Прысталiчча

Газета Минского района

Калі на Беларусі наступалі халады…



Або колькі трэба намаганняў, каб «вырасціць» аддзенне

Вячоркі – даўні звычай вясковых дзяўчат збірацца асеннімі і зімовымі вечарамі за працай у адной хаце. Падчас пасядзелак яны пралі, вышывалі, сумяшчаючы свой занятак з гутаркай і спевамі. Работнікі музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы аднавілі адзін з такіх вечароў. Была арганізавана выстава «Беларускі лён», і кожны ахвотны мог даведацца пра тое, як нашы продкі вырошчвалі лён, апрацоўвалі яго і рыхтавалі пражу.

Вячоркі былі адметнай з’явай грамадскага побыту сялянскай моладзі шлюбнага ўзросту і служылі сродкам працоўнага і эстэтычнага выхавання. Зразумела, што гэта традыцыя мінуўшчыны, яна не характэрна для нашых дзён. У музеі ж давялося ўбачыць рэканструкцыю вячорак і адчуць, як жыла сялянская моладзь у былыя часы.

Калі пачыналіся вячоркі

Восеньскае свята Пакровы адзначаецца 14 кастрычніка. Гэты дзень, як лічылі нашы продкі, падзяляў год на дзве паловы: больш цёплую і халодную. Да Пакроваў людзі працавалі на поле, збіралі ўраджай, пасвілі хатнюю жывёлу, засылалі сватоў, спраўлялі заручыны. Пасля – гулялі вяселле, а работай ужо займаліся ў памяшканні.

Напрыклад, мужчыны абмалочвалі снапы ў драўляным гаспадарчым збудаванні – гумне. Сабраныя снапы прывозілі з палёў, рассцілалі на таку з гліны ці зямлі. Раскладвалі роўна, каласок да каласка, бралі цапы і малацілі снапы, каб аддзяліць зерне ад саломы.

Калі мужчыны абмалочвалі снапы, займаліся рознымі рамёствамі, плялі лапці, то іх гаспадыні пралі, ткалі, шылі фартухі, кашулі і іншае аддзенне. Рабілі таксама прыгожыя ручнікі і абрусы.

Значнасць лёну

Лён вядомы з часоў старажытнага Егіпта. На тэрыторыі Беларусі гэтая культура распаўсюджана ў асноўным на Віцебшчыне і на поўначы Магілёўшчыны: там найбольш спрыяльны клімат для яе вырошчвання.

З ільну на працягу стагоддзяў нашы продкі выраблялі шмат карысных рэчаў. Так, с перапрацаванага сцябла атрымлівалі валакно. Пралі кудзелю, ткалі палатно і шылі аддзенне. З насення выціскалі алей. Тое, што заставалася пасля апрацоўкі таксама выкарыстоўвалася. Напрыклад, жамерынамі кармілі жывёлу, або ўжывалі іх як лекавы сродак. Кастрыцу засыпалі ў шчыліны паміж бярвеннем для ўцяплення хат і іншых пабудоў і г. д.

Асаблівасці вырошчвання і збора

Лён сяляне высаджвалі ў маі, але свае работы суадносілі з фазай месяца. Існавала прыкмета: калі на небе поўня – засекі таксама будуць поўныя. Калі месяц малады – чакай вельмі сціплага ўраджаю. Мела значэнне, у які дзень тыдня пачынаць працу. Напрыклад, серада і чацвер лічыліся «чарвівымі», таму што ў іх назвах ёсць літара «р». У такія дні не рэкамендавалася выходзіць у поле. Больш спрыяльнымі былі пятніца, субота.

Перад працай апраналіся ва ўсе белае, чыстае, каб быў добры ўраджай, без пустазелля. Лён высявалі менавіта мужчыны – у адной кашулі, без верхняй вопраткі. Гэта рабілася для таго, каб расліна больш урадзіла.

Лён убіралі з поля ў жніўні. Раскладвалі на палях, лугах, на адкрытай мясцовасці – дзе была магчымасць. Ён ляжаў пад дажджом, абсушваўся сонцам і рабіўся больш эластычнам – такім яго прасцей апрацоўваць. Падсушаныя снапы абмалочвалі, каб аддзяліць галоўкі з насеннем. Пасля заставалася адно сцябло.

Сцябло замочвалі ў балотах, азёрах, рэчках. Нават проста ў лужыне. Зверху прыціскалі якім-небудзь бервяном, каб яно добра-добра прамачылася. Гэта таксама рабілася для большай эластычнасці сыравіны.

Церніца (мялка). Гэта прылада, з дапамогай якой труць лён. Рухомай часткай церніцы (білай) малацілі лён. Трэба было апрацоўваць доўга, энергічна. У працэсе было відаць, як праступаюць валокны

Потым лен трапалі ды часалі. Часалі на грэбнях. У працэсе аддзялялася кастрыца.

Грэбні маглі быць з драўлянымі зубчакамі ці жалезнымі. Драўляныя – больш старажытны, распаўсюджаны варыянт, а жалезныя у даступным варыянце для людзей рабілі кавалі ў вёсках пазней

Кудзелю, якую атрымлівалі пасля часання, замацоўвалі на прасніцы. У адну руку праха брала верацяно, другой рукой выцягвала з кудзелі нітку, скручвала яе і наматвала на верацяно.

Падчас работы рукі часта змачвалі вадой, каб прасцей было наматваць нітку на верацяно. Потым яе трэба было прасушыць

Тут прадстаўлены розныя варыянты матавіл. Гэта прыстасаванні, на якія накручвалі вільготную нітку. У такім стане яе сушылі

Побач стаіць драўляная бочка – жлукта. У ёй мылі рэчы, замачвалі ніткі, тканіну, каб з’явіўся колер. Каб пафарбаваць тканіну, яе залівалі настоямі, адварамі траў або карэньчыкаў, кары дрэў, дадавалі некаторыя кветкі, а таксама маліны, чарніцы. У канцы маглі замачваць усё ў квасе, які замацоўваў колер нітак і тканіны (так ён даўжэй заставаўся насычаным).

Прасушаную нітку прамотвалі на сноўніцы. На сцяне можна заўважыць каўкі разам з ніткамі. На сноўніцы рабіліся ніткі аднолькавай даўжыні. Калі ведаць пэўную колькасць даўжыні і колькасць нітак, іх можна сплесці ў касу і так захоўваць. Калі трэба было заправіць кросны, то бралі з гэтай касы, напрыклад, адну пасму. Такім чынам, вызначалася, колькі нітак запраўляецца ў ткацкі станок.

Ткацкі станок, які называлі “кросны”.

Ніткі трэба было накруціць на навоі і прапусціць праз ніты – палачкі. Майстрыхі ведалі, якім чынам прапускаць ніткі праз ніты – ад гэтага залежаў узор, што яны выраблялі. Сам працэс ткацтва дастаткова просты.

Лізавета МАЗУРЧЫК

 

Оставить комментарий: