзейнічаюць 7 сярэдніх школ, жаночая гімназія, ліцэй, 2 пачатковыя школы, палітэхнікум, цэнтр прафесійнай адукацыі, школа-інтэрнат. У гандлёвую сетку ўваходзяць 79 магазінаў (20 дзяржаўных і 9 прыватных), а таксама 73 кропкі грамадскага харчавання. У сістэме аховы здароўя дзейнічаюць 3 паліклінікі і 1 бальніца. 3 спартшколы, амаль 50 спартыўных аб’ектаў, міні-басейны, пляцоўкі, аздараўленчы комплекс «БЕЛАЗ» таксама чакаюць гасцей і жыхароў горада.
 
Жодзіна прываблівае турыстаў. У горадзе 20 помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх знакаміты манумент «Маці-патрыётка» (правобразам паслужыла Настасся Купрыянава, якая не дачакалася з вайны 5 сыноў), брацкія магілы партызан і салдат, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама мемарыяльныя дошкі ў гонар вучоных і падпольшчыкаў. 
 
Жодзіна – пераможца абласнога эканамічнага спаборніцтва ў 2000 годзе, а таксама лідар па аздабленню горада і будаўніцтву новых жылых комплексаў. Сёння Жодзіна – сучасны буйны цэнтр прамысловасці, навукі і культуры, прывабны для моладзі і перспектыўны для інавацый.
 
Прамысловы гігант
 
У Жодзіне размешчаны адзіны ў СНД завод па вытворчасці магутных самазвалаў-гігантаў – Беларускі аўтамабільны завод (БЕЛАЗ). Гэта легендарнае прадпрыемства, прадукцыю якога ведаюць ва ўсім свеце. Вось ужо больш за паўстагоддзя аўтамабілі «БЕЛАЗ» з’яўляюцца адной з «візітных картак» Беларусі. Завод спецыялізуецца на выпуску велікагрузных кар'ерных самазвалаў, прызначаных для выкарыстання ў адкрытых распрацоўках радовішчаў скальных, рудных парод, вугалю. Таксама прадпрыемства выпускае магутную будаўнічую тэхніку, аэрадромныя цягачы.
 
Агранамічная навука
 
Толькі за апошняе дзесяцігоддзе селекцыянерамі РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробству» створана больш за 170 новых сартоў збожжавых, зернебабовых, кармавых і тэхнічных культур. Генеральны дырэктар цэнтра Фёдар Прывалаў расказаў аб дзейнасці вучоных-аграрыяў і пра перспектывы развіцця агранамічнай навукі ў рэспубліцы. Прадстаўнікі СМІ змаглі ўбачыць навуковыя лабараторыі, а таксама святая святых цэнтра – велізарную калекцыю насення Нацыянальнага генетычнага фонду гаспадарча карысных раслін.
 
Black and white street
 
Падчас экскурсіі па ААТ «Світанак» журналісты пазнаёміліся з арганізацыяй работы прадпрыемства, а таксама змаглі палюбавацца новымі калекцыямі адзення: для дзяцей («Гульня ў хованкі»), для заняткаў спортам (бачылі нават мадэлі, у якіх будуць фарсіць беларускія алімпійцы ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане), вячэрніх туалетаў для слабай паловы чалавецтва (Black and white street).
 
Са сваім катком
 
Асабістая лядовая арэна з’явілася ў Жодзіне ў 2015 годзе (дарэчы, узводзіла яе ААТ «Будтрэст №3 ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі»). Працуе каток амаль круглы год, закрываецца толькі на прафілактычныя работы. Адначасова можа прыняць каля 40 чалавек. Ёсць і кафэ на 50 месцаў. А самае галоўнае – дэмакратычныя цэны на пракат канькоў!
 
Алея ліхтароў
 
Пешаходная дарожка па праспекце Міру аздоблена незвычайнымі ліхтарамі з арыгінальным дызайнам ад прадпрыемстваў горада. Адзін, напрыклад, – у форме экскаватара, другі – Месяц з зоркамі. Яшчэ адна цікавая канструкцыя – крэсла-скарбонка каля ліхтара Жодзінскай ЖКГ з надпісам: «Кінь манетку – загадай жаданне». І гараджане, і госці з задавальненнем тут фатаграфуюцца і думаюць пра самае патаемнае…
 
Мінскі раён праз прызму развіцця Мінскай вобласці
 
Падчас прэс-канферэнцыі старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Міхайлавіч Ісачанка расказаў аб перспектывах развіцця прысталічнага рэгіёна.
 
Сёння Мінскі раён паступова ператвараецца ў так званы спальны раён сталіцы. Таму прадстаўнікоў СМІ, канешне ж, хвалюе пытанне яго дынамічнага развіцця. Большая частка жыхароў прысталічча працуе ў Мінску, натуральна, падаткі адлічваюцца па месцы працы. Разам з тым на «прамую лінію» Мінскага аблвыканкама часцей за ўсё звяртаюцца менавіта з бліжэйшых населеных пунк-
таў сталіцы са скаргамі на дрэнныя дарогі, адсутнасць вулічнага асвятлення, перапоўненыя дзіцячыя сады і школы, чэргі ў паліклініках і адсутнасць урачоў вузкай спецыялізацыі. І так атрымліваецца, што ўсе гэтыя пытанні кладуцца на плечы мясцовых улад. Зразумела, сродкаў для іх вырашэння ў раёна не хапае. У такім выпадку, можа, частку клопатаў неабходна ўзяць на сябе сталічным уладам? Напрыклад, разгледзець пытанне аб узаемадзеянні Мінскага гарвыканкама і Мінскага аблвыканкама ў добраўпарадкаванні прысталічнага рэгіёна?
 
– Наша задача – утрымліваць тое, што знаходзіцца ў Мінскім раёне, – адзначыў губернатар. – Сапраўды, многія працуюць у сталіцы, але не менш людзей едуць і ў гарады-спадарожнікі – Смалявічы, Дзяржынск і іншыя. Безумоўна, праблема транспарту, недахопу месцаў у дзіцячых садах і школах, многія іншыя пытанні ляжаць на паверхні, і мы абавязкова будзем іх вырашаць, паступова, не спяшаючыся. У вобласці амаль пяць тысяч дзетак чакаюць месцаў у дашкольных установах. Напрыклад, у Бараўлянах пачнём будаваць адразу два садкі. Дарэчы, чую шмат нараканняў, што існуе пытанне з эколагамі. Запэўніваю, гэта абсалютная хлусня. Працэс 
ідзе згодна з заканадаўствам. 
 
У мінулым годзе пачалі добраўпарадкаванне Калодзішчаў. На жаль, зрабілі не ўсё, што абяцалі людзям, па розных прычынах. Без сумненняў, сёлета грошы будуць выдзелены і завершана ўсё неабходнае. 
 
Што да супрацоўніцтва паміж ведамствамі, дык трэба сказаць вялікі дзякуй Мінскаму гарвыканкаму за падтрымку і дапамогу ў розных напрамках. І гэта датычыцца не толькі добраўпарадкавання. Да 80-годдзя Мінская вобласць па рашэнню гарадскіх улад атрымала новы свінакомплекс. Я спадзяюся, што і надалей мы будзем працаваць у ключы адкрытага ўзаемавыгаднага дыялогу.
 
Фота Святланы Курэйчык

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter